Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 умоваў прыватызацыі


Чаму Аляксандр Лукашэнка адрынуў прапанову ўраду аб зьмене працэсу прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў? Тэму абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Мяркуючы па тых нарадах па эканамічных пытаньнях, якія апошнім часам праводзіць Лукашэнка, урад падрыхтаваў нейкую праграму пераменаў у эканоміцы. З пэўным дапушчэньнем яе можна назваць праграмай рэформаў. Яна, у тым ліку, створана і для перамоваў з МВФ. Адзін з элемэнтаў такой праграмы — спрашчэньне працэдуры і паскарэньне працэсу прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў.



Праблема ў тым, што сёньня працэдура прыватызацыі абцяжарана вялікай колькасьцю ўмоваў. Калісьці Лукашэнка налічыў 20 умоваў, якія павінен выканаць інвэстар, які хоча прыватызаваць дзяржаўнае прадпрыемства. Вось і на нарадзе 22 лютага кіраўнік дзяржавы абазначыў некаторыя зь іх: захаваньне правоў работнікаў на нармальныя ўмовы працы, мадэрнізацыя прадпрыемства, павелічэньне падатковых паступленьняў у бюджэт, вытворчасьць тавараў, якія свабодна рэалізуюцца на зьнешніх рынках, і інш. У рэальнасьці ажыцьцявіць прыватызацыю на такіх умовах немагчыма. Уласна, на гэта і разьлік немагчыма. Калісьці, на пачатку свайго кіраваньня, Лукашэнка так патлумачыў сваё адмоўнае стаўленьне да прыватызацыі: «Уласнасьць — гэта ўлада».

Наколькі можна зразумець, урад прапанаваў спрасьціць працэдуру прыватызацыі, зрабіць яе ўмовы лягчэйшымі. Бо вялікая колькасьць нерэнтабэльных прадпрыемстваў ляжыць цяжкім грузам на бюджэце, на банкаўскай сыстэме. Дый ахвотных іх купіць няшмат. На добры лад, такія прадпрыемствы варта было б проста збываць за сымбалічную цану, напрыклад, за адну базавую велічыню. А калісьці ў ГДР, пасьля далучэньня да ФРГ, камбінаты прадавалі за 1 марку. Дый МВФ выстаўляе ў якасьці ўмовы выдзяленьня крэдыту паскарэньне працэсу прыватызацыі.

Але Лукашэнка адкінуў гэтыя прапановы. І прычыны зразумелыя, яны агучаныя ім 20 гадоў таму: уласнасьць — гэта ўлада. Ва ўсялякім разе, ён так лічыць. Хоць гісторыя мае шмат прыкладаў, калі аўтарытарная ўлада існуе пры недзяржаўнай эканоміцы.

Дракахруст: Я ўсё ж такі не пагаджуся з вамі, Валер. Мне здаецца, што вось гэтая ўчорашняя заява падобная да ўчорашняй жа заявы наконт камунальных тарыфаў — маўляў, калі міністар сказаў ад балды, вы мне пакладзіце на стол лічбы, надзеньце кайданкі на таго, хто там нахамутаў з гэтымі тарыфамі. Было відавочна, што гэта спэктакль.Ну хто што нахамутаў? Людзі зрабілі тое, што ім было даручана.

Гэтаксама і з рэформамі. Не, Лукашэнка сказаў, што гэты плян мы адкідаем. Наколькі я разумею, гэты плян прыватызацыі быў узгоднены зь Міжнародным валютным фондам. Варта адзначыць і падкрэсьліць, што ніякага ж альтэрнатыўнага пляну не прапаноўваецца. І вось гэты плян прыватызацыі прапанаваў той самы ўрад, які ледзьве ня кожны тыдзень чуе: нам рэформы не патрэбныя, мы рэформы рабіць ня будзем. Людзі ж рускую мову ці беларускую разумеюць. І калі ім усур’ёз сказалі, што рабіць ня будзем — ну і не рабілі б, і не прапаноўвалі б. А чамусьці ўвесь час прапаноўваюць.

І, мне здаецца, у гэтым выступе Лукашэнкі прагучала такая важная ідэалягічная формула: «Гайдараўскіх рэформаў нам ня трэба». Вось гэта сапраўды тое імя, тое слова, якім і ў Расеі людзей палохаюць, і ў Беларусі. Вось гэты вобраз пра «ліхія 90-я», калі быў жах, суцэльная несправядлівасьць. І Лукашэнка абазначае, што гэта як бы не яго шлях.

А як яно рэальна будзе? Магчыма, так, як учора вы, Віталь, апісвалі сытуацыю з тымі ж тарыфамі. Ну, зараз крыху адкруцяць назад. А потым яны пойдуць уверх і дойдуць да таго ўзроўню, які быў заплянаваны вось гэтымі «ад балды». Менавіта на ўзроўні «балды» яны і будуць.

Гэтак і ў гэтай сытуацыі. Мне здаецца, ня так шмат варыянтаў. Вось на гэтым тыдні прыяжджае прадстаўнік Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку, будуць весьціся перамовы. Там ветліва будуць прапаноўваць усё тое самае. У тым ліку і прыватызацыю. Але Лукашэнка паказвае, што ён як бы змагар, што ён не дапусьціць паўтарэньня 1990-х гадоў. Ну, яны паўторацца безь ягонага дазволу.

Цыганкоў: Юры, вы не пагадзіліся з Валерам, а я не пагаджуся з вамі. Паколькі вы ўвесь час прасоўваеце ідэю, што нейкія рэформы будуць, так ці інакш яны пішчом пралезуць у беларускую рэальнасьць.

У канкрэтным дадзеным пытаньні можна сказаць, што пляны па прыватызацыі — яны заўсёды не выконваюцца, гэта ўжо такая беларуская традыцыя. Бывалі хвалі, калі ў беларускага ўраду было больш памкненьняў да рэфарматарства, бывалі хвалі, калі менш. Але задачы па прыватызацыі ставіліся кожны год, і кожны год яны не выконваліся. Умоўна скажам, урад абяцаў прыватызаваць 60 прадпрыемстваў, а ў канцы году з сумам паведамляў, што прыватызаваныя толькі адзінкі.

Гэта даводзіць, што ідэалягічныя прычыны часам становяцца вышэй нават за эканамічныя, бо прыватызацыя — гэта ж перш за ўсё грошы ў бюджэт. Тое, што ў Беларусі на прыватызацыю выстаўляюцца толькі кепскія прадпрыемствы — гэта ўсім добра вядома. І ў гэтым сваім сьціплым сьпісе ўрад не замахваўся на МАЗы, БелАЗы, «Гарызонт» (хоць яны таксама вартыя прыватызацыі). А ў сьпісе — даволі нягеглыя прадпрыемствы, ня самыя, што называецца, горадаўтваральныя, ня самыя вялізныя. Гэта невялікія, бедныя і звычайна нерэнтабэльныя прадпрыемствы. Вось што выстаўлена. І нават такая прыватызацыя не ідзе.

Ёсьць, праўда, адзін эканамічны чыньнік супраць прыватызацыі цяпер. Агульнавядомая для эканамістаў ісьціна, што прыватызаваць, распрадаваць лепш на піку, калі ёсьць эканамічны пад’ём. А ў часы крызісу ёсьць нэгатыўны фактар, што гэта будзе распрададзена вельмі танна, за малую цану. Таму крызіс — гэта неспрыяльны час для распродажу. Ён, вядома, прымушае прадаваць, але за гэта шмат грошай ня выручыць. Я думаю, Лукашэнка і ягоныя памочнікі гэта разумеюць, і тут ёсьць эканамічныя прычыны, у такім стаўленьні, але яны не агучваюцца. А агучваюцца ў першую чаргу ідэйныя і палітычныя прычыны — паказаць перад народам, што ён праціўнік 90-х гадоў, «гайдарызацыі», прыватызацыі. Стаўленьне народу да гэтых зьяваў пераважна нэгатыўнае, таму на гэтым можна падвысіць чарговы раз свой рэйтынг.

Дракахруст: Я ў абарону сваёй пазыцыі магу дадаць, што цяпер, у крызіс, стала шмат кепскіх прадпрыемстваў. Тыя прадпрыемствы, якія ўчора былі добрыя, сёньня сталі кепскімі. Акрамя таго (гэта такі гіпатэтычны варыянт), — цяпер, у сувязі з тым, што Беларусь адкрываецца Эўропе, Захаду, а Расея пад санкцыямі, Беларусь можа быць цікавая для некаторага заходняга бізнэсу, кажучы ваеннай мовай, як «аэрадром падскоку» на расейскі рынак. Расея пад санкцыямі, Беларусь не пад санкцыямі, а мяжы няма. Так што ў гэтым сэнсе на прыватызацыю могуць прыйсьці грошы і заходнія. Ня толькі беларускія ці, напрыклад, расейскія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG