Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамір’е ў Сырыі пачне дзейнічаць апоўначы 27 лютага


Плян перамір’я ў Сырыі, узгоднены ЗША і Расеяй, павінен уступіць у сілу апоўначы 27 лютага.

ЗША і Расея аб’явілі аб узгадненьні пляну аб умовах і тэрміне спыненьня ваенных дзеяньняў у Сырыі.

«ЗША і Расія... прапануюць спыніць ваенныя дзеяньні з 00:00 гадзін паводле дамаскскага часу 27 лютага 2016 году. Спыненьне баявых дзеяньняў павінна закрануць тыя бакі сырыйскага канфлікту, якія паказалі сваю прыхільнасьць дамове і прынялі яе ўмовы», — гаворыцца ў распаўсюджанай амэрыканскім дзярждэпартамэнтам сумеснай заяве ЗША і Расеі.

Пад пагадненьне аб спыненьні агню ня трапляюць «Ісламская дзяржава», «Фронт ан-Нусра» і іншыя арганізацыі, прызнаныя Радай Бясьпекі ААН тэрарыстычнымі, сказана ў заяве.

У нядзелю, 21 лютага, дзяржсакратар ЗША Джон Кэры абвясьціў, што ён і кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў узгаднілі папярэдняе пагадненьне аб умовах перамір’я ў Сырыі, якое можа ўступіць у сілу ў бліжэйшыя дні.

12 лютага на перамовах па ўрэгуляваньні сырыйскага канфлікту з удзелам Лаўрова і Кэры ў Мюнхэне было падпісана пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў, якое павінна было ўступіць у сілу не пазьней за 19 лютага, аднак гэтага так і не адбылося.

Мяркуецца, што перамір’е дазволіць наладзіць перамовы паміж сырыйскімі паўстанцамі і ўрадам Башара Асада.


Аналітыкі, знаёмыя з сытуацыяй у рэгіёне, выказваюць скептыцызм наконт эфэктыўнасьці будучага перамір’я, улічваючы характар канфлікту і тое, што папярэдняя спроба абвясьціць спыненьне агню была беспасьпяховай.

XS
SM
MD
LG