Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: У 2015 катавалі ў 100 краінах


Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала справаздачу аб стане правоў чалавека ў 2015 годзе ў 160 краінах сьвету.

У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, аўтары справаздачы пішуць:

«Заканадаўства, якое жорстка абмяжоўвае свабоду выказваньняў, сходаў і мірных дэманстрацый, усё яшчэ дзейнічае. Журналісты далей церпяць уціск. Некалькі вязьняў, асуджаных у палітычных матываваных працэсах, былі вызваленыя, але вымушаныя рэгулярна заяўляць міліцыі пра сваё перамяшчэньне і сваю дзейнасьць. Як мінімум дзьве асобы былі пакараныя сьмерцю, хоць пра выкананьне прысудаў не паведамлялася. Уціск і перасьлед праваабаронцаў працягваўся, таксама як дыскрымінацыя, уціск і гвалт у адносінах да прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў».

Далей справаздача Amnesty International згадвае, сярод іншага, немагчымасьць Міколы Статкевіча балятавацца на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах; штрафы журналістам-фрылансэрам за працу без акрэдытацыі; блякаду сайтаў «Вясны», «Беларускага партызана» і «Хартыі-97»; безвыніковае судовае змаганьне Алены Танкачовай зь Беларусі супраць свайго выдварэньня ў 2014 годзе; сьмерць у кастрычніку 2015 году Міхаіла Пішчэўскага пасьля брутальнага зьбіцьця ў 2014 годзе.

У сваёй справаздачы праваабаронцы фіксуюць, колькі краінаў груба парушалі міжнароднае права за апошні год. Паводле Amnesty International, як мінімум 98дзяржаваў ўжывалі катаваньні або іншыя віды жорсткага абыходжаньня зь людзьмі; у 30 краінах незаконна прымушалі уцекачоў вярнуцца ў краіны, дзе іхнаму жыцьцю пагражала небясьпека; па меншай меры ў 18 краінах урадавыя сілы або іншыя ўзброеныя групы зьдзяйсьнялі ваенныя злачынствы або дапускалі іншыя парушэньні «законаў вайны».

На думку экспэртаў Amnesty International, канфлікт у Сырыі — «жахлівы прыклад катастрафічных гуманітарных наступстваў сыстэмнай няздольнасьці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый выканаць сваё жыцьцёва важнае заданьне падтрыманьня правоў чалавека і міжнароднага права ды прыцягненьня да адказнасьці» за іх парушэньне.

Акрамя крывавага сырыйскага канфлікту, справаздача ў разьдзеле, прысьвечаным глябальнай сытуацыі, згадвае жорсткія парушэньні правоў чалавека ў паўтара дзясятка іншых краінаў, а сярод іх: сыстэматычныя забойствы і гвалт над людзьмі з боку службы бясьпекі ў Бурундзі; масавыя арышты і масавыя сьмяротныя прысуды ў Эгіпце; блякаду сэктару Газы Ізраілем; выкананьні сьмяротных прысудаў без суду і сьледзтва ў Кеніі; рэпрэсіўная заканадаўства ў сфэры бясьпекі і змаганьня з тэрарызмам у Расеі, якое ўлады выкарыстоўваюць супраць грамадзянскай супольнасьці; ваенныя злачынствы Саўдаўскай Арабіі падчас бамбаваньня Емэну; дыскрымінацыя цыганоў у Славаччыне; выкарыстаньне масавага сачэньня за людзьмі ў ЗША ў імя змаганьня з тэрарызмам.

XS
SM
MD
LG