Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: Расея зьдзяйсьняе ваенныя злачынствы ў Сырыі


Праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвінаваціла Расею ў ваенных злачынствах у Сырыі.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, на працягу апошняга тыдня расейскія вайсковыя самалёты наўмысна наносілі ўдары па мірных жыхарах і ратавальніках.

У інтэрвію тэлекампаніі Sky News дырэктар крызіснай праграмы Amnesty International Тырана Хасан заявіла, што ў арганізацыі ёсьць сьведчаньні таго, што ўдары наносяцца у тым ліку па школах, лякарнях і жылых дамах.

Паводле Хасан, бамбаваньні грамадзянскіх аб’ектаў — ужо само па сабе ваеннае злачынства, але пры гэтым увесь час паступаюць сьведчаньні нанясеньня паўторных авіяўдараў, у выніку якіх гінуць і атрымліваюць раненьні супрацоўнікі гуманітарных місій і мірныя жыхары, якія спрабуюць эвакуяваць параненых і вынесьці целы загінулых.

15 лютага быў апублікаваны відэазапіс разбамбаванага жылога кварталу ва ўсходняй частцы сырыйскага гораду Алепа. На кадрах бачна, як ратавальнікі спрабуюць вынесьці цела 5-гадовага хлопчыка зь месца, па якім быў зроблены расейскі авіяўдар. Загінулі яго брат-блізьнюк, сястра і маці. Прычым гэта адбылося ў раёне, што знаходзіцца пад кантролем памяркоўнай апазыцыйнай Свабоднай сырыйскай арміі.

Паводле ратавальнікаў, грамадзянскія аб’екты кожны дзень церпяць ад удараў, у тым ліку з выкарыстаньнем забароненых касэтных бомбаў і тэрмабарычных боепрыпасаў.

Расея пастаянна адхіляе падобныя абвінавачаньні.

XS
SM
MD
LG