Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ільля Яшын прадставіў даклад аб дзейнасьці Рамзана Кадырава і заклікаў да яго адстаўкі.

У Дзень памяці ахвяр дэпартацыі чачэнскага народу, які адзначаецца 23 лютага, намесьнік старшыні партыі ПАРНАС і блізкі сябра Барыса Нямцова Ільля Яшын прадставіў у Маскве экспэртны даклад, прысьвечаны дзейнасьці кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. Прэзэнтацыя скончылася раптоўна эвакуацыяй журналістаў, бо ў офіс партыі паступіў званок аб закладзенай бомбе.

Радыё Свабода вяло прамую відэатрансьляцыю прэзэнтацыі дакладу «Пагроза нацыянальнай бясьпецы» (поўны тэкст, pdf).

На ўваходзе ў офіс Парнасу быў арганізаваны сапраўдны надгляд — спачатку ў журналістаў пыталіся іх асабістыя дадзеныя, затым паліцыя правярала усіх, хто ўваходзіў з дапамогай мэталадэтэктараў, ну а ў будынак пускалі толькі па прэс-картах. Побач з офісам стаяў аўтазак і некалькі паліцэйскіх машын.

Пра тое, што прэзэнтацыя дакладу «Пагроза нацыянальнай бясьпецы» ня пройдзе гладка, сьведчыла хаця б тое, што бомбу ў офісе Парнасу шукалі і напярэдадні прэзэнтацыі, 22 лютага. Ну а раніцай 23-га даклад выклаў у сетку сам Рамзан Кадыраў, так што прэзэнтацыя пачалася з іранічных слоў падзякі кіраўніку Чачэнскай рэспублікі: «Я ўдзячны Кадыраву, ён вялікі малайчына. У нас была вялікая праблема: мы не разумелі, як распаўсюджваць даклад у Чачні. Цяпер, калі сам Кадыраў выклаў яго ў сетку, у нас няма сумневаў, што даклад прачытае ўся рэспубліка. Так што Рамзан малайчына», — усьміхаючыся, казаў Яшын. Праз хвіліну палітык зьмяніў тон:


«Сёньня 23 лютага — гэта гадавіна дэпартацыі чачэнскага народу. У гэты дзень у 1944 году пачалася апэрацыя „Сачавіца“, калі эшалёнамі чачэнцы і інгушы адпраўляліся ў дэпартацыю. І дата прэзэнтацыі сёньняшняга дакладу выбрана не выпадкова. Такім чынам я хачу прадэманстраваць салідарнасьць з чачэнскім народам і падкрэсьліць, што ў мяне няма ніякага канфлікту з чачэнскім народам. Мы супрацьстаім карумпаванаму, вельмі небясьпечнага рэжыму».

Карупцыі ў дакладзе прысьвечана асобная глава з назвай «А ты дакажы, што не Алаг!». Гэта цытата з інтэрвію Кадырава Марыяне Максімоўскай — яго адказ на пытаньне, адкуль у рэспубліцы столькі грошай.

«Штогод у Чачню сыходзяць дзясяткі мільярдаў рублёў з фэдэральнага бюджэту. Рэспубліка загразла ў карупцыі. Палацы, аўтамабільныя картэжы, залатыя пісталеты — Кадыраў прывык жыць на шырокую нагу», — распавядаў Яшын у відэароліку, прысьвечаным выхаду дакладу. Апошнім часам у СМІ зьяўляліся публікацыі пра фонд Ахмата Кадырава. Так, паводле дадзеных «Коммерсанта», чачэнскія бюджэтнікі у прымусовым парадку пераводзяць у фонд каля 10% ад сваіх заробкаў.

«Працаўнікам бюджэтнай сфэры налічваецца прэмія, за якую яны расьпісваюцца. Але грошай гэтых яны ня бачаць, таму што яны наўпрост пералічваюцца ў фонд Ахмата Кадырава», — у гэты момант да трыбуны прарваўся малады чалавек і кінуў у бок Яшына пачак падробленых даляраў. Яго адразу ж вывелі з залі, а Яшын працягнуў гаварыць. «У чым ключавая праблема з гэтым фондам? Па статуце фонду Ахмата Кадырава яго ключавая задача — дапамога маламаёмасным. На практыцы гэтыя грошы ідуць на раскошнае жыцьцё Рамзана Кадырава».

Іншая глава дакладу — «Прыватная армія» — распавядае пра сілавыя структуры Чачні, якія, паводле аўтараў, знаходзяцца пад кантролем Рамзана Кадырава і не падкантрольныя фэдэральным уладам.

У прыватнасьці, у гэтым разьдзеле адзначаецца: «Асабістая ляяльнасць баевікоў Кадыраву абумоўлена ў першую чаргу біяграфіяй многіх зь іх. Ядро сілавых структур Чачні — гэта былыя сэпаратысты, якія былі амніставаныя Кадыравым. Ён жа даў ім магчымасьць зноў узяць у рукі зброю, але ўжо пад сваім кантролем. Такім чынам, тыя баевікі, што ваявалі з расейскай арміяй, абавязаны Кадыраву ня толькі сваім месцам і заробкам, але таксама свабодай і жыцьцём.

Агульная колькасьць узброеных кадыраўцаў, паводле ацэнак экспэртаў, набліжаецца да 30 тысячам чалавек. Значная частка зь іх фармальна зьяўляюцца супрацоўнікамі МУС альбо вайскоўцамі ўнутраных войскаў Расеі. Фактычна ж на тэрыторыі Чачні дзейнічаюць ўзброеныя фармаваньні, якія не залежаць ад фэдэральных органаў улады і ляяльныя толькі кіраўніку Чачні. Сваю адданасьць Кадыраву чачэнскія сілавікі нярэдка дэманструюць спэцыфічнымі дэталямі форменнай вопраткі: напрыклад, кепкамі і нашыўкамі з ініцыяламі КРА — Кадыраў Рамзан Ахматавіч. Аўтамабільныя нумары зь літарамі КРА ў Чачні таксама амаль заўсёды сьведчаць аб прыналежнасьці ўладальніка машыны да сілавых або адміністрацыйным структур рэспублікі. „Можаце сабе ўявіць паліцэйскага ў Маскве ў кепцы з ініцыяламі Сабяніна? Ці ў Ніжнім Ноўгарадзе з ініцыяламі Шанцава?“ — пытаецца дэпутат Дзяржаўнай думы Дзьмітры Гудкоў».

На думку аўтараў дакладу, чачэнская «рэгіянальная армія» зьяўляецца адной з самых баяздольных вайсковых груповак у Расеі. Таксама ў дакладзе гаворыцца аб удзеле кадыраўцаў у баявых дзеяньнях на паўднёвым усходзе Ўкраіны, распавядаецца і пра ўдзел чачэнскіх груповак у рэйдэрскіх захопах прадпрыемстваў і будынкаў у рэгіёнах Расеі.

«У 2011 годзе ў Маскве быў арыштаваны крымінальны «аўтарытэт» Хаджымурат Гакаеў, жыхар Грознага, вядомы ў крымінальным сьвеце як Мурат Вялікі. Групоўка Гакаева спэцыялізавалася на вымаганьні і махлярстве, а абвінавачаньне яму выставілі за спробу рэйдэрскага захопу аднаго з будынкаў Акадэміі навук у Маскве. У матэрыялах крымінальнай справы, у прыватнасьці, мелася відэа, на якім узброены пісталетам Гакаеў б’е па твары прадпрымальніка, які арандаваў памяшканьні ў Акадэміі. На абарону арыштаванага «аўтарытэта» неадкладна ўстаў Рамзан Кадыраў, які заявіў, што Гакаева «справакавалі». Кадыраў назваў Мурата Вялікага «сынам прафэсара і ўладальнікам легальнага бізнэсу».


Падчас прэзэнтацыі гэтай главы да Яшына падышоў адзін з яго памочнікаў. «Так, нам паступіў ананімны званок аб закладзенай бомбе, але я прапаную не палохацца, бо ўчора ў нас ужо былі такія званкі. Пакуль нэрвавацца ня трэба — вось у мяне ў руках бомба, — сказаў Яшын, паказваючы на даклад, — і яна ня выбухне, пакуль я гэтага не захачу».

Яшчэ праз хвіліну з натоўпу журналістаў пачуліся крыкі: «Так Кадыраў больш для Расеі зрабіў, чым ты, б**. Ты ў войску служыў?» «Ну вось бачыце, хтосьці вельмі рана пачаў адзначаць Дзень абаронцы Айчыны», — разьвёў рукамі Яшын, калі мужчыну ўжо вывелі з залі.

Агулам ўся прэзэнтацыя працягвалася крыху больш за паўгадзіны. «Я прапаную скончыць, таму што нас цяпер пачнуць адсюль выцягваць», — прагучала з трыбуны.

Фармат «экспэртнага дакладу» быў прыдуманы Барысам Нямцовым. У прыватнасці, ён падрыхтаваў, прэзэнтаваў і распаўсюджваў даклады «Путин. Итоги», «Путин. Коррупцыя», «Жизнь раба на галерах» . Апошняе расьсьледаваньне пад назвай «Путин. Война» было прысьвечана ўдзелу расейскіх вайскоўцаў у канфлікце на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Праца над дакладам была завершана ўжо пасьля забойства Барыса Нямцова, ён быў прадстаўлены 12 траўня 2015 году Ільлёй Яшыным.

«Сам жанр дакладу — абсалютна нямцоўскі. Гэта дакумэнт, у якім большасьць тэзісаў пацьверджаныя спасылкамі на інфармацыю, якая знаходзіцца ў адкрытым доступе. Там, здаецца, прыкладна 270 спасылак на адкрытыя крыніцы. Але пры гэтым я стараўся знайсьці і такія матэрыялы, якіх яшчэ нідзе не было. Справа ў тым, што расейскія СМІ тэму Кадырава асьвятляюць вельмі акуратна. І часта бывае так, што нават калі ў журналістаў ёсьць эксклюзіўныя матэрыялы, яны не заўсёды могуць іх надрукаваць з-за асаблівасьцяў рэдакцыйнай палітыкі многіх выданьняў. Многія з дружалюбных журналістаў гадамі захоўвалі матэрыялы пра кадыраўскае асяродзьдзі і не маглі іх надрукаваць. Таму яны з задавальненьнем падзяліліся імі са мной. Сярод такіх матэрыялаў ёсьць і фатаграфіі зь мінулага Кадырава, і дакумэнты, зьвязаныя зь біяграфіямі набліжаных да яго людзей. Гэта эксклюзіўная інфармацыя, якая раней ніколі не друкавалася.

Зразумела, я ўсю гэтую інфармацыю пераправяраў. У агульнай складанасьці мне дапамагалі каля дзесяці чалавек. Акрамя журналістаў, сярод іх былі тыя, хто раней рыхтаваў даклады з Нямцовым, ёсьць новыя людзі, валанцёры. Ёсьць людзі, якія езьдзілі ў Чачню ў канцы лістапада мінулага году, яшчэ да маёй паездкі ў рэгіён. Яны дапамагалі шукаць там крыніцы, наладжвалі кантакты і дамаўляліся аб тым, як даклад будзе распаўсюджвацца на тэрыторыі самой Чачні. Хоць я разумею, зь якімі вялікімі рызыкамі гэта можа быць зьвязана », - распавёў Ільля Яшын у інтэрвію Rus2Web.

XS
SM
MD
LG