Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мэдыйнае грамадзтва VS абшчына насьценгазэты


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Адна настаўніца прыйшла знаёміцца з бацькамі новасьпечанага першаклясьніка.

Гаворка была досыць прыязная, пакуль мама хлопчыка радасна не назвала сярод захапленьняў сына сацсеткі. Твар настаўніцы зьбялеў і сказіўся. Мама адразу пачала тлумачыць, што, маўляў, у сэнсе – цікавіцца кампутарам ды інтэрнэтам. Настаўніца, нібы, супакоілася, але асадачак, відавочна, застаўся.

Гісторыю прыгадаў, калі які ўжо раз за пачатак году сацсеткі дружна пачалі іранізаваць зь людзей на «гасударавай службе». Гэтым разам з камунальнікаў, якія абражалі журналістку.

А ўжо ёсьць столькі самых розных відэа: і з кантралёрамі, і з работнікамі школы падчас выбараў, з рознага кшталту міліцыянтамі. Відэа, якія выклікаюць бурлівую рэакцыю ў байнэце.

Бадай, самая першая гісторыя, калі рэакцыя публікі ў сеціве паўплывала на дзеяньні ўладаў – гэта «жывы шчыт» 2008 году. Тады ДАІшнікі паставілі на шляху п'янога кіроўцы аўтамабілі з пасажырамі, у тым ліку адным дзіцём. Былі пацярпелыя, міліцыянтаў асудзілі. Байнэт выбухнуў абурэньнем, і справу не атрымалася замяць. Тая справа была яшчэ «папяровая», то бок з пісьмовымі сьведчаньнямі парушэньня (злачынства). Цягнулася доўга. А калі б у пацярпелых у тэлефонах былі відэакамэры? І розгалас, і пакараньне адбыліся б значна больш хутка. А самае галоўнае – больш «жывых шчытоў» не было.

Ад 2008 году ў людзей значна паболела прыстасаваньняў для запісу відэа. Адпаведна і ролікаў у сеціве зь непрыстойнымі паводзінамі людзей пры выкананьні службовых абавязкаў.

Чаму так адбываецца, чаму за столькі гадоў ня меншае людзей, якія, ня гледзячы на скіраваныя на іх аб'ектывы, упарта працягваюць хаміць, а часам і пускаць у ход рукі? Мяркую, у іх жыцьці сеціва не прысутнічае як зьява. Яны пра яго ведаюць і можа нават калі і карысталіся. Каб дазнацца пра надвор'е ці паглядзець ТВ-праграму, ці нават пагаварыць праз скайп са сваякамі за мяжой. І ня больш за тое. Іх мэдыйная культура грамадзкай супольнасьці засталася на ўзроўні насьценгазэты.

Што такое насьценгазэта? У школе, у ВНУ, на прадпрыемстве? Гэта міні-сацыяльная сетка. Кожны выпуск – гэта новы топік, новая тэма. Вось інфармацыя, а вось абмеркаваньне – вусна. Тут, лякальна, ня бачна па-за сьценамі. Гэта як жыцьцё грамады, альбо, па-расейскаму, «абшчыны». Грамада як закрытая група, «толькі для сваіх».

І грамадзтва – як антонім грамады – адкрытая для ўсіх супольнасьць.

Часам чую пра шкоду інтэрнэту, маўляў, «сядзяць за кампутарамі, не выходзяць на Плошчу, сублімуюць, што зьменіць гэтая балбатня?» Маю сустрэчнае пытаньне. Калі дзяржава і жрацы ейныя – чыноўнікі – непарушны маналіт, то чаму тады на кожны гучны скандал тыя ці іншыя чыноўнікі мусяць апраўдвацца?

Для мяне адказ відавочны: у сеціве высьпявае грамадзтва, а па-за сецівам застаюцца абшчыны. Закрытыя, якія жывуць у маленькіх сусьвеціках у інфармацыйным ХІХ стагодзьдзі. Цывілізацыйны разлом у Беларусі – гэта не абстракцыя, гэта практыка.

Гэта тое становішча, якое ў будучай больш-менш вольнай краіне паставіць пытаньне: «А што рабіць з гэтымі людзьмі з "абшчынаў", як іх інтэграваць у грамадзтва, якое прызвычаілася супольна і хутка вырашаць актуальныя праблемы?»

Пакуль "абшчыньнікі" пад патранажам дзяржавы. Больш за тое, яны ёй патрэбныя. Гэта прыблізна як фэадалам былі патрэбныя непісьменныя сяляне.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG