Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італія першай з краін Эўразьвязу пасьля адмены санкцыяў пачала супрацу зь Беларусьсю, і гэта невыпадкова — экспэрт


Намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына

Намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына

23 лютага ў Менску прайшло першае пасяджэньне міжурадавай беларуска-італьянскай камісіі па эканамічнай супрацы.

Намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына пасьля перамоваў са сваім калегам, статс-сакратаром Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Бэнэдэтам Дэля Вэдавам ацаніла гэтае мерапрыемства як «без перабольшаньня гістарычную падзею ў двухбаковых беларуска-італьянскіх адносінах. Мы толькі што завяршылі першае пасяджэньне таго органа, аб стварэньні якога мы дамаўляліся досыць даўно, але толькі цяпер рэалізавалі гэтае вельмі важнае пачынаньне».

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Такія сустрэчы не адбываюцца стыхійна — кажа Свабодзе палітоляг Алесь Лагвінец. — Памятаю, што спадар Дэла Ведова прыяжджаў у Менск год таму. І можна меркаваць, што першыя перамовы пачаліся яшчэ тады, а можа, праз амбасады нават і раней.

Але я хачу зьвярнуць увагу на адну важную рэч. Чаму менавіта Італія, а не, напрыклад, Нямеччына або Нідэрлянды, першай з краінаў Эўразьвязу пасьля адмены санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў публічна заявіла пра жаданьне працаваць зь Беларусьсю?

Гэтая тэндэнцыя ідзе ад пэўнага часу. Яшчэ Сыльвіё Бэрлюсконі, будучы прэм’ерам, напрыканцы 2009 году, можна сказаць, дэманстратыўна прыяжджаў у Менск, калі Лукашэнку ігнаравалі іншыя эўрапейскія лідэры. Беларускія ўлады станоўча ставіліся і да ацэнак сытуацыі ў Беларусі, якія даваў спэцыяльны дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы італьянец Андрэа Рыгоні. Добра вядомыя гуманітарныя сувязі паміж Менскам і Рымам.

А вось пра адметную пазыцыю Італіі ў пытаньні павагі да правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў у Беларусі вядома мала. То бок Італія прадстаўляе тут тую частку краін Эўразьвязу, якія выступаюць за эканамічныя сувязі зь Беларусьсю і больш шчыльнае супрацоўніцтва з уладамі Беларусі. Да іх я аднёс бы таксама Аўстрыю, Гішпанію, Грэцыю, Францыю...»

Алена Купчына пры падыходзе да журналістаў сёньня асабліва падкрэсьлівала, што «Італія — гэта краіна нумар адзін па колькасьці беларускіх дзяцей, якіх мы адпраўляем у гэтую дружалюбную краіну на аздараўленьне. Гэта партнэр Рэспублікі Беларусь па міжнародным ўсынаўленьні — адзіная такая краіна ў сьвеце».

Наступнае пасяджэньне міжурадавай камісіі пройдзе ў Італіі ў 2017 годзе.

Рада кіраўнікоў міністэрстваў замежных спраў краін Эўразьвязу 15 лютага 2016 году прыняла рашэньне аб частковым скасаваньні санкцыяў супраць Беларусі. Абмежаваньні захаваліся толькі адносна паставак зброі ў Беларусь і адносна чатырох асоб, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў у 1999–2000 гадах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG