Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужчына+жанчына. Каханьне ды сэкс за кратамі ў 19-21 ст.


Што гэта — каханьне ды сэкс у няволі і наколькі дарэчы гаварыць пра мараль у гэтых стасунках? Як гэта бывала ў ранейшыя стагодзьдзі і як цяпер?

Вядомая расейская журналістка, у мінулым жонка асуджанага, кіраўніца праваабарончай арганізацыі «Русь сидящая» Вольга Раманава называе каханьне за кратамі вельмі недасьледаванай ды шматплянавай тэмай. Турма — гэта такое дзіўнае месца, дзе няма паўтонаў, — лічыць праваабаронца. Тут шмат запалу ў стасунках. Ён і яна, яна і яна, ён і ён.

Стасункі на турэмных вежах. Любоў ці нелюбоў

Былы палітвязень, архівіст Зьміцер Дрозд, які вывучае гісторыю вельмі мала дасьледаванага дагэтуль менскага турэмнага замка («Валадаркі»), натрапляў у сваіх досьледах і на тэму каханьня вязьняў.

Паводле Зьмітра, у царскія часы жыцьцё ў турме было такое, што мужчыны і жанчыны маглі пры жаданьні спатыкацца сам-насам. Падчас працы ў архівах дасьледчыку ўдалося знайсьці прозьвішчы жанчын-вязьняў, якія зацяжаралі ў турме і нарадзілі дзіця.

Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

Дрозд: «Канкрэтных гісторыяў, дзе б апісвалася, як яны сустракаліся на вежах або ў бальніцы і спалі разам, я няшмат знайшоў. Але ж, напрыклад, у 1850-я гады была зафіксаваныя пара-тройка выпадкаў, калі арыштанткі зацяжаралі. Значыць, натуральна, былі нейкія адносіны. Ці паміж арыштантамі, ці з ахоўнікамі, можа, гэтыя жанчыны сустракаліся. Была ў іх нейкая любоў... А можа, і не было ніякай любові. Тут мы ня можам нічога сказаць.

Улетку 1855 году, напрыклад, у менскім астрозе былі хрышчаныя незаконна народжаныя дзяўчаткі: «у дзеўкі Эўдаксіі» і ў мяшчанкі Ганны Аскеркі.

Якім чынам маглі адбывацца любоўныя спатканьні на вежах Пішчалаўскага замку?

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Дрозд: «Адна вежа была воданапорная, і туды арыштанты хадзілі па ваду. У вежах былі асобныя камэры, у тым ліку і жаночая была. Была магчымасьць адчыніць нейкія дзьверы, тым больш калі адносіны былі з ахоўнікам. Не заўсёды менскі замак быў запоўнены. Церазь вежу быў выхад на паддашша. Там сушылі бялізну. Там маглі быць магчымасьці сустрэцца. Калі ахоўнікі забываліся ці самі арыштанты здабывалі ключы ці адмычкі, узломвалі дзьверы на паддашша».

Калі ахоўнікі забываліся ці самі арыштанты здабывалі ключы ці адмычкі, узломвалі дзьверы на паддашша.

Дасьледчыку трапілася неадназначная гісторыя са спробай уцёкаў з турэмнага замка. Разважаючы над фактамі, Зьміцер Дрозд пачаў сумнявацца, што мова ішла менавіта пра ўцёкі за турэмныя сьцены. Якая тады іншая мэта магла быць у арыштантаў-зламысьнікаў, якіх выкрыла ахова? Пад іхняй камэрай была жаночая, удакладняе гісторык:

«Мужчыны спрабавалі прабіць праём унутры сьцяны, ня скрозь яе. Таўшчыня была семдзесят сантымэтраў. Атрымалася, што мужчыны з другога паверху пачалі прабіваць дзірку. І тады б яны трапілі ў жаночую камэру. І гэты выпадак для мяне загадка. Ці сапраўды так было, як яны самі патлумачылі, што хацелі ў сьцяне прабіць ход у лёхі, каб там ужо скрозь зямлю выбрацца? Ці проста яны хацелі такім спосабам трапіць у жаночую камэру, што была пад імі? Гэта факт, што мужчыны прабіваліся ў жаночую камэру скрозь тоўшчу сьцяны. Там ёсьць інфармацыя, што паміж жанчынамі і мужчынамі існаваў „тэлефон“. Яны спрабавалі перакрыквацца, падтрымліваць адносіны. Былі вяровачкі, цыдулачкі. Сыстэма, якая існуе цяпер, была ўжо тады адпрацаваная».

Пішчалаўкі замак
Пішчалаўкі замак

А ці маглі, напрыклад, муж з жонкай сустракацца, калі адзін зь іх быў у турме? Зьміцер Дрозд кажа, што можна было, але сустрэчы доўгія, у асобным пакоі тады не прадугледжваліся — прынамсі, яму такое ў дакумэнтах не траплялася. І наўрад ці на такіх дазволеных сустрэчах былі магчымасьці для «блізкага кантакту», кажа гісторык. Зрэшты, магчымасьці бывалі розныя. Нават можна было часам схадзіць дахаты, асабліва гэта тычылася менскіх мяшчанаў. Калі турэмны тэрмін быў невялікі, два-тры гады — значыць, злачынства не было паважнае:

«І гэтыя людзі пастаянна хадзілі на працу, па ўсім Менску. На бойню, разьбіралі ратушу. Чысьцілі сьнег на вуліцах. Жонкі ведалі, што муж там, яны маглі спаткацца. Ахоўніку даць пяць рублёў, на пару гадзін зьнікнуць. Я думаю, такіх выпадкаў было значна больш, чым нам вядома».

Пра мужчын мы ня ведаем. А для жанчын гэта заканчвалася практычна заўсёды аднолькава: у мэтрычных кнігах зьяўляліся запісы пра незаконна народжаных дзяцей.

«У мэтрычных кнігах заўсёды пазначаецца, хто бацькі, — працягвае Зьміцер Дрозд. — Каб жанчына трапіла туды цяжарнай і ў яе быў муж, то запісалі б — у арыштанткі такой і яе мужа нарадзіўся сын. Але заўсёды запісваліся і незаконна народжаныя ў турме дзеці. Часта наглядчыкі бывалі хроснымі. Бывалі і адносіны ў іх з арыштанткамі. Натуральна, пра мужчын мы ня ведаем. А для жанчын гэта заканчвалася практычна заўсёды аднолькава: у мэтрычных кнігах зьяўляліся запісы пра незаконна народжаных дзяцей».

Была сярод арыштантак і своеасаблівая «рэцыдывістка», кажа гісторык: «Толькі хрысьцілі адно дзіця, што нарадзілася ў турме, — праз паўгода новае нараджаецца». Так, 13 студзеня 1848 году ў арыштанткі Ганны Араковічавай быў пахрышчаны «ребенок мужеска пола». А 16 жніўня зьявіўся новы запіс пра тое, што днём раней гэтая ж самая арыштантка нарадзіла за кратамі другога сына.

Зьміцер Дрозд мяркуе, што цяжарнасьць за кратамі магла разглядацца ня толькі як правіна — пэўным чынам яна магла нават аблягчыць жанчыне турэмную долю:

Такі варыянт таксама мог быць — зацяжараць, каб потым было лягчэй, можа нават з надзеяй на вызваленьне.

«Канечне, улічваліся і зьмякчальныя абставіны. Калі жанчына зацяжарала, ёй маглі даць і меншы тэрмін. Тым больш калі суд прысяжных: жанчына зь дзіцем, ды яшчэ цяжарная. Прысяжныя расплакаліся над яе гісторыяй і далі ёй замест дзесяці год пяць. Такі варыянт таксама мог быць — зацяжараць, каб потым было лягчэй, можа нават з надзеяй на вызваленьне. Нават такія прагматычныя мэты маглі быць».

Аднаполае каханьне сярод палітычных арыштантак і згвалтаваньні катаржанак-крымінальніц падчас этапу

Міхаіл Гернэт
Міхаіл Гернэт

Расейскі крыміналіст, прадстаўнік яшчэ царскай школы, знаўца турмаў канца 19-га — пачатку 20-га стагодзьдзяў Міхаіл Гернэт пісаў, што «тагачасная турэмная адміністрацыя аказалася зусім бясьсільнай, каб перашкодзіць любоўным зносінам зьняволеных арыштантаў і арыштантак: знаёмствы завязваліся зь дзіўнай хуткасьцю пры дапамозе мімікі, перапіскі і нават дзякуючы асабістым сустрэчам, якія атрымліваліся ня так ужо і рэдка, нягледзячы на ўсе турэмныя замкі ды забароны».

Аднак такая вольніца была характэрная для крымінальных турмаў. У дачыненьні да палітычных зьняволеных улады былі нашмат больш жорсткія. У вязьніцах, дзе ўтрымліваліся асуджаныя на доўгія тэрміны рэвалюцыянэркі ды тэрарысткі, зносіны з мужчынамі былі немагчымыя, у выніку многія ўступалі ў аднаполыя сувязі. У сваіх працах «Дзетазабойства» і «Гісторыя царскай турмы» Гернэт цытуе турэмныя цыдулкі тагачасных сядзеліц. Адрасатак у іх запэўнівалі ў шалёным каханьні ды прасілі больш нікому не належаць.

Тым часам у шэрагу публікацыяў рэвалюцыйнага часопіса «Каторга и ссылка», які выдаваўся ў Маскве з 1921 па 1935 гады, адзначалася, што на пачатку 1900-х самы незайздросны быў лёс жанчын-катаржанак. На доўгіх этапах гэтыя арыштанткі былі цалкам беззабароннымі і перад мужчынамі-катаржанамі, і перад канвойнымі. Калі паводле нормаў турэмнай этыкі прыставаць да палітычных было не прынята, то катаржанкі-крымінальніцы, якіх гналі пешшу, лічыліся законнай здабычай «моцнага полу». Многія з катаржанак прыбывалі з этапу на месца зьняволеньня ўжо цяжарнымі.

Сэкс у ГУЛАГу

Улетку 1918 году ў савецкай дзяржаве зьявіліся, яшчэ пакуль неафіцыйна, першыя лягеры або зоны для клясавых ворагаў і так званых «сумнеўных».

Да 1947 году ў лягерах і турмах дзейнічала інструкцыя НКВД «Аб рэжыме ўтрыманьня зьняволеных» № 00889, згодна зь якой дазвалялася сумеснае разьмяшчэньне жанчын і мужчын ня толькі ў агульных зонах, але і ў адным бараку, толькі што за перагародкай. Як правіла, адміністрацыя ў месцах, дзе зьняволенымі былі жанчыны, складалася пераважна з мужчын. Нізавыя кіроўныя пасады займалі крымінальнікі, якія, карыстаючыся патураньнем вышэйшага кіраўніцтва, чынілі на жаночых зонах поўны «беспредел» — адбіралі ў іх пасылкі, заработную плату, схілялі жанчын да сужыцьця.

У сваім «Архіпэлягу ГУЛАГ» Аляксандар Салжаніцын пісаў:

Аляксандар Салжаніцын
Аляксандар Салжаніцын

«Ёсьць жанчыны безь вялікага перабору. Такім, вядома, у лягеры заўсёды адкрытыя лёгкія шляхі. Аднак наўрад ці памылімся, сказаўшы, што большасьць сядзеліц паводле артыкула 58 складаюць жанчыны не такія... Для многіх ад пачатку і да канца гэты крок горшы за сьмерць... Калі жанчына прыбыла ў лягер у добрай фізычнай форме і ў першыя ж дні зрабіла разумны крок, яна надоўга ўладкаваная ў санчастку, кухню, бухгальтэрыю, у пральню, і гады пацякуць нябедна, цалкам падобна да волі...

Адзін з самых удалых хадоў — стаць прыслугай начальства. Што з таго, што кагосьці на волі ты там кахала і некаму хацела быць вернай! Якая карысьць у вернасьці нябожчыцы? „Выйдзеш на волю — каму ты будзеш патрэбная?“ — вось словы, якія вечна зьвіняць у жаночым бараку... Тыя, хто не саступіў адразу — або адумаюцца, або іх прымусяць усё ж саступіць. А тая, якая будзе чакаць даўжэй — ёй самой яшчэ прыйдзецца плесьціся ў агульны мужчынскі барак... і калі знойдзецца выратавальнік з пайкай, то завесіць сваю вагонку з трох бакоў прасьцінамі, і ў гэтым намёце, шалашы — адсюль і назва „шалашоўка“, — яна і заробіць свой хлеб...»

Да Другой усясьветнай вайны жанчын у СССР звычайна асуджалі на параўнальна кароткія тэрміны зьняволеньня. Гэта іх як бы стрымлівала, бо яны мелі пэрспэктыву хутчэй вярнуцца да сям’і. Але пазьней асуджаныя жанчыны атрымлівалі ўжо працяглыя тэрміны і, адпаведна, ня мелі пэрспэктывы хутка вярнуцца. Гэта выклікала ў адладжаным мэханізьме ГУЛАГу пэўныя праблемы, у тым ліку — рэзкі рост колькасьці цяжарных жанчын у лягерах ды турмах. Толькі з 1948 па 1949 год колькасьць асуджаных жанчын зь дзецьмі ўзрасла на 138%, цяжарных жанчын — на 98%. Гэта прымусіла ўладу правесьці дзьве частковыя амністыі для цяжарных зэчак ды маці малалетніх дзяцей. Зрэшты, паводле запісак лягерных наглядчыкаў, астатнім жанчынам-зьняволеным гэта толькі дадало імпэту, каб хоць як зацяжараць...

Расейскі паэт, ляўрэат прэміі часопіса «Новый мир», а ў далёкім мінулым — кішэнны злодзей Яўген Карасёў, які меў сем ходак, правёў у ГУЛАГу агулам 20 гадоў. Працаваў там на лесапавале. У інтэрвію Свабодзе ён узгадвае пра лягерныя этапы ў 1950-я гады. У тых «сталыпінскіх вагонах» жаночыя камэры былі побач з мужчынскімі, многія жанчыны цяжаралі менавіта на такіх этапах.

Яўген Карасёў
Яўген Карасёў

Карасёў: «Ну вось едзе малады мужык у вагонзаку, у „сталыпіне“, а ў суседняй камэры едуць такія ж нестарыя жанчыны. Калі грошы ёсьць, хлопец прапаноўвае канвою такія ўмовы. Дарэчы, грошы немалыя на той час. Вось хачу мець з адной зэчкай блізкія адносіны. Плаціш, ідзеш па калідоры. Калі выбраная табой жанчына пагаджаецца, пару суправаджаюць да прыбіральні. Там усё гэта адбываецца. Зразумела, пад наглядам канвою. Але і да гэтага прызвычайваесься. Узьнікаюць іншыя адчуваньні».

Абсалютная большасьць асуджаных жанчын — тыя, каго не чакаюць

Сёньня, у 10-я гады 21 стагодзьдзя, па-ранейшаму існуюць «сталыпіны», у якіх разам этапуюць у калёніі як асуджаных мужчын, так і асуджаных жанчын. У вязьніцах ды СІЗА сучаснай незалежнай Беларусі зьняволеных жанчын і мужчын утрымліваюць хоць і пад адным дахам, але адны ад другіх цалкам ізаляваныя. Што да папраўчых калёніяў, дык тыя ўвогуле падзеленыя на выключна жаночыя і выключна мужчынскія. Тым ня менш ад розных сядзельцаў, асабліва жанчын, можна пачуць нямала рамантычных гісторыяў пра каханьне. Аказваецца, яно можа напаткаць дзе заўгодна: пад сьледзтвам, на перасылцы, у месцах адбыцьця пакараньня.

Пра адну з такіх гісторыяў, адначасна рамантычную ды трагічную, якая здарылася некалі з былой мэдсястрой Рэспубліканскага турэмнага шпіталя Алёнай Красоўскай-Касьпяровіч, мы ўжо расказвалі раней. За час свайго шлюбу Алёне давялося паезьдзіць за мужам па самых розных калёніях і пазнаёміцца не з адной падобнай сям’ёй, а таксама з тымі, хто быў з асуджанымі ў любоўных дачыненьнях.

Як лічыць цяперашняя кіраўніца арганізацыі «Рэгіён 119», якая займаецца пытаньнямі людзей у няволі, цяпер турэмны раман ды сэксуальныя сувязі паміж мужчынам ды жанчынай зьяўляюцца хутчэй выключэньнем.

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Красоўская-Касьпяровіч: «Ва ўмовах турмы, дзе ўсё бачна, гэта выключана. У мужчынскіх калёніях, дзе ёсьць жаночы кантынгент — такія сувязі здараюцца. Пра жаночыя калёніі такога ня чула. Перасылка? Мужчыны і жанчыны едуць у „сталыпіне“, а там краты замест пярэдняй сьценкі, можна перагаварыць. Але там увесь час па вагоне ходзяць кантралёры. Ці магчыма там нешта? Хто яго ведае — можа і магчыма. Але гэта адзінкавыя выпадкі. Зь іншага боку, жыцьцё ў турме і тужлівае, і шэрае... А таму зэкі, асабліва зэчкі, любяць расказваць ды слухаць падобныя гісторыі. Абсалютная большасьць асуджаных жанчын — тыя, каго не чакаюць. Калі яшчэ ў Гомелі, ПК № 4, дзе сядзяць першаходкі, у жанчын існуюць нейкія сацыяльныя сувязі, то ў рэчыцкай ПК-24, дзе ўтрымліваюцца неаднойчы судзімыя, пакоі для працяглых спатканьняў практычна пустыя. Гэтыя асуджаныя практычна не патрэбныя сваім мужам. Як і бацькам, бо тыя стаміліся ад антысацыяльных паводзінаў сваіх дачок. Арыштанткі спрабуюць кампэнсаваць дэфіцыт пачуцьцяў аднаполымі кантактамі. Праз гэта праходзяць ледзь ня ўсе, асабліва маладыя. Такіх выпадкаў, калі яна села, а ён застаўся на волі і потым паехаў да яе і ажаніўся — іх вельмі-вельмі мала».

Зэкаў-мужчын кахаюць як «завочніцы», так і жаночы турэмны пэрсанал

— У зьняволеных мужчын усё больш разнастайна?

Пакоі для працяглых спатканьняў ніколі не пустуюць, што сьведчыць пра сувязь сядзельцаў з домам. Да таго ж у зэкаў здараецца каханьне па перапісцы, стасункі з жаночым службовым пэрсаналам.

Красоўская-Касьпяровіч: «Ва ўсякім разе, пакоі для працяглых спатканьняў там ніколі не пустуюць, што сьведчыць пра сувязь сядзельцаў з домам. Ну, і да таго ж у зэкаў здараецца каханьне па перапісцы, таксама стасункі з жаночым службовым пэрсаналам. Я ведаю некалькі гісторыяў, калі жанчыны самі звальняліся, як у маім выпадку, або іх звальнялі за нестатутную сувязь з асуджанымі».

— Гэта значыць, што калі вы ўладкоўваліся ў шпіталь, вы падпісваліся пад нейкімі правіламі паводзінаў са зьняволенымі, якія тычыліся ня толькі аказаньня мэдычнай дапамогі?

Красоўская-Касьпяровіч: «Так. Калі я ўладкоўвалася на працу, са мной, як і з усімі, праводзілі „жэстачайшы“ інструктаж. Напрыклад, нам было забаронена надзяваць спадніцу вышэй за калена ці агаляць рукі...І калі нехта зь дзяўчат гэтага ня цяміў, то рэакцыя з боку апэратыўнай часткі была вельмі хуткая. Другі раз гэтага не паўтаралі. Але ж... Нават калі жанчына ў паранджы, яна ў турме ўсё роўна прадмет пажады. Сэксуальнае жыцьцё там можна наладзіць у любым выпадку. Было б жаданьне. Але тут сама жанчына вырашае, што ёй трэба. Ёсьць, напрыклад, авантурныя жанчыны. Бывае, што камусьці прыглянуўся нейкі асуджаны... Да таго ж ёсьць сытуацыі, калі можна заняцца сэксам. Для такіх жанчын важны элемэнт рызыкі, і яны ідуць на парушэньне службовага статуту, адчуваюць сябе на мяжы звальненьня. Гэта для іх як дэтэктыў, бо ўвесь час трэба думаць, як сустрэцца, дзе схавацца і г.д. Гэтае дадае вастрыні ў пачуцьцях. А ёсьць жанчыны, якія ўбачылі — закахаліся і будуюць далейшыя стасункі, зыходзячы з таго, што будзе шлюб, сям’я, дзеці... Гэтак было ў мяне...»

— Акрамя так званага «службовага» каханьня, бываюць яшчэ раманы па перапісцы. Напрыклад, маладая жанчына даўно хоча стварыць сям’ю, аднак беспасьпяхова. І тут ад адной знаёмай, муж якой сядзіць, яна даведваецца пра ягонага сябра, таксама асуджанага, які марыць пра нешта сур’ёзнае з добрай жанчынай... Такіх жанчын на постсавецкай прасторы клічуць завочніцамі — асабліва апошнія гадоў сорак, з таго часу, як на экраны выйшаў фільм Шукшына «Калина красная».

Красоўская-Касьпяровіч: «Я знаёмая са многімі такімі дзяўчатамі, як у нас, так і ў Расеі. Паводле беларускіх законаў, начальнік калёніі можа дазволіць спатканьне з завочным каханым — пару гадзін праз шкло — для абмеркаваньня будучага шлюбу. І пасьля гэтай размовы трэба вырашаць. Ня думаю, што гэта можа быць нейкі сур’ёзны выбар. Адна справа, калі ты працуеш у гэтай сыстэме і маеш магчымасьць размаўляць з чалавекам, ведаць яго больш... Другая справа, калі ты, перад тым, як прыняць рашэньне, бачыш яго толькі аднойчы, на гэтым самым кароткім спатканьні. Найчасьцей мне шкада гэтых „завочніц“, бо з боку ЗК да іх асаблівыя адносіны. Зразумела, пакуль мужчына сядзіць за кратамі, ён будзе дэманстраваць ёй сваё каханьне... За 10 гадоў майго знаёмства зь дзяўчатамі, якія ішлі на такі шлюб, сям’ю захавала толькі адна пара. Цяпер у іх нарадзілася другое дзіця... Астатнія, а кола маіх знаёмстваў вельмі шырокае, паразыходзіліся значна раней, чым праз 10 гадоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG