Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадыраў можа паставіць пытаньне аб выхадзе з складу Расеі, — даклад


Рамзан Кадыраў (на першым пляне) пасьля звароту да чэчэнскага народу і ўсіх жыхароў Расеі на стадыёне імя Білімханава. Грозны, 28 сьнежня 2014 году

Рамзан Кадыраў (на першым пляне) пасьля звароту да чэчэнскага народу і ўсіх жыхароў Расеі на стадыёне імя Білімханава. Грозны, 28 сьнежня 2014 году

Кіраўнік Чачэнскай рэспублікі Рамзан Кадыраў у выпадку палітычнай нестабільнасьці можа паставіць пытаньне аб выхадзе Чачні са складу Расеі, што пацягне за сабой новую маштабную вайну.

Пра гэта гаворыцца ў незалежным дакладзе «Пагроза нацыянальнай бясьпецы», які сёньня ў Маскве мае намер прэзэнтаваць адзін зь лідэраў расейскай апазыцыйнай партыі ПАРНАС Ільля Яшын, піша УНІАН.

Ільля Яшын

Ільля Яшын

«Мала хто заўважае, што на тэрыторыі Расеі за апошнія гады сфармавалася наша мясцовая „Ісламская дзяржава“. Адасоблены „чачэнскі халіфат“ жыве па сваіх традыцыях і законах, пры гэтым спраўна атрымлівае мільярдныя субсыдыі з расейскага бюджэту. Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў купаецца ў раскошы, рэалізуючы палітыку прыярытэту некаторых шарыяцкіх нормаў над расейскімі законамі, і нарошчвае сваю ваенную моц. Баявікі з Чачні ажыцьцяўляюць тэрарыстычныя атакі на апанэнтаў Кадырава і ў Маскве, і за межамі Расеі», — гаворыцца ў дакумэнце.

Адзначаецца, што з кожным годам упэўненасьць Кадырава ў сваёй бясьпецы мацнее і яго тон у размове з фэдэральнай уладай становіцца ўсё больш нахабным.

Ні сілавыя структуры, ні ўрад ня ў стане падпарадкаваць Кадырава расейскім законам і вярнуць Чачню ў рамкі расейскага сувэрэнітэту.

«Кадыраў ведае, што за яго сьпінай баяздольная чачэнская армія, адданая асабіста яму, а галоўнае, ляяльнасць прэзыдэнта Пуціна. Ні сілавыя структуры, ні ўрад ня ў стане падпарадкаваць Кадырава расейскім законам і вярнуць Чачню ў рамкі расейскага сувэрэнітэту», — гаворыцца ў дакумэнце.

Заяўляецца, што пэрспэктывы ўзаемаадносін Чачні і фэдэральнага цэнтру выклікаюць сур’ёзныя асьцярогі.

Рэжым Кадырава назапасіў дастатковыя рэсурсы, каб у выпадку палітычнай нестабільнасьці ставіць пытаньне аб выхадзе з складу Расеі — ня выключана, што захапіўшы і частку тэрыторыі прылеглых рэгіёнаў. Па сутнасьці, вынікам палітыкі Пуціна на Паўночным Каўказе стала зьяўленьне на поўдні Расеі дзяржаўнага ўтварэньня, якое стварае рызыкі новай маштабнай вайны. У Чачні адбылося фармаваньне небясьпечнага рэжыму, ляяльнасьць якога абумоўлена выключна задавальненьнем фінансавых і палітычных апэтытаў Кадырава з боку фэдэральнага цэнтру.

Падкрэсьліваецца, што ніводзін палітык і ніводнае ведамства ня здольныя сёньня гарантаваць, што створаная ў Чачні ісламская дзяржава Кадырава, які ўпіваецца ўсёдазволенасьцю, не ператворыцца зь цягам часу ў новую «Ісламскую дзяржаву», гатовую абвясьціць джыхад Расеі, як гэта ўжо рабіў бацька Рамзана Кадырава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG