Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: яны пратэсьціравалі рэакцыю, і цяпер Лукашэнка зноў будзе выступаць абаронцам звычайных людзей


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Жыльлёва-камунальныя паслугі не маглі падаражэць амаль у два разы бяз санкцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, камэнтуючы сёньняшнюю нараду, на якой Аляксандар Лукашэнка выказаў абурэньне сытуацыяй з тарыфамі на жыльлёва-камунальныя паслугі.

«Сёньня пры дапамозе Лукашэнкі і Анфімава выкрышталізавалася назва беларускай эканамічнай мадэлі — гэта эканоміка „ад балды“. Лукашэнка „ад балды“ дае нейкія загады, а чыноўнікі „ад балды“ іх выконваюць. А потым думаюць, чаму гэта не спрацавала», — кажа экспэрт.

Раманчук канстатуе, што Лукашэнка ўжо далёка не ўпершыню робіць выгляд, быццам ня ведае пра тое, што адбываецца ў краіне.

Яны пратэсьціравалі рэакцыю людзей, паглядзелі, што гэта вельмі балюча, і зараз Лукашэнка зноў будзе выступаць абаронцам звычайных людзей.

«Сёньняшняе паседжаньне нагадала тое, што было ў 95-м годзе, калі Лукашэнка кудысьці зьехаў, а потым адмотваў цэны назад — быццам урад яго не паслухаў. Таксама і сёньня. Я думаю, спачатку быў загад павялічыць тарыфы, каб дайсьці да пакрыцьця насельніцтвам сабекоштаў, а другі загад быў зусім іншы. А Лукашэнка, аддаўшы два супрацьлеглыя загады, паглядзеў, як іх выконваюць. Цяпер ён можа зноў згуляць на папулізьме, сказаць, што гэта ня ён. Але ж цяпер ён нават з краіны не выяжджаў. Ён кажа, што там нехта нешта зрабіў безь ягонага ведама, а я думаю, што тут нават мыш не праскочыць безь яго. Калі жыльлёва-камунальныя паслугі ў два разы падаражэлі, то, безумоўна, санкцыя зьверху была. Яны пратэсьціравалі рэакцыю людзей, паглядзелі, што гэта вельмі балюча, і зараз Лукашэнка зноў будзе выступаць абаронцам звычайных людзей», — сказаў Раманчук.

Раманчук мяркуе, што цяпер улады ўсё ж трохі зьнізяць тарыфы.

Гэта такая тактыка па падвышэньні тарыфаў у сытуацыі, калі грошай у дзяржаве няма і яна павінна залазіць у кішэні людзей.

«Гэта такая тактыка ёсьць. Спачатку трэба на 100% падвысіць, а потым крыху, на 10–20%, зьнізіць, каб сказаць — ведаеце, мы пакаралі чыноўнікаў. Нават крымінальную справу можам адкрыць, каб людзі ведалі, што ёсьць у іх абаронца Лукашэнка, які за ўсімі глядзіць і які зьяўляецца крыніцай справядлівасьці. Таму гэта такая тактыка па падвышэньні тарыфаў у сытуацыі, калі грошай у дзяржаве няма і яна павінна залазіць у кішэні людзей», — падкрэсьлівае эканаміст.

У любым выпадку, адзначае Раманчук, сёньня ніхто ў Беларусі ня мае адназначнага ўяўленьня, што такое сабекошт жыльлёва-камунальных паслугаў.

«Жыльлёва-камунальныя манапалісты на адной хвалі, Камітэт дзяржаўнага кантролю на іншай, а без прынцыповага прафэсійнага аўдыту гэтай сфэры там усё роўна будзе бардак. Калі не абламаць крылы манапалістам яны ўсё роўна праўдамі ці няпраўдамі возьмуць зь людзей значна больш», — лічыць ён.

Сёньня ў ходзе нарады ў прэзыдэнта старшыня Камітэту дзяржкантролю Леанід Анфімаў расказаў Лукашэнку, што неабходныя разьлікі з коштам жыльлёва-камунальных паслуг былі праведзены, але з прымяненьнем на практыцы атрымалася з дакладнасьцю да наадварот, усё было зроблена, што называецца, «ад балды».

«Значыць, надзеньце кайданкі тым, хто ня выканаў даведзеныя па маім загадзе тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Тут павінен быць сьпіс, хто гэтую „балду“ прыдумаў. Хопіць зь імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плянуем, а яны робяць усё па-свойму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG