Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьяўляецца беларускае войска беларускім па форме, духу і сутнасьці? Абмяркоўваюць Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў і Юры Дракахруст.

Цыганкоў: Сёньня афіцыйна адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны, і ў гэты дзень традыцыйна актывізуюцца размовы, ці зьяўляецца беларускае войска шчыра беларускім і ці абароніць яно Беларусь у выпадку агрэсіі з Усходу.

Перш за ўсё, трэба адзначыць, што цяперашняе войска сапраўды не зьяўляецца такім, як таго хацелася б нацыяльна, дэмакратычна арыентаваным грамадзянам. Выхаваньне будучых вайскоўцаў, пачынаючы ад сувораўскай вучэльні (дзе назва гаворыць сама за сябе), да вышэйшых вайсковых вучэльняў вядзецца пераважна ў прарасейскім духу. Будучых афіцэраў выхоўваюць на прыкладах Суворава, Кутузава, іншых герояў расейскай гісторыі, якія для Беларусі — антыгероі. Плюс культ «Вялікай Айчыннай вайны», агульнасавецкага братэрства, асабліва зь вялікім рускім народам.

Таксама варта адзначыць. што з савецкіх часоў у Беларусі засталіся і служаць вайсковыя кіраўнікі высокага рангу, якія былі паходжаньнем з Расеі ці іншых савецкіх рэспублік, служылі тут у Беларускай вайсковай акрузе пры СССР, аўтаматычна сталі вайскоўцамі беларускай арміі, і не заўсёды можна сьцьвярджаць, што яны цалкам набылі беларускую сьвядомасьць.

Зь іншага боку, ня ўсё так адназначна нэгатыўна, як гэта бачыцца многім.

Па-першае, маладое пакаленьне беларускіх афіцэраў мае безумоўна беларускую сьвядомасьць, беларускі патрыятызм — хоць, відавочна, і не выказвае яго так, як нацыянальна арыентаваныя людзі. У іх адназначна беларуская сьвядомасьць. І ўжо потым, на наступным узроўні ідэнтыфікацыі, выяўляюцца нейкія прарасейскія рысы. Напрыклад, у пытаньні «за Ўкраіну ці за Расею» беларускія вайскоўцы (зрэшты, як і большасьць грамадзтва) выбіраюць Расею. Але калі, ня дай Божа, паўстане пытаньне «альбо-альбо», «альбо Беларусь, альбо Расея» — то, на маю думку, беларуская сьвядомасьць тут пераможа.

Па-другое. У традыцыях беларусаў выконваць загады начальства. Супраць каго загадае павярнуць зброю палітычнае і вайсковае кіраўніцтва — супраць таго і будзе ваяваць армія.

Па-трэцяе. Пры ўсім тым, што беларускае войска не знаходзіцца ў нейкім выдатным стане, у сэнсе матэрыяльна-тэхнічным яно не ў такім развале, у якім было ўкраінскае войска падчас анэксіі Крыму. Беларускае войска даволі някепска арганізавана, мае баяздольныя часткі, безумоўна, мае пэўную дысцыпліну, каб выконваць баявыя задачы.Так што мой адказ неадназначны. Але ня ўсё так нэгатыўна, як многім гэта падаецца.

Дракахруст: Я з вамі згодны, Віталь. І хацеў бы працягнуць пытаньне: а наколькі шчыра беларускім зьяўляецца само беларускае грамадзтва?

Я думаю, войска ня ў значнай ступені адрозьніваецца ад усяго грамадзтва. Я б два такія меркаваньні прывёў. Адно — гэта тое, што перад Другой усясьветнай вайной калі б хтосьці, напрыклад, афіцэр абвэра, аналізаваў сытуацыю ў Беларусі, ён бы палічыў, што асаблівай «партызанкі» чакаць ня варта. Беларусы — такі народ ціхі, рахманы, у Першую ўсясьветную вайну яны немцам асабліва не супраціўляліся, бальшавікі асаблівай ласкі ім не зрабілі, няма асаблівай любові да бальшавікоў у беларусаў, так што праблем у вэрмахту ня будзе, — мог бы ён паразважаць. Але аказалася ўсё крыху ня так. Так што зь беларусамі — ставіць на іх рахманасьць — на месцы замежнікаў я б так не рабіў. Сапраўды, вы маеце рацыю, прыходзіць новае пакаленьне, а ў беларускім войску ўсё ж ідзе працэс зьмены пакаленьняў. Той жа ўкраінскі досьвед паказаў, што ёсьць фэномэн «сваёй зямлі». І нават абсалютна рускамоўныя людзі на ўсходзе Ўкраіны — яны змагаюцца, яны ваююць, ваююць з матывацыяй: «Гэта наша зямля. І Крым наш. Чаго тут забылі расейцы?» Хоць зь імі гавораць на адной мове. Так што я б з такіх агульных рэчаў не рабіў бы такіх, што называецца, «сьмяротных» для беларускай арміі і ў цэлым для беларускага грамадзтва ў сэнсе яго супраціву высноваў.

Карбалевіч: Сапраўды, пытаньне не такое простае. Што тычыцца духу і зьместу, то гэтае пытаньне больш складанае. Справа ў тым, што беларускае войска нічым не адрозьніваецца ад беларускага грамадзтва, яно яго люстэрка. У гісторыі розных народаў бывалі пэрыяды, калі войска зьяўлялася закрытай карпарацыяй, разьвівалася па сваіх унутраных законах, не было моцна зьвязанае з грамадзтвам. Напрыклад, турэцкае войска ў часы Атацюрка і некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля ягонай сьмерці. У сярэднявеччы шырока распаўсюджанай у Эўропе была практыка найманага войска.

У Беларусі войска фармуецца на аснове прызыву. Таму яно, як казалі ў савецкія часы, плоць ад плоці народнае.

Можна, вядома, задаць трохі дурное пытаньне, ці зьяўляецца беларускае грамадзтва беларускім у сэнсе ягонага этнакультурнага ўзроўню. Але гэта будзе ў пэўным сэнсе аксюмаран.

Таму на ваша пытаньне я б адказаў так: якая Беларусь, які яе ўзровень у сэнсе беларускасьці, такое і войска. Вось 60% беларускага грамадзтва падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны, такое і войска.

Хачу заўважыць, што з пачаткам украінскіх падзей Лукашэнка стаў надаваць войску значна большую ўвагу, чым раней. Праўда, акцэнт робіцца на тэхнічным аснашчэньні, арганізацыйнай перабудове. Можна меркаваць, што і на маральна-палітычны стан таксама зьвяртаецца ўвага.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG