Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скажу адразу: я ня бачу аніякай панацэі для Берасьцейскага Палесься, якая магла б затармазіць няўхільную пагібель самабытнай народнай культуры гэтага рэгіёну або спыніць яго моўнае абрусеньне.

Я не падзяляю веры Наталкі Бабінай у тое, што Берасьцейскае Палесьсе зможа захавацца як самабытны культурна-моўны рэгіён, калі паддаць яго “сьвядомай украінізацыі”. Падабенства берасьцейскіх гаворак да ўкраінскага літаратурнага стандарту нічога істотнага ў сфэры культуры і самасьвядомасьці не вырашае і не вызначае. Я маю перад вачыма 30-гадовы пэрыяд “сьвядомай украінізацыі” нашага Падляшша дзеячамі Саюзу Ўкраінцаў Падляшша, якія ў пачатку 1980-х гаварылі падобныя рэчы, якія цяпер гаворыць спадарыня Бабіна: давайце данясем да людзей, што іхныя гаворкі ўкраінскія, а не беларускія, і яны перастануць лічыць сябе беларусамі, а стануць сьвядомымі ўкраінцамі. Вынік атрымаўся такі, што пасьля 30 гадоў фарсіраваньня “нацыянальнай пераарыентацыі” ўкраінцамі запісаліся 2 тысячы “нібыта ўкраінскамоўных” падляшукоў, а 30 тысяч зь іх далей пішуцца беларусамі.

Украінская літаратурная мова – мёртвая для культуры Падляшша.

Аднак сапраўдная праблема не ў дэмаграфічных паказьніках, якія вельмі мізэрныя як для падляскіх украінцаў, так і падляскіх беларусаў, а ў тым, што “сьвядомая ўкраінізацыя” Падляшша праз падтрыманыя дзяржавай друк, электронныя СМІ і школьную адукацыю на ўкраінскім літаратурным стандарце дала нулявы вынік у культуры. Нічога вартага ўвагі ад нашых падляскіх украінцаў мы так і не дачакаліся – ні талковай кніжкі вершаў або прозы, ні намёку на ўкраінскае “Басовішча”. Украінская літаратурная мова – мёртвая для культуры Падляшша.

Сёньня і беларуская літаратурная мова на Падляшшы ўжо амаль памерла для падляскай культуры. Але яна ўсё ж была мовай жывой культуры для падляшукоў некалькі дзесяцігодзьдзяў у мінулым: на ёй вартыя ўвагі кніжкі напісалі выхаваныя ў падляскіх гаворках Ян Чыквін, Надзея Артымовіч, Міхась Андрасюк, Ганна Кандрацюк. У 2005 годзе, калі я пачаў публічна заклікаць сваіх калегаў-журналістаў у Беластоку, каб яны пачалі пісаць і па-падляску, бо беларуская літаратурная мова ўжо вычарпала свой культурастваральны патэнцыял, якраз заканчвалася эра літаратурнай творчасьці на беларускай літаратурнай мове на Падляшшы. А для ўкраінскай літаратурнай мовы такая эра ў нас і не пачалася, ні тады, ні цяпер.

А ўласна падляскія гаворкі – усё яшчэ жывыя ў нашай культуры: пра гэта сьведчаць вершы Зосі Сачко, вершы і проза Віктара Стахвюка, гістарычная эсэістыка Дарафея Фіёніка. І тэатар Яанны Троц на падляскай мове. Гэтым людзям ніякая “сьвядомая ўкраінскасьць” не патрэбная, каб знайсьці сваё месца ў жывым культурным кантэксьце. Іхны кантэкст – адназначна беларускі.

Істотныя рэчы ў літаратуры палешукі да гэтага часу рабілі на беларускай літаратурнай мове.

Што тычыцца Берасьцейскага Палесься, сытуацыя там, нягледзячы на розьніцу ў дэмаграфічна-геаграфічных маштабах, тыпалягічна падобная да Падляшша. Істотныя рэчы ў літаратуры палешукі да гэтага часу рабілі на беларускай літаратурнай мове. Сама спадарыня Бабіна – яскравы прыклад гэтага. І Алесь Наварыч. І Алесь Лукашук. Пра Алеся Разанава хіба трэба нагадваць? Або пра Васіля Сёмуху? А вось што талковае узьнікла на Палесьсі на ўкраінскай літаратурнай мове – я чамусьці ня чуў і ня ведаю. Адкуль упэўненасьць у Наталкі Бабінай, што нешта такое ўзьнікне ў будучыні і будзе запатрабаванае якраз мясцовымі спажыўцамі?

Вартая культура, як паказвае прыклад падляскай пэрыфэрыі, арганічна вырастае з супольнасьці гістарычнага лёсу яе творцаў і спажыўцоў. Агульнасць мовы – неабавязковы для гэтага працэсу атрыбут. Каб было зусім ясна, пра што кажу: на Палесьсі можа быць свая арганічная культура і на беларускай мове, і на расейскай, і на “сваёй” – калі хто хоча, “яцьвяскай”, а каму трэба, то і на ўкраінскай. Істотным у надзвычай складанай беларускай культурнай сытуацыі, ня толькі на Палесьсі, але наогул – не агульнасьць мовы, а свой адметны культурны код. Што тычыцца канкрэтна ўкраінскага пытаньня, дык казацтва, УПА, Аўстра-Вугоршчына, дачыненьні ўкраінцаў з палякамі і габрэямі, увесь комплекс пытаньняў вакол “Крымнаш” і “чый Данбас” – ня наш лёс і ня наш гістарычна-культурны багаж. НЯ НАШ КОД. У сьвеце ўкраінскага нацыянальнага наратыву мы сябе не знаходзім. Так як і ў сьвеце расейскага нацыянальнага наратыву (ня блытаць з расейскай мовай).

Палешукі Берасьцейшчыны “арганічнымі” ўкраінцамі ніколі ня стануць.

Сказаўшы гэта, хачу выразна адзначыць: мне цалкам зразумелы патас выступленьня Наталкі Бабінай. І я падзяляю яе боль і адчай – калі твая родная мова памірае і ад сваіх не відаць паратунку, тады пачынаеш разглядацца за дапамогай сярод чужых. Бо ўкраінцы з Львова – чужыя для палешукоў Берасьцейшыны. Ня той мэнталітэт, ня той гістарычна-культурны кантэкст, ня тая вера, і шмат што яшчэ ня тое. Падабенства іхнай мовы не нівэлюе гэтай, так сказаць, цывілізацыйнай адчужанасьці. Палешукі Берасьцейшчыны “арганічнымі” ўкраінцамі ніколі ня стануць. Хоць, зразумела, некаторыя зь іх могуць пачаць пісаць па-ўкраінску.

Калі наогул быў нейкі шанец ці цень шанцу захаваць Палесьсе як “беларускі арэал зь нерасейскай мовай”, дык яго дакладна пахавалі ў пачатку 1990-х. Як рупліўцы “палескага адраджэньня”, якія дазволілі гэтаму руху сасьлізнуцца ў кірмашовы гратэск пад назвай “Етвызь”, так і рупліўцы “беларускага адраджэньня”, якія закідалі шапкамі спробы эмансыпацыі палескіх гаворак у публічным жыцьці Беларусі. Цяперашняя спроба рэанімаваць нешта накшталт такога руху пад “украінскай шапкай” – усяго толькі доказ беларускай нацыянальнай нясьпеласьці і яшчэ адзін выклік здароваму глузду ў нацыябудаваньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG