Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асад прызначыў парлямэнцкія выбары ў Сырыі на 13 красавіка. Хто возьме ўдзел, невядома


Башар Асад

Башар Асад

Тым часам Пуцін з Абамам дамовіліся аб спыненьні агню ў Сырыі. На што дамовіліся з Асадам, невядома.

Афіцыйны кіраўнік Сырыі Башар Асад прызначыў чарговыя парлямэнцкія выбары на 13 красавіка 2016 году, паведамляе Reuters. Гэта адпавядае сырыйскім законам: апошнія парлямэнцкія выбары адбыліся 4 гады таму, у 2012 годзе.

Выбары 2012 году былі першымі, у якіх узяла ўдзел ня толькі кіроўная партыя Баас, але і іншыя партыі. Шэсьць месцаў атрымала апазыцыйная кааліцыя, Народны фронт за зьмены і вызваленьне. 168 месцаў дасталіся партыі Асада і ейным саюзьнікам. Астатнія месцы ў 250-мясцовым парлямэнце ўзялі беспартыйныя. Праўда, у ЗША назвалі выбары «амаль недарэчнымі», зьвярнуўшы ўвагу на пачатак грамадзянскай вайны.

Хто возьме ўдзел у гэтых выбарах, невядома, бо ў краіне ідзе грамадзянская вайна сілаў Асада, умеранай апазыцыі, а таксама тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы». У вайне ад 2011 году ў Сырыі забітыя і параненыя 11,5% насельніцтва краіны. Расея, якая дэкляруе, што ваюе ў Сырыі з тэрарыстамі, па зьвестках Amnesty International, бамбіць мірных жыхароў, у тым ліку «сталіцы» супраціўленьня Асаду — Алепа.

Выбары былі прызначаныя неўзабаве пасьля таго, як ЗША і Расея абвясьцілі пра ўзгадненьне пляну аб умовах і тэрміне спыненьня ваенных дзеяньняў у Сырыі. Перамір’е мае даць магчымасьць наладзіць перамовы апазыцыі з Асадам, хаця падобна, што апазыцыя ў такія перамовы ня верыць. У плянах перамір’я гаворкі пра ўдзел апазыцыі ў выбарах не вялося.

XS
SM
MD
LG