Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У краінах Цэнтральнай Азіі — небывалы ажыятаж вакол савецкіх спартовых гір-неваляшак.

На сайтах аб’яваў і сацыяльных сетках за адзін такі снарад прапануюць да 10 тысяч даляраў. Знаходзяцца і тыя, хто гатовы аддаць за гіру цэлы дом пад Астаной.

Пасьля зьяўленьня такіх аб’яў многія жыхары Казахстану рынуліся ў крамы купляць гіры у надзеі зарабіць грошы ад перапродажу.

Аб павышанай цікавасьці да савецкіх гіраў паведаміў трэнэр фітнэс-клюбу ў горадзе Акту. Зацікаўленых было шмат, некаторыя пакупнікі прапаноўвалі за адзін такі снарад ад $700, заявіў ён у інтэрвію тэлеканалу КТК.

У Мангістаўскай вобласьці Казахстану нават былі выпадкі крадзяжу гір з прыватных дамоў. Паліцыя распачала крымінальную справу і шукае злачынцу.

Аднак, інфармацыі пра выпадкі, калі людзі зарабілі на такіх зьдзелках, пакуль няма. Але ёсьць гісторыі пра людзей, якія купілі гіры дорага і да гэтага часу ня могуць іх перапрадаць.

«Я дзьве гіры купіў — адну за 40 тысяч тэнге ($ 110), другую за 55 тысяч тэнге ($ 150) — у знаёмых. Хацеў за 10 тысяч даляраў прадаць іх потым праз інтэрнэт... А потым зайшоў у інтэрнэт — той аб’явы ўжо няма, і тэлефон, на які я тэлефанаваў, недаступны,» — цытуе жыхара пасёлка Баскудук сайт Lada.kz.

Сёньня многія паведамленьні аб тэрміновай куплі гір за казачныя грошы ўжо выдаленыя. А аб’яў аб продажы снарадаў — хоць адбаўляй.

Усяму віной распаўсюджаны сярод насельніцтва слых, што ў некаторых гірах савецкай вытворчасьці ўтрымліваецца каштоўны мэтал (магчымая першакрыніца гэтага слыху — кніга Ільфа і Пятрова «Залатое цяля», апублікаваны яшчэ ў 1931 годзе). Хто стаіць за ўсім гэтым у XXI стагодзьдзі — ніхто растлумачыць ня можа. Мясцовыя СМІ мяркуюць, што гэта клясычная афёра махляроў.

Месяц таму аналягічная сытуацыя назіралася ў іншай цэнтральнаазіяцкай краіне — Таджыкістане. Там ананімныя пакупнікі ў сацыяльных сетках таксама прапаноўвалі за спэцыфічны тып спартовых да 10 тысяч долараў.

«Патрэбныя гіры-неваляшкі, ніз акруглены. Калі ў вас тое, што нам трэба, мы гатовыя заплаціць больш як 50 тысяч самоні ($ 6000). Мы не пасярэднікі, мы працуем наўпрост з тымі, хто бярэ гэтыя гіры», — цытуе аднаго з пакупнікоў Таджыкская служба Радыё Свабода.

Усе спробы журналістаў сустрэцца з пакупніком не ўвянчаліся посьпехам — ён разам з аб’явай бясьсьледна зьнік.

Таджыцкія сацыёлягі лічаць, што прычына зьяўленьня такога роду зьяў у грамадзтве — нізкі ўзровень прававой эканамічнай граматнасьці, а таксама крызіс і складанае матэрыяльнае становішча насельніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG