Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадпрымальнікі хочуць адстаўкі ўраду


Мітынг прадпрымальнікаў у Менску 15 лютага 2016 году

Мітынг прадпрымальнікаў у Менску 15 лютага 2016 году

Індывідуальныя прадпрымальнікі зноў зьбіраюцца на несанкцыянаваны мітынг на Кастрычніцкай плошчы Менску сёньня, 22 лютага. Пачатак а 12-й гадзіне.

Такое рашэньне было пранятае падчас мітынгу прадпрымальнікаў у мінулы панядзелак, 15 лютага. Прадстаўнікі дробнага бізнэсу дамагаюцца ад уладаў адмены прэзыдэнцкага ўказу нумар 222.

Гэтым указам дробных гандлярам ад 1 студзеня гэтага году забаронена гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці без сэртыфікатаў. Індывідуальныя прадпрымальнікі заяўляюць, што патрабаваньні ўказу немагчымыя для выкананьня, і ў выніку гэта прывяло да спыненьня большасьці рынкаў краіны. Бяз працы і сродкаў да існаваньня застануцца тысячы людзей і іх сем’і.

Падчас мітынгу 15 лютага прадпрымальнікі прынялі рашэньне зьбірацца кожны панядзелак да тае пары, пакуль іх патрабаваньні ня будуць выкананыя. Цягам тыдня частка гандляроў выйшла на свае працоўныя месцы, не зважаючы на адсутнасьць неабходных дакумэнтаў, страціўшы сродкі да існаваньня.

Частка прадпрымальнікаў працягвае страйк, многія прыедуць у Менск з розных гарадоў Беларусі. Сярод іншых — індывідуальныя прадпрымальнікі з Крупак, паведаміла Свабодзе адна з прадстаўнікоў дробнага бізнэсу ў гэтым горадзе Ганна Бандарэнка:

Людзі вельмі незадаволеныя і злыя. Яны кажуць, што ва ўрадзе сядзяць абсалютна недальнабачныя людзі, якія ня ведаюць, што робяць.

«Канечне, прыедзем, бо людзі вельмі незадаволеныя і злыя. Яны кажуць, што ва ўрадзе сядзяць абсалютна недальнабачныя людзі, якія ня ведаюць, што робяць. І агулам не валодаюць сытуацыяй, што ў краіне робіцца — ні ўрад, ні парлямэнт, ні прэзыдэнт. Гэта нейкія шкоднікі для народу, а не ўлада. Усё робіцца супраць народу, а не дня народу: штодня чакаеш ня добрых законаў і распараджэньняў зьверху, а нейкай „гадасьці“. Кошты растуць і на ЖКГ, і за дзіцячыя сады, і за навучаньне, прадукты — ўсё расьце, і пры гэтым нас пазбаўляюць працы. Таму людзі вельмі незадаволеныя і злыя».

Мітынг прадпрымальнікаў у Горадні, 15 лютага 2016 году

Мітынг прадпрымальнікаў у Горадні, 15 лютага 2016 году

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху ў Сьветлагорску Анатоль Зьмітровіч таксама заяўляе пра свой удзел у мітынгу на Кастрычніцкай плошчы Менску разам з паплечнікамі:

«У Сьветлагорску на Першамайскім рынку адбыўся сход, і прадпрымальнікі вырашылі быць у Менску. Патрабаваньні ў нас будуць ужо не за адмену ўказу нумар 222. Бо такіх „222-іх“ пры такім урадзе могуць быць дзясяткі. І кожныя паўгода прымаецца нейкі нарматыўны акт, які пагаршае працу індывідуальных прадпрымальнікаў. І людзі разумеюць, што так будзе працягвацца і надалей. І найхутчэй, галоўная мэта ўладаў — тая маёмасьць, якую назапасілі індывідуальныя прадпрымальнікі. Бо галоўнае пакараньне — канфіскацыя, канфіскацыя, канфіскацыя. Я ўжо казаў на адным з форумаў, што маёмасьць прадпрымальнікаў — гэта стратэгічны рэсурс дзяржавы. І цяпер шукаецца і выкарыстоўваецца ўсялякая нагода, каб дабрацца да гэтага рэсурсу».

Сходы прадпрымальнікаў, дзе было вырашана прыняць удзел у мітынгу на Кастрычніцкай плошчы Менску, прайшлі таксама ў Полацку, Магілёве і іншых гарадах. Індывідуальныя прадпрымальнікі таксама кажуць, што частка людзей ня мае пэўнага меркаваньня адносна мэтадаў змаганьня за сваё права на працу. Аднак Аляксандар Макаеў — адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху ў Менску — заявіў Свабодзе, што мітынг на Кастрычніцкай адбудзецца ў любым выпадку:

Аляксандар Макаеў

Аляксандар Макаеў

«Мітынг адбудзецца ў кожным разе і пры любым надвор’і. І настрой у нас рашучы, бо многія разумеюць, што ад масавасьці і салідарнасьці залежыць, у тым ліку, і адстаўка ўраду, у тым ліку прэм’ера Кабякова, міністра эканомікі Зіноўева і Налівайкі — міністра па падатках і зборах, якія цьвёрда адстойваюць указ нумар 222. Тыя ж прадпрымальнікі, якія на свой страх і рызыку выйшлі на працу — ім пагражаюць высокія штрафы, канфіскацыя тавараў і выручкі, а ў выніку — збанкрутаваньне. Таму патрабаваньні ў нас будуць як ранейшыя, так і новыя, і з гэтым будзем вызначацца падчас мітынгу».

Як паведаміў Аляксандар Макаеў, у рэгіёнах Беларусі мясцовыя ўлады ціснуць на прадпрымальнікаў, каб перашкодзіць іх удзелу ў менскім мітынгу. У прыватнасьці, полацкі прадпрымальнік Генадзь Бердзянёў атрымаў пазоў зьявіцца ў міліцыю а 11.00 гэтага ж дня. Сам Аляксандар Макаеў быў затрыманы напярэдадні ў Сьветлагорску. Зь ягонага аўтамабіля таксама былі скручаныя колы.

Пра сваю падтрымку прадпрымальніцкага мітынгу ў сацыяльных сетках заявіў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Палітык Мікола Статкевіч таксама заклікаў перад пачаткам мітынгу сабрацца каля прыёмнай прэзыдэнцкай адміністрацыі, каб перадаць заявы з патрабаваньнем адмены ўказу нумар 222.

XS
SM
MD
LG