Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ці я беларус толькі таму, што ў мяне беларускі пашпарт?» — у Берасьці моўныя праблемы абмяркоўваюць праз тэатар


У часе пастаноўкі актор сядзіць побач з каменем, які можа сымбалізаваць цяжар сытуацыі з мовай у Беларусі

У часе пастаноўкі актор сядзіць побач з каменем, які можа сымбалізаваць цяжар сытуацыі з мовай у Беларусі

Што такое дакумэнтальны тэатар? І прычым тут праблемы мовы? Пра гэта берасьцейцы даведваюцца на паказах спэктакля «Білінгвы. Берасьце» акторскай кампаніі «Насупраць».

Спэктакль «Білінгвы. Берасьце» пастаноўкі рэжысэра Дзяніса Фёдарава і актора Анатоля Бараньніка ўнікальны сваёй формай паказу вэрбацім (дакумэнтальны тэатар). У часе такой пастаноўкі акторы распавядаюць у выглядзе маналёгу гісторыі рэальных людзей. Каля году спэктакль заваёўвае сэрцы берасьцейцаў, апошні паказ адбыўся ў культурным цэнтры «Грунтоўня» у межах Тыдня роднай мовы.

Для спэктаклю «Білінгвы. Берасьце» рэжысэр і актор запісалі больш за 20 аповядаў берасьцейцаў, якія выказалі свой погляд на сытуацыю зь беларускай і расейскай мовамі, распавялі аб тым, якімі яны бачаць беларусаў, аб беларускай нацыянальнай ідэі.

Адзіны актор спэктаклю Анатоль Бараньнік у адвольнай форме пераказваў вытрымкі з маналёгаў апытаных берасьцейцаў з зусім рознымі поглядамі на ўзьнятую праблему.

Больш за 30 берасьцейцаў прысутнічалі на апошнім паказе “Білінгваў”

Больш за 30 берасьцейцаў прысутнічалі на апошнім паказе “Білінгваў”

Часам ён увасабляецца ў расейскамоўнага хлопца, якому падабаецца беларуская мова, але ён ня ведае, як пачаць на ёй размаўляць:

«Размаўляю, натуральна, па-расейску, як і ўсе ў большасьці сваёй. Але беларуская падабаецца. Беларускую музыку слухаю, беларускамоўную. Гады два таму думаў пачытаць нешта па-беларуску, думаў пра Караткевіча...»

Грае актор і берасьцейца, які ня верыць у пэрспэктывы беларускай мовы:

«Беларускую мову вучаць людзі, якія ў выніку нікому ня будуць патрэбныя. Узяць выкладчыкаў — на іх жа паглядзіш і плакаць хочацца. Усе нейкія незамужнія, зь неўладкаваным лёсам... Міністар культуры гаворыць па-расейску. Што табе яшчэ трэба? 80 % Гарадзенскай вобласьці маюць „карту паляка“ — нашую краіну „разьбяруць“ ізноў. Таму што там „карта паляка“, а ў Віцебску ва ўсіх прарасейскія погляды».

Рэжысэр “Білінгваў” Дзяніс Фёдараў (зьлева) і актор Анатоль Бараньнік у часе абмеркаваньня спэктаклю

Рэжысэр “Білінгваў” Дзяніс Фёдараў (зьлева) і актор Анатоль Бараньнік у часе абмеркаваньня спэктаклю

Усяго за гадзіну актор паказаў больш за дзясятак вобразаў берасьцейцаў з розным меркаваньнем на моўную сытуацыю ў Беларусі.

Увесь спэктакль выглядае нязмушанай гутаркай з гледачом — актор то сядзіць перад слухачамі, то падыходзіць бліжэй да аднаго з прысутных і ўглядаецца ў твар, або нават заходзіць у самы канец залі і сядае побач з гледачамі, змушаючы ўсіх павярнуцца. У часе паказу гледачам не забараняецца нават уступаць у палеміку з акторам, таму часам «Білінгвы. Берасьце» называюць інтэрактыўным спэктаклем.

Пасьля пастаноўкі гледачы абмяркоўваюць разам з акторам і рэжысэрам моўную сытуацыю, а некаторыя госьці нават дзеляцца матэрыялам для будучых паказаў «Білінгваў».

