Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У сувязі са страйкамі індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі, якія з-за ўказу № 222 амаль спынілі гандаль, ажывіліся паездкі на закупы за мяжу. У Смаленск выправілася карэспандэнтка Свабоды.

Жыхары ўсходняга памежжа Беларусі масава едуць на закупы ў смаленскія гандлёвыя цэнтры. Выбар, разнастайнасьць, зьніжкі — гэта станоўчыя рысы, якія адзначаюць шопінг-турысты. Адмоўная адна — у беларусаў мала грошай.

Купляюць тое, што таньней, чым у Беларусі

Зь Віцебска на закупы ў расейскі Смаленск людзі езьдзілі ў розны час — па рознае. Гады тры таму на гуртовым кірмашы ў суседнім расейскім абласным цэнтры жыхары Віцебшчыны куплялі каву, гарбату, алей, іншыя харчовыя прадукты — як для сябе, так і для гандлю: мяхамі, каробкамі, упакоўкамі.

Быў час, калі віцябляне рабілі «налёты» на смаленскія крамы бытавой тэхнікі і прывозілі ўсё, што толькі ўмяшчалася ў рукі, — сокавыціскалкі, мікрахвалёўкі і тэлевізары. Калі ў Расеі таньнела гарэлка — ехалі па яе. Ды па ўсё ехалі і едуць — у тым ліку па віцебскі абутак «Марка» або па прадукцыю тутэйшай птушкафабрыкі «Ганна»: у Смаленску беларуская экспартная прадукцыя таньней, чымсьці ў беларускай краме.

Сёньня новым павевам у шопінг-турызьме сталі ваяжы ў смаленскія гандлёвыя цэнтры. Іх арганізуюць і віцебскі аўтапарк, і мясцовыя турыстычныя фірмы, і смаленскае прадстаўніцтва фірмы «Максі». Апошні выпадак адметны: раней паездкі ў аднайменны гандлёва-забаўляльны цэнтар былі бясплатныя, аднак цяпер палітыка зьмянілася: апошні бясплатны рэйс зь Віцебску адбыўся ў мінулую суботу.

Ранішняя адпраўка

Ранішняя адпраўка

Бясплатныя аўтобусы скончыліся

Каб паехаць у «Максі», віцябляне зьбіраюцца па суботах у 7.30 раніцы на Маскоўскім праспэкце, насупраць крамы «Рублёўскі» — бліжэй да выезду ў расейскі бок. Некаторыя едуць ужо ня першы раз. Кіроўца тлумачыць: нічога страшнага, цяпер дарога ў два бакі стане хай сабе не бясплатнай, але й не дарагой — усяго 110 тысяч рублёў. Зрэшты, можна выбраць і падыходзячы кошт, і маршрут: аўтобусы на Смаленск адпраўляюцца адзін за адным. Толькі што адправіліся тры, а за імі, у прамежку 10-ці хвілінаў, пасажыраў запрашаюць яшчэ два.

Алена Ганчарова, мэнэджэр турыстычнай кампаніі «Брыг-Ваяж», пасьпявае і ўладкоўваць пакупнікоў, і адказваць на пытаньні:

Мэнэджэр Алена Ганчарова

Мэнэджэр Алена Ганчарова

«Ці шмат людзей езьдзіць? Вы ж бачыце, аўтобусы поўныя. Лепей зьвяртайцеся загадзя, у пятніцу месцаў ужо амаль не бывае. Што возяць са Смаленска? Ды хто што знойдзе! У Расеі таньнейшае золата, нехта вязе бытавую тэхніку, нехта — харчовыя прадукты. Хоць смаляне дзівяцца: маўляў, куды больш якасныя харчы — якраз у Беларусі».

За тры гадзіны — пакуль аўтобус даяжджае зь Віцебска да Смаленска — ужо пасьпявае разьвіднець. У дарозе ўсё часьцей сустракаюцца машыны зь беларускімі нумарамі, прычым ня толькі віцебскімі — бываюць і менскія, і магілёўскія, і нават гарадзенскія.

Смаленск сустракае беларусаў

Смаленск сустракае беларусаў

У горадзе шляхі аматараў шопінгу разыходзяцца: аўтобусы развозяць беларусаў па розных гандлёвых цэнтрах. Самыя папулярныя — «Галяктыка», «Максі» і харчовы гіпэрмаркет «Лінія». Апошні знаходзіцца непадалёк ад чыгуначнага і аўтавакзалаў, і частка пакупнікоў — тыя, хто дабіраецца ў Смаленск грамадзкім транспартам. Сюды ёсьць два шляхі: або аўтобусам, які каштуе дарагавата, або «перакладнымі» прыгараднымі цягнікамі: зь Віцебска да Рудні, а потым з Рудні да Смаленска, або з Воршы да Краснага і з Краснага ў абласны цэнтар.

«Галяктыка» на месцы ільнокамбіната

Гандлёвы цэнтар «Галяктыка» добра знаёмы беларусам: ён працуе ўжо трэці год. Пра першапачатковае прызначэньне гэтага будынка ў форме літары «П» сьведчыць памятная шыльда са словамі «Аб’ект культурнай спадчыны рэгіянальнага значэньня» — гэта былы галоўны корпус смаленскага ільнокамбіната, пабудаванага ў 1932-36 гадах. Цяпер тут пад тры дзясяткі фірмовых крамаў — Terranova, Reserved, LoveRepublic, House, CroppTown ды іншыя.

Суайчыньнікі шпарка выбягаюць з аўтобусаў, і ад размоваў на тэму «Што хочаце тут набыць?» катэгарычна ўхіляюцца. Расейскія гандляры таксама адмаўляюцца ад прапановаў даць інтэрвію, але ў прыватных размовах адзначаць, што беларусаў па выходных прыяжджае вельмі шмат. І што купляюць усё запар, асабліва калі ёсьць зьніжкі,— верагодна, каб потым прадаць або падарыць знаёмым.

Гандлёвы цэнтар «Галяктыка»

Гандлёвы цэнтар «Галяктыка»

Насамрэч, даволі шмат наведнікаў зь Беларусі ў крамах ювэлірных вырабаў, а таксама ў краме расейскай сеткі па продажы парфумэрыі і касмэтыкі «Л’Этуаль». Вабіць беларусаў і харчовы гіпэрмаркет «Карусель» — да такой ступені, што праз пару гадзінаў пасьля адкрыцьця некаторыя паліцы застаюцца ўвогуле пустыя.

Беларусаў тут большасьць

На паркоўцы каля гандлёвага цэнтру, апрача аўтобусаў — пераважная большасьць беларускіх аўто. Людзі прыяжджаюць сем’ямі, нешта прымяраюць, абмяркоўваюць набыткі. Жанчын сярод пакупнікоў значна больш, чым мужчын. Дзе-нідзе ў размовах чуваць «Тут хоць жыць можна, а ў Беларусі такога няма» і «Мой мне грошы прывёз, а цяпер зноў працаваць у Маскву паехаў».

З крамы выходзяць дзьве спадарыні — адна сярэдняга веку, другая пэнсіянэрка. У руках — пару пакетаў і сумкі з прычэпленымі флікерамі — адметная дэталь, якая дазваляе беспамылкова вызначыць беларусаў.

«Тут кошты амаль як у нас, хоць аформлена крама куды прыгажэй», — кажа старэйшая. І зьдзіўляе працягам: «А ў нас грошай мала, мы прыехалі Смаленск проста паглядзець. З гэтым аўтобусам атрымліваецца таньней, чымсьці самім ехаць з аўтавакзала. Карацей, мы на экскурсію!»

Усьпенскі сабор — на гары за «Галяктыкай»

Усьпенскі сабор — на гары за «Галяктыкай»

Галоўная смаленская адметнасьць — Усьпенскі сабор — добра відаць ад гандлёвага цэнтру. А час, каб паглядзець тутэйшыя помнікі архітэктуры, сапраўды можна знайсьці: аўтобусы спыняюцца каля розных гандлёвых цэнтраў на некалькі гадзінаў, і галоўнае — пасьпець сесьці ў яго ці для пераезду ў іншае месца, ці ўжо да выезду.

Выключэньне — хіба толькі «спэцрэйс» у гандлёвы цэнтар «Максі». Той самы, які да нядаўняга часу быў бясплатны. Зрэшты, і гэта ўмоўна: за паездку грошай сапраўды не бяруць, але ёсьць умова: у «Максі» трэба набыць тавараў ня менш як на адну тысячу расейскіх рублёў. На беларускія гэта каля 290 тысяч. Квіткі пакупнікі захоўваюць, а перад ад’ездам супрацоўнік «Максі» іх фатаграфуе.

Прынамсі, так было да гэтай суботы, распавёў кіроўца аўтобуса Юры:

Кіроўца Юры

Кіроўца Юры

«Пакуль так, а што будзе далей — хто ж ведае. Можа, гэта такі быў рэклямны ход. Бо набываць тавары ў „Максі“ насамрэч выгадна, калі ёсьць зьніжкі. Эканомія атрымліваецца відавочная: асабліва калі замовіць сабе нешта па інтэрнэце. Глядзіце: лыжы замовілі, зьніжка з пары — 600 рублёў, дзьве пары- ужо 1 200 рублёў, а за тое, што прыехалі і самі забралі — яшчэ 300 тысяч рублёў зьніжка. Купляюць усё. Прамысловыя тавары ў асноўным, а ёсьць і харчовы маркет „Лента“, там дысконтныя карты, і таксама вельмі добрыя зьніжкі. Дужа задаволеныя людзі крамай „Спортмастер“. Такіх у Беларусі няма, а тавары якасныя і недарагія. Парадак у нас такі: прыяжджаем каля 10-й раніцы, а ў Віцебск ад’яжджаем а 17-й гадзіне. Шмат часу, кажаце? А людзі наадварот — скардзяцца, што яшчэ й мала!»

Выбар: «Максі» ці «Калхозка»

«Тут як у Эўропе, — захоплена гаворыць дзяўчына свайму спадарожніку, сядаючы ў машыну зь менскімі нумарамі. — Як у «Акропалісе» або ў «Озасе».

Адзінае, што дужа істотна зьніжае «эўрапэйскі» ўзровень «Максі» — гэта адсутнасьць «абменьнікаў» валюты. Ехаць на шопінг даводзіцца, папярэдне набыўшы расейскія рублі ў патрэбнай колькасьці. Зрэшты, колькасьць для многіх вызначаецца не патрэбамі, а выключна фінансавымі магчымасьцямі.

«Эх, былі б грошы! Набылі па дробязях таго-сяго, а хацелася б і таго, і сяго», — жартуе спадарыня, трымаючы некалькі каробак з абуткам.

Пакупнікі ня дужа хочуць хваліцца набыткамі. А гандляры гэтаксама, як і ў «Галяктыцы», адмаўляюцца ад інтэрвію, спасылаючыся на распараджэньне начальства. Што да колькасьці беларускіх пакупнікоў, то яна ў апошнія пару месяцаў расьце, адзначаюць у крамах.

Гандлёва-забаўляльны цэнтар «Максі»

Гандлёва-забаўляльны цэнтар «Максі»

«Вядома, будзе расьці. Бо нашых прадпрымальнікаў «душаць», і мы ў Смаленск неўзабаве будзем езьдзіць ужо ня толькі па сукенкі — гарнітуры, а па танныя майткі і шкарпэткі. І ўжо ня ў «Максі» за «лэйблам», а на «Калхозку», — кажа спадар, заходзячы ў аўтобус з надпісам «Западная губерния». Гэта наваполацкая транспартная фірма, якая раней вазіла на шопінг у Вільню і Беласток, адкрыла новы маршрут — у Смаленск.

«Калхозка» — гэта прастамоўная назва Калгаснай плошчы, уздоўж якой цягнуцца шэрагі вулічных кірмашоў. Тут гандаль вядзецца зусім не па-эўрапейску. Запылены абутак на стэлажах, накрытых вылінялай цыратай, побач бялізна і шкарпэткі кітайскай вытворчасьці, верхняе адзеньне, прадавачкі якога хапаюць мінакоў за рукавы, прыгаворваючы «паглядзіце, якія курткі, зіма-вясна, усе памеры ёсьць, і нядорага». Навокал — маленькія крамкі, шапікі зь піражкамі ды чабурэкамі, тут жа гандлююць зялёнай цыбуляй, жывым карпам і венікамі для лазьні.

Канешне, тут нецывілізавана. Але спрэчна: ці нашмат лепей — апусьцелыя беларускія кірмашы і вымушанае памкненьне віцяблян паехаць на закупы ў Смаленск ды пакінуць свае грошы ў іншай краіне?

Амаль што спрэс – землякі

Амаль што спрэс – землякі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG