Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Расеі і Ўкраіны дамовіліся аднавіць грузавыя аўтаперавозкі


У паведамленьні міністэрства транспарту Расеі гаворыцца, што грузавы рух адновіцца апоўначы ў ноч на 25 лютага.

Тое, што дамоўленасьць дасягнутая, з украінскага боку пацьвердзіў прэм’ер-міністар Арсень Яцанюк.

Паводле яго, абмежаваньні на рух расейскіх грузавікоў па тэрыторыі Ўкраіны былі адказам на аналягічную забарону, уведзеную Расеяй для ўкраінскіх фур. Цяпер, як сьцьвярджае Яцанюк, расейскі бок згадзіўся зьняць усе абмежаваньні, і ўкраінскія ўлады адказалі узаемнасьцю.

Транзыт расейскіх грузавікоў у Эўропу праз Украіну перапыніўся пасьля таго, як 1 лютага актывісты з Закарпацкай вобласьці Ўкраіны абвясьцілі бестэрміновую акцыю па блякаваньні расейскіх фур. Неўзабаве да іх далучыліся актывісты ўкраінскага руху «Аўтамайдан», якія заблякавалі рух грузавікоў з расейскімі нумарамі каля беларуска-ўкраінскай мяжы.

У адказ на гэта расейскае Міністэрства транспарту 14 лютага заявіла, што прыпыняе рух украінскіх грузавікоў па Расеі. На наступны дзень ўрад Украіны афіцыйна абвясьціў аб часовым спыненьні транзытных перавозак грузавымі аўтамабілямі, зарэгістраванымі ў Расеі.

XS
SM
MD
LG