Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выяўлены доўгі сьпіс парушэньняў, вынесеныя 28 актаў пракурорскага нагляду. Справы ўзятыя Генпракуратурай на кантроль, але пакуль нікога не пасадзілі. Ды нагадалі, што ўжо садзілі.

Генэральная пракуратура Беларусі абнародавала пастанову аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства па барацьбе з карупцыяй у Міністэрстве гандлю.

У пастанове прыводзіцца велічэзны сьпіс парушэньняў, па якіх Мінгандлю рэкамэндавана «прыняць вычарпальныя меры», разгляд парушэньняў міністэрствам узяты Генпракуратурай пад кантроль. Гэта, паводле Генпракуратуры, стала вынікам непрыняцьця службовымі асобамі комплексу мераў па прадухіленьні, выяўленьні і спыненьні карупцыі, адсутнасьці сыстэмнага падыходу да прафіляктыкі карупцыі і «істотных недаглядаў пры падборы і расстаноўцы кадраў».

Прэтэнзіі, калі сьцісла, наступныя:

— У Мінгандлі яшчэ напачатку 2012 году мусілі стварыць камісію па процідзеяньні карупцыі. Не стварылі дагэтуль.

— Неадпаведнасьці сапраўднасьці ў дэклярацыях прыбыткаў і маёмасьці ў супрацоўнікаў міністэрства і іх родзічаў. Праводзяцца праверкі.

— Кампанія «Менсккантракт» штомесяц плаціла свайму дырэктару выплаты, не прадугледжаныя законам, выяўленая шкода ў асабліва буйным памеры, таксама выяўленыя іншыя проціпраўныя дзеяньні дырэктара. У прызначэньні яму падвышанай зарплаты бралі ўдзел у тым ліку прадстаўнікі дзяржавы. Распачатая крымінальная справа па артыкуле 424 (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі), разглядаецца адхіленьне дырэктара ад абавязкаў, прыцягненьне вінаватых да адказнасьці і кампэнсаваньне шкоды. Гаворка, верагодна, пра цяперашняга дырэктара Вячаслава Плаўскага, але імя ў дакумэнце не называецца.

— Начальнік упраўленьня гандлю і паслугаў Магілёўскага гарвыканкаму здаваў у арэнду нерухомасьць ад імя жонкі, то бок вёў прадпрымальніцкую дзейнасьць, што забаронена дзяржслужбоўцам. Верагодна, гаворка пра Максіма Максіменку, які займаў пасаду да верасьня 2015 году, але імя не называецца ў дакумэнце.

— Дзяржзакупы рабілі асобы, якія ня мелі для таго неабходныя прафэсійныя веды.

— Мінгандлю не мяняў у камісіі па закупах тавараў старшыню і траціну складу штогод, як таго патрабуе закон, а ў камісіі бралі ўдзел людзі, ня ўключаныя ў ейны склад.

— Шмат парушэньняў у афармленьні пісьмовых абавязальніцтваў службовых асобаў ва ўпраўленьні гандлю і паслугаў Менгарвыканкаму, у кампаніях «Белрэсурсы» і «Белінвэнтаргандаль», а таксама ў рэдакцыі часопіса «Гермэс».

Таксама Генпракуратура нагадала, што адсутнасьць належнай прафіляктычнай працы нэгатыўна паўплывала на ўзровень карупцыйных злачынстваў і прывяла да справы супраць былога міністра гандлю ў сьнежні, а таксама справаў па хабарніцтве і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі супраць начальнікаў ўпраўленьняў гандлю і паслугаў Лідзкага райвыканкама і Бабруйскага гарвыканкама.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG