Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 21 лютага 2016: Міжнародны дзень роднай мовы


Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы.

ІХ Агульнанацыянальная дыктоўка, прысьвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. Месца правядзеньня: Таварыства беларускай мовы (Менск, вул. Румянцава, 13). Пачатак а 11.00.

Дыктоўкі ў Міжнародны дзень роднай мовы пройдуць таксама ў Магілёве (Палац культуры вобласьці^; пачатак а 13.00), Беларускім дзяржаўным музэі народнай архітэктуры і побыту (в. Азярцо каля Менску^; пачатак а 13.30) і Паставах (бібліятэка ім. Ул. Дубоўкі^; пачатак а 13.30).

Першы чэмпіянат Беларусі і Менску па зімовым (ледзяным) плаваньні.
У праграме, сярод іншага, спаборніцкія заплывы мужчын і жанчын у халоднай (ледзяной) вадзе на дыстанцыях 25, 50, 100, 200, 300 і 450 мэтраў брасам і вольным стылем; эстафэта 4×25 мэтраў. Месца правядзеньня: Камсамольскае возера, выратавальная станцыя на вул. Прагрэсіўнай, 29. Пачатак а 11.00.

21-22 лютага ў гандлёвым цэнтры «Момо» (Менск, Партызанскі пр.150а, пачатак а 9.00) пройдзе Фэстываль твораў беларускіх дызайнэраў і творчых майстэрняў пад назвай «Беларусі стыль». У рамках фэстывалю прадбачваюцца паказ і продаж працаў маладых таленавітых творцаў і аўтарскіх ўпрыгожаньняў.

У гісторыі:

1916 — у ходзе І сусьветнай вайны пачалася крывавая бітва пры Вэрдэне (Францыя).

1918 — Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду апублікаваў I устаўную грамату, у якой абвясьціў сябе часовым урадам Беларусі. У гэты ўрад — Народны сакратарыят Беларусі — увайшлі, у прыватнасьці,Палута Бадунова, Тамаш Грыб, Кастусь Езавітаў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Аркадзь Смоліч. Старшынём ураду быў абраны Язэп Варонка.

У памяці:

1939 — памёр Вячаслаў Адамовіч, дзяяч нацыянальнага руху, адзін з заснавальнікаў сялянскай партыі «Зялёны дуб».

1967 — памёр Юры Тарыч, беларускі кінарэжысэр, сцэнарыст, заснавальнік беларускай мастацкай кінэматаграфіі.

1974 — памёр Лявон Савёнак, пісьменьнік, журналіст, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

Цытата:

«Чую тваю жаўруковую музыку
Ў скошаных травах мурожных,
Мова! Як сонца маё
беларускае,
Ты сьвецісься словам кожным.
Цябе і заворвалі, і закопвалі.
I ўсё ж нашы продкі праз гора
Данесьлі да нас цябе,
родную, цёплую,
Жывую і непаўторную.
I калі ты мяне толькі паклічаш,
Памру за цябе бязь енку.
Нашу я любоў да цябе
вялікую
У сэрцы сваім маленькім».

Яўгенія Янішчыц, «Мова».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG