Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі суд пакараў за рыторыку нянавісьці супраць сырыйскіх уцекачоў


Суд у Любліне пакараў 30-гадовую беспрацоўную жанчыну двухмесячнай турмою з адтэрміноўкай на два гады і штрафам за камэнтар у сацыяльнай сетцы, у якім пракурор убачыў заклік да нянавісьці і зьнявагу па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасьці.

«Мурзы ё....я. Яшчэ грэбуюць дапамогай. У газавую камэру», — так напісала гэтая жанчына, адзінокая маці, у Фэйсбуку, карыстаючыся мянушкай «Olka Helenka». Так яна пракамэнтавала фільм аб уцекачах з Сырыі, якія не захацелі прыняць дапамогі ад паліцыянтаў.

Камэнтарам зацікавілася дзеячы арганізацыі «Адкрытая Рэч Паспалітая», якая змагаецца з выпадкамі нянавісьці ў сеціве. Яны паведамілі пракуратуру, і сьледчыя неўзабаве знайшлі аўтарку допісу. Жанчына прызнала сваю віну і выказала шкадаваньне з прычыны свайго камэнтару, паведамляе люблінская газэта Dziennik Wschodni. Газэта дадае, што абвінавачаная разам з пракурорам узгаднілі пакараньне.

«Такіх выпадкаў, падобных допісаў штораз болей. Таму тут пакараньне пазбаўленьнем волі. Зьмякчальнымі абставінамі было тое, што Ольга К. да гэтага часу ня мела судзімасьці. На думку суду, сеяньне нянавісьці ў інтэрнэце можна палічыць усяго эпізодам у яе жыцьці» — патлумачыла прысуд судзьдзя Марта Марчэўская.

XS
SM
MD
LG