У панядзелак польскі Інстытут нацыянальнай памяці разьмесьціць а 12-ай гадзіне ў Інтэрнэце так званае дасье агента Болека, якое даказвае, што былы прэзыдэнт Польшчы і лідэр прафсаюза «Салідарнасьць» Лех Валенса ў 1970-я гады быў агентам дзяржбясьпекі ПНР.
Пра гэта ў суботу абвясьціў дырэктар інстытута Лукаш Каміньскі падчас прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве.
Лех Валенса, які знаходзіцца цяпер у паездцы ў ЗША, катэгарычна абверг абвінавачаньні ў супрацоўніцтве са службай дзяржбясьпекі ПНР.
«Таму, калі знойдзеныя нейкія няясныя дакумэнты, трэба іх старанна і прафэсійна праверыць. Яшчэ раз заяўляю публічна, што ніколі не было маёй згоды на супрацоўніцтва са службай бясьпекі ў сэнсе даносаў або падтрымкі», — паведаміў Лех Валенса.
Дакумэнты былі выяўленыя ў доме ўдовы былога міністра ўнутраных спраў ПНР Чэслава Кішчака — Марыі Тэрэзы, якая першапачаткова хацела прадаць гэтыя дакумэнты інстытуту Нацыянальнай памяці. Калі стала вядома пра існаваньне гэтых дакумэнтаў, пракуратура правяла ператрус у доме Кішчака і канфіскавала 50 кіляграмаў розных дакумэнтаў, у тым ліку і дасье Болека — пад гэтым псэўданімам, як лічыцца, праходзіў агент Лех Валенса.