Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дынько vs Чарнякевіч: Мовы Берасьцейшчыны і нацыянальная сьвядомасьць


Вясновая паводка на Палесьсі

Вясновая паводка на Палесьсі

На якой мове гавораць жыхары Берасьцейскай вобласьці? Ці патрэбная Берасьцейшчыне ўкраінская культурна-нацыянальная аўтаномія? Культурная разнастайнасьць — чыньнік моцы нацыі ці пагроза яе адзінству?

Па гэтых пытаньнях спрачаюцца шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько і крытык і літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч.

Дракахруст: Артыкул беларускай і ўкраінскай пісьменьніцы Наталкі Бабінай «Берасцейшчына, якую нам трэба зьберагчы», апублікаваны нядаўна ў «Нашай ніве», выклікаў гарачую палеміку. Бадай адным з самых грунтоўных, разгорнутых адказаў стаў блог Ціхана Чарнякевіча на сайце Свабоды «Чый Пінск: мутацыі яцьвяскага праекту». Мы вырашылі працягнуць палеміку ў эфіры і на сайце Свабоды, балазе ўдзельнікі гутаркі — Ціхан Чарнякевіч і Андрэй Дынько — землякі, берасьцейцы і ў праблемах рэгіёну абазнаныя.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Ціхан, вы аспрэчваеце наступныя тэзы артыкулу Бабінай:

«Карэннае насельніцтва Брэсцкага, Кобрынскага, Жабінкаўскага, Маларыцкага, Камянецкага, Іванаўскага, Пінскага, Драгічынскага, Бярозаўскага, Іванаўскага і частак Столінскага, Пружанскага, Ганцавіцкага, Лунінецкага і Івацэвіцкага раёнаў спрадвеку гаварыла па-ўкраінску».

«Каб зрабіць Берасьцейшчыну беларускай, варта вызнаць яе ўкраінскі характар. Мы, як і кожная нацыянальная меншасьць, маем права на нацыянальную аўтаномію. Калі нам у гэтым праве адмаўляецца, нічога добрага з гэтага ня выйдзе: Берасьцейшчына будзе савецкай».

А якія ў вас пярэчаньні, калі коратка? Можа і сапраўды гавораць менавіта так, можа і сапраўды прыстойна і высакародна было б з боку дзяржавы, тытульнага этнасу даць нацыянальную аўтаномію, калі людзі просяць?

Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч

Чарнякевіч: Я ня стаў бы ўжываць множны лік — «людзі просяць». Просьба пакуль што вельмі самотная, хаця і вельмі настойлівая. Мая асноўная прэтэнзія — што рух ізноў ідзе не з Палесься, а зь Менску, з менскіх нацыянальных элітаў, як гэта было і ў 80-я гады з «шаляговіцкім» рухам. Хаця гэтыя рухі абсалютна розныя.

Самаарганізацыі ўкраінцаў заходняга Палесься (пра палешукоў ужо не гаворыцца) не назіраецца, не ствараюцца адпаведныя рухі ў Пінску, Лунінцы, Берасьці, якія б прэтэндавалі на сур’ёзную ролю.

Ёсьць некалькі чалавек, фактычна — адзін чалавек, які ўспрымае гэтую ўкраінскую нацыяналістычную ідэю і штучна накідае яе зь Менску.

Забаўноты хіба ў тым, што пра тое, што «Сталін аддаў Берасцейшчыну», гавораць у Менску.

Забаўноты хіба ў тым, што звычайна роздумамі пра несправядлівы перадзел межаў займаюцца людзі ў суседняй дзяржаве, у якой штосьці там некалі «забралі». У нашай сытуацыі пра тое, што «Сталін аддаў Берасьцейшчыну», гавораць у Менску.

Я ў сваім блогу пісаў аб існаваньні памежнай зоны. Гэтая памежная зона заўсёды была найсмачнейшым кавалкам для філёлягаў. Гэта не ўнікальная сытуацыя для сусьветнай лінгвістыкі.

Часам у такіх зонах утвараюцца новыя мовы, новыя нацыі. Пры шумным абмеркаваньні самае паняцьце «пераходнай зоны» зноў забалбаталі, як мне здалося, беларускія і ўкраінскія нацыяналісты.

Мне, як філёлягу, назіраць за перацягваньнем канату паміж умоўнымі Львовам і Менскам нецікава. Значна цікавей было б асьветную справу правесьці па, скажам так, дывэрсыфікацыі беларускай мовы, каб кожны культурны чалавек ведаў складанасьць моўнага ляндшафту на тэрыторыі РБ. На гэта ёсьць не толькі Клімчук з Драгічыншчыны, але і Гарэцкі з Магілёўшчыны, і Чорны са Случчыны, і Ластоўскі з Дзісеншчыны. Нядаўна вось прачытаў, што ў Польшчы выдалі пераклад «Маленькага прынца» на пазнанскі дыялект. Гэткія краёвыя лінгвапраекты мне вельмі імпануюць.

Дракахруст: Андрэй, паводле перапісу 2009 году на Берасьцейшчыне ўкраінцамі сябе назвалі прыкладна 3% насельніцтва, украінскую мову роднай — 0.1% (1600 чалавек з 1.4 мільёна), толькі 3% назвалі мовай хатняга ўжытку трэцюю мову, адрозную ад беларускай і расейскай. Як гэта стасуецца з тэзамі Наталкі Бабінай, пра ўкраінамоўную Берасьцейшчыну і пра яе ўкраінскі характар? 3% — гэта «ўкраінскі характар»?

Дынько: Гэтая сытуацыя і выклікае боль і перажываньне такіх інтэлектуалаў, як Наталка Бабіна, Віктар Місіюк ці Алесь Наварыч. Яшчэ 50 гадоў таму людзі гаварылі адной мовай, а зараз усё выціскае расейская мова. Людзям гэта балюча.

Яшчэ 50 гадоў таму людзі гаварылі адной мовай, а зараз усё выціскае расейская мова.

З чаго бярэцца гэты дыскурс? Бабіна, Наварыч, Місіюк памятаюць яшчэ, як іх дзяды і бабулі, матулі і таты гаварылі роднымі, спрадвечнымі гаворкамі. Яны бачыць, што ўжо заўтра іх дзеці ня будуць гаварыць гэтымі гаворкамі, таму што ўсё гэта зьнікае. Яны спрабуюць спыніць гэтую русіфікацыю, якая адбываецца.

Яны лічаць, што ў гэтым іх адказнасьць як інтэлектуалаў.

Дракахруст: Андрэй, я хачу ўдакладніць. Наколькі я зразумеў з вашых словаў, людзі, якія гавораць пра ўкраінскі характар Берасