Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія прадпрымальнікі: «Работу! Работу!»


У Горадні на плошчы Леніна адбылася несанкцыянаваная акцыя пратэсту прадпрымальнікаў, якія з-за ўказу № 222 ужо больш за месяц ня могуць працаваць на рынках. Удзел узялі каля ста чалавек, міліцыянты не перашкаджалі.

Яшчэ ў мінулы панядзелак падчас акцыі пратэсту на плошчы Леніна ў Горадні прадпрымальнікі дамовіліся, што чарговая акцыя за адмену ўказу № 222 адбудзецца 22 сакавіка ў панядзелак на тым самым месцы ў цэнтры гораду.

Сёньня на плошчу Леніна зноў прыйшло каля ста чалавек. Ішоў дождж, і многія казалі, што гэта стала перашкодай для таго, каб сабралася болей людзей.

Яны прастаялі побач з помнікам Леніну больш як гадзіну, проста гаворачы між сабой. Толькі напрыканцы акцыі голасна сталі выкрыкваць: «Работу! Работу!». Журналісты цікавіліся, што іх прывяло на плошчу — людзі адказвалі, што дамагаюцца адмены ўказу № 222, і кожны распавядаў пра сваё незадавальненьне:

— Мы хочам працаваць, мы хочам, каб нам дазволілі гэта рабіць, — кажа жанчына пэнсійнага веку. — У мяне дачка ўжо больш як год ня можа працу знайсьці, а цяпер яшчэ не дазваляюць працаваць мне...

Хоць нам кажуць, што мы жывём у свабоднай краіне, але насамрэч мы ўсяго баімся.

— Мы хочам працаваць, плаціць падаткі, бо ў нас сем’і, дзяцей трэба ў школу адпраўляць штодня, і трэба ж неяк наагул жыць. Вы паглядзіце, тут пераважна жанчыны, і мы вымушаныя выходзіць на плошчу.

— Нас мала, бо, можа, надвор’е такое, а можа, таму што мы запалоханыя, нас увесь час палохаюць: там на сьпісак пішуць, там на сьпісак пішуць, і ня ведаеш, у які куток шарахацца. Хоць нам кажуць, што мы жывём у свабоднай краіне, але насамрэч мы ўсяго баімся.

— А я вунь на пэнсіі, але не магу на гэтую пэнсію пражыць, бо лекі дарагія, камуналка прыйшла амаль каля мільёна, і на жыцьцё нічога не застаецца. А мы ж, прадпрымальнікі, нічога ў дзяржавы ня просім, мы ўсё толькі аддаём у выглядзе падаткаў і розных аплатаў. Колькім людзям працу даём, каторыя на рынках працуюць, але ніхто нічога гэтага не глядзіць... У нас толькі адна просьба да ўладаў: дазвольце нам працаваць.

А вось размаўляю з маладзейшымі людзьмі і цікаўлюся, што іх прывяло на плошчу. Малады чалавек кажа, што іх жыцьцё цяпер, як сёньняшняе хмарнае неба, і ніякага прасьвету не відаць:

Мы хочам паказаць нашым уладам, каб яны яшчэ раз задумаліся над тым, колькі людзей сёньня застаецца бяз працы.

— Мы хочам паказаць нашым уладам, каб яны яшчэ раз задумаліся над тым, колькі людзей сёньня застаецца бяз працы. Ва ўсіх нас сем’і, дзеці, няўжо ніхто ў нашым кіраўніцтве гэтага не разумее?

— Апрача таго, што ў нас няма працы, з нас ужо хутка будуць спаганяць падатак за дармаедзтва, — кажа маладая дзяўчына. — Што наагул адбываецца, хто можа патлумачыць? Ну вось як жыць далей хоць старым, хоць маладым? Здаецца, яны ўжо даканаюць гэтых іпэшнікаў...

— Хочацца есьці кожны дзень — дадае мужчына сярэдняга веку, — хоць смачна, хоць нясмачна, але хочацца. А яшчэ карміць сям’ю хочацца. Але нічога ў нас не атрымліваецца, і не таму, што мы працаваць ня хочам, а таму, што нехта надта ўпарты. Два месяцы амаль мы ўжо праседзелі і амаль усё праелі, а што далей?

Прастаяўшы гадзіну пад дажджом прадпрымальнікі пачалі голасна крычаць: «Работу! Работу!». Праўда, гэта працягвалася нядоўга.

Дробным гандлярам ад 1 студзеня гэтага году забаронена гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці без сэртыфікатаў. Індывідуальныя прадпрымальнікі заяўляюць, што патрабаваньні ўказу выканаць немагчыма, і ў выніку гэта прывяло да спыненьня большасьці рынкаў краіны. Бяз працы і сродкаў да існаваньня засталіся тысячы людзей і іхнія сем’і.

На мітынгу ў цэнтры Горадні 15 лютага прадпрымальнікі прынялі рашэньне зьбірацца кожны панядзелак да тае пары, пакуль іх патрабаваньні ня будуць выкананыя. Цягам тыдня частка гандляроў выйшла на свае працоўныя месцы, не зважаючы на адсутнасьць неабходных дакумэнтаў, бо сродкаў да існаваньня не засталося. Частка прадпрымальнікаў працягвае страйк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG