Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск прызналі найгоршым горадам у Эўропе па якасьці жыцьця


У штогадовым аглядзе якасьці жыцьця ў 230 гарадах сьвету нью-ёркская кансалтынгавая кампанія Mercer паставіла сталіцу Аўстрыі Вену на першае месца ў рэйтынгу найбольш камфортных гарадоў сьвету.

Вена займала першае месца ў гэтым рэйтынгу і чатыры папярэднія гады.

У першую дзясятку найбольш камфортных гарадоў уваходзяць таксама Цурых, Оклэнд, Мюнхэн, Ванкувэр, Дзюсэльдорф, Франкфурт, Жэнэва, Капэнгаген і Сыднэй.

Менск у гэтым рэйтынгу апынуўся на 190-м месцы. Іншыя гарады постсавецкай прасторы атрымалі наступныя месцы: Масква (167), Санкт-Пецярбург (174), Алматы (176), Кіеў (176), Ерэван (182), Тбілісі (188), Баку (197), Ташкент (205), Ашгабат (208), Бішкек (210), Душанбэ (212). На апошнім, 230-м месцы, у гэтым рэйтынгу апынуўся Багдад.

Рэйтынгі якасьці гарадзкога жыцьця фірмы Mercer выкарыстоўваюцца ўрадамі і шматнацыянальнымі кампаніямі дзеля вылічэньня кампэнсацыі дыпляматам, службоўцам і працаўнікам, якіх пасылаюць на замежныя пасады і ў замежныя камандзіроўкі.

39 паказьнікаў, паводле якіх кампанія Mercer праводзіць ацэнку ўзроўню гарадзкога жыцьця, дзеляцца на 10 катэгорый. Найважнейшымі катэгорыямі зьяўляюцца палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае асяродзьдзе (палітычная стабільнасьць, узровень злачыннасьці і правапарадку, правілы абмену валюты, банкаўскія паслугі, узровень цэнзуры і асабістых свабодаў). Улічваюцца таксама даступнасьць мэдычных паслуг, адукацыі (у тым ліку міжнародных школ), чысьціня паветра і стан навакольнага асяродзьдзя, узровень камунальных службаў, грамадзкага транспарту, даступнасьць шырокага спэктру тавараў народнага спажываньня, разьвіцьцё жыльлёвага будаўніцтва і наяўнасьць зонаў адпачынку (рэстараны, тэатры, кіно, стадыёны).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG