Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наркевіч: «Мы зьніжаем градус». Шумчанка: «Рабочая група забыла пра ІП»


Анатоль Шумчанка падчас форуму прадпрымальнікаў 1 лютага 2016 году

Анатоль Шумчанка падчас форуму прадпрымальнікаў 1 лютага 2016 году

Напярэдадні мітынгу пра перамовы па ўказе № 222 выказаліся намесьнік міністра гандлю і старшыня «Пэрспэктывы». Сёньня на мітынгу прадпрымальнікаў іх ня будзе.

Намесьнік міністра гандлю Беларусі Ірына Наркевіч заявіла, што ўказ № 222 і працэдура сэртыфікацыі скасаваныя ня будуць, перадае «Советская Белоруссия». Тым ня меней, заяўляе яна, «будуць спрошчаныя працэсы і мінімізаваныя рызыкі».

Паводле словаў намесьніцы міністра, у краіне змагаюцца зь бюракратыяй, у тым ліку ў галіне эканомікі. А ў працы індывідуальных прадпрымальнікаў «адсякаюцца залішнія патрабаваньні».

Яна прыводзіць прыклад: калі прыватныя гандляры на рынку ці ў гандлёвым цэнтры маюць тры пункты продажаў, то сёньня яны мусяць мець дакумэнты ва ўсіх трох месцах, але цяпер прапануецца зрабіць так, каб дакумэнты трэба было мець толькі на адным з мноства пунктаў.

«Таму мы паніжаем градус», — пракамэнтавала яна такія зьмены.

Тым часам старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка заявіў на Facebook, што на перамовах рабочай групы па пытаньнях прадпрымальнікаў ніхто не падтрымаў пазыцыю «Пэрспэктывы» па скасаваньні ўказаў і сэртыфікатаў, супраць якіх пратэстуюць прадпрымальнікі. Шумчанка заўважае, што быў адзіным, хто на рабочай групе прагаласаваў супраць пастановы пра сэртыфікаты.

Пэрспэктыва дамаглася стварэньня рабочай групы, але самі ўдзельнікі прыйшлі вырашаць свае вузкія пытаньні, спрэс забыўшыся на патрабаваньні большасьці ІП.

«Пэрспэктыва дамаглася стварэньня рабочай групы, але самі ўдзельнікі прыйшлі вырашаць свае вузкія пытаньні, спрэс забыўшыся на патрабаваньні большасьці ІП, — піша ён. — Таму мяне там чыноўнікі пастаянна выганяюць і называюць сабатажнікам, таму што выступаю супраць імітацыі перамоваў і займаю жорсткую пазыцыю па ключавых пытаньнях».

Шумчанка згадвае салігорскага прадпрымальніка Анатоля Зьмітровіча, які нібыта «пастаянна бегае да Маргелава, Калініна і Карагіна (сярэдні і буйны бізнэс) і пытаецца ў іх, ці правільна ён усё гаворыць і ці не сказаў чаго лішняга». Зьмітровіч жа раней заклікаў да адстаўкі ўраду, таксама паведамляў пра падтрымку сьветлагорскімі прадпрымальнікамі мітынгу 22 лютага і наступнага — на Дзень Волі.

Прадстаўнікі ўладаў не паведамлялі пра «выхад да народу» на мітынг 22 лютага, не выходзілі да людзей на вуліцы і на акцыі тыдзень таму. Але на Плошчу сёньня не зьбіраецца і Шумчанка. Ён тлумачыць: гэта несанкцыянаваная акцыя, таму ўлады ня ўпусьцяць магчымасьці яго затрымаць перад паседжаньнем рабочай групы. Але шараговым прадпрымальнікам, піша ён, няма чаго баяцца.

Не дапамогуць перамовы, пойдуць канфіскацыі, — будзем рыхтаваць акцыі пратэсту, з удзелам хаця б 10-15 тысяч.

«Я быў на плошчы шмат разоў, сядаў шмат разоў у турму, таму туды я яшчэ пасьпею, дазвольце на гэты раз пайсьці іншым шляхам і зрабіць усё пасьлядоўна, — тлумачыць Шумчанка няўдзел у акцыі. — Не дапамогуць перамовы, пойдуць канфіскацыі, — будзем рыхтаваць акцыі пратэсту, з удзелам хаця б 10-15 тысяч. Рана ці позна ўлады мяне ўсё роўна пасадзяць, але гэта ня значыць, што туды трэба імкнуцца ўсімі сіламі!»

Прадпрымальнікам ён прапанаваў масава накіраваць у Адміністрацыю прэзыдэнта звароты на імя Лукашэнкі, падтрымаўшы прапанову Міколы Статкевіча.

XS
SM
MD
LG