Пасьля спэктаклю адбываецца абмеркаваньне, гледачы разам з рэжысэрам і акторам шукаюць адказы на свае пытаньні аб білінгвізме

Пасьля спэктаклю адбываецца абмеркаваньне, гледачы разам з рэжысэрам і акторам шукаюць адказы на свае пытаньні аб білінгвізме

Стварыць «Білінгвы. Берасьце» Дзяніса Фёдарава і Анатоля Бараньніка натхніла падобная пастаноўка менчука Андрэя Саўчанкі. Але берасьцейскія «Білінгвы» разьвіваюцца на мясцовым матэрыяле, кажа рэжысэр Дзяніс Фёдараў:

«Мы падумалі, што будзе лягічным нам узяць інтэрвію ў жыхароў Берасьця. Таму што тут такая свая спэцыфічная сытуацыя, свая гісторыя. У нас быў абсалютна розны кантынгент — ад простых людзей да заслужаных дзеячаў мастацтва».

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з акторам спэктаклю «Білінгвы. Берасьце» Анатолем Бараньнікам.

— Анатоль, вашая пастаноўка зьдзейсьненая ў форме вэрбацім — асаблівым відзе дакумэнтальнага тэатру. Распавядзіце пра гэта, чаму абралі гэты накірунак.

Нам усім не хапае кантакту з гледачом, нечага простага. Наш спэктакль заўсёды новы, таму што ён не прывязаны ні да якай прасторы, яго можна граць дзе заўгодна.

— Спэктакляў гэтай формы, напэўна, ня так шмат у Беларусі. Вэрбацім толькі набірае абароты. Гэта новае, цікавае... Мне падаецца, нам усім не хапае кантакту з гледачом, нечага простага. Наш спэктакль заўсёды, у прынцыпе, новы, таму што ён не прывязаны ні да якай прасторы, яго можна граць дзе заўгодна — у парку, лесе, на прыпынку, у хаце, у склепе. Мы ўжо гралі яго ўсюды.

— Выступаеце толькі ў Берасьці?

— Не, мы выяжджалі на фэстываль у Гарадзенскую вобласьць. Распавядалі там сытуацыю ў Берасьці, таму што, як мне падаецца, у кожным рэгіёне сытуацыя свая. Зараз у нас ёсьць такая ідэя: прыехаць у любы горад, але перад гэтым туды заехаць у госьці на тыдзень, набраць там інтэрвію мясцовых жыхароў і зладзіць спэктакль канкрэтнай лякацыі.

“Ці можна мяне лічыць беларусам, толькі таму што ў мяне пашпарт беларускі?” – задаецца пытаньнем адзін з герояў спэктаклю, якога грае Анатоль Бараньнік

“Ці можна мяне лічыць беларусам, толькі таму што ў мяне пашпарт беларускі?” – задаецца пытаньнем адзін з герояў спэктаклю, якога грае Анатоль Бараньнік

— А ў вас усе спэктаклі дакумэнтальныя?

— Не, нашая акторская кампанія «Насупраць» не спэцыялізуецца на дакумэнтальных спэктаклях, але так атрымалася, што цяпер мы робім два такія спэктаклі. Але мы межаў для сябе ня ставім. У нас ёсьць нават дзіцячыя спэктаклі. Мы стараемся ахапіць як мага больш людзей, каб пазнаёміць іх з тэатрам і рознымі яго формамі.

— Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч працуе прыблізна ў вашым стылі — у дакумэнтальным, але не тэатры, а літаратуры. Вы бачыце нейкае падабенства паміж яе творчасьцю і вашай?

— Прызнаюся, што калі мы пачалі працаваць з дакумэнтальным тэатрам, я ня быў знаёмы з творчасьцю Сьвятланы Алексіевіч. Калі захацець, падабенства бачыць можна, але мы ідзем усё ж не яе шляхам.

— Можа, беларусы проста схільныя да самаспасьціжэньня, дакумэнталістыкі?

Нам трэба разабрацца, што мы за нацыя. Нам трэба гэта зразумець. Для гэтага тут і адбываецца гэты «поўны кантакт» з гледачом.

— Так, гэта цікавая думка. Хаця на такое пытаньне нельга адказаць каротка і зразумела. Нам трэба разабрацца, што мы за нацыя. Нам трэба гэта зразумець. Таму, напэўна, для гэтага тут і адбываецца гэты «поўны кантакт» з гледачом.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG