Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: ва Ўкраіне зьявіўся вязень сумленьня


Ва Украіне ўжо пасьля рэвалюцыйных падзей зьявіўся вязень сумленьня, заяўляюць у праваабарончай арганізацыі Amnesty International, якая апублікавала сваю штогадовую справаздачу.

У справаздачы станоўча ацэньваюць прагрэс сьледзтва аб злачынствах супраць удзельнікаў Майдану і прыняцьце закона аб Дзяржаўным бюро расьсьледаваньняў, аднак зьвяртаецца ўвага на шэраг парушэньняў правоў чалавека — як на кантраляванай Кіевам, гэтак і на непадкантрольнай тэрыторыі. Увогуле грэбаваньне правамі чалавека уладай шэрагу дзяржаў дзеля кароткатэрміновых выгадоў або «патрэбаў бясьпекі», праваабаронцы лічаць адным з асноўных трэндаў 2015 году.

Мінулы год пачаўся з абвастрэньня канфлікту на ўсходзе Украіны, у часе якога абодва бакі рабілі ваенныя злачынствы, гаворыцца ў справаздачы Amnesty International. Сярод іншага, экспэрты арганізацыі заяўляюць аб жорсткім абыходжаньні з палоннымі.

Акрамя таго, праваабаронцы паказваюць на адсутнасьць эфэктыўнага расьсьледаваньня шасьці выпадкаў зьнікненьняў крымскіх татараў і аднаго пацьверджанага выпадку выкраданьня, катаваньняў і забойства ў Крыме. Таксама ў справаздачы крытыкуюць судовы працэс над грамадзянамі Украіны Алегам Сянцовым і Аляксандрам Кольчанкам, якіх незаконна перавезьлі ў Растоў-на-Доне і судзілі, сфабрыкаваўшы справу, паводле расейскіх законаў.

Канфлікт на Данбасе стаў вызначальным фактарам для палітыкі ў галіне правоў чалавека як ва Ўкраіне, так і ў Расеі, распавёў у камэнтары для Радыё Свабода Дзяніс Крывашэеў, намесьнік дырэктара Amnesty International па Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

«У Расеі мы бачылі крымінальны перасьлед людзей, якія крытыкавалі палітыку Пуціна ў дачыненьні да Украіны ў інтэрнэце. Людзі, якія вялі блогі або распаўсюджвалі крытычныя матэрыялы, апыналіся за гэта перад судом. І гэта — знак для ўсіх: калі ты хочаш крытыкаваць расейскую палітыку ў дачыненьні да Ўкраіны, вось што з табой здарыцца», — распавядае прадстаўнік Amnesty international.

Між тым, па Ўкраіне Крывашэеў паказвае на пэўнае абмежаваньне свабоды слова.

«Журналіст Алесь Бузіна, вядомы сваімі прарасейскімі поглядамі, быў забіты. Яшчэ адзін, Руслан Кацаба, які публічна крытыкаваў вайну на ўсходзе і мабілізацыю, апынуўся за кратамі. Яго цяпер судзяць за дзяржаўную здраду, і ён зьяўляецца першым чалавекам ва Ўкраіне за пяць гадоў, каго мы прызналі вязьнем сумленьня», — кажа Крывашэеў.

Amnesty International у сваёй справаздачы перасьцерагае ад абясцэньваньня паняцьця «правоў чалавека», якому прадстаўнікі ўлады шэрагу дзяржаў супрацьпастаўляюць паняцьце «нацыянальная бясьпека». Дзяніс Крывашэеў кажа:

«Мы глядзім на сьвет, у якім правы чалавека — у сур’ёзнай бядзе. Мы бачым парушэньні правоў чалавека па ўсім сьвеце, але таксама і тое, што інстытуты, закліканыя іх абараняць, самі цяпер пад пагрозай».

Праваабаронцы заяўляюць аб ваенных злачынстваў мінімум у 18 краінах, і аб прымяненьне «сілавікамі» катаваньняў яшчэ ў прыблізна сотні дзяржаваў. У больш як трыццаці краінах, паводле дадзеных арганізацыі, незаконна адмовілі ў прытулку уцекачам, прымусіўшы іх вяртацца туды, дзе ім пагражае небясьпека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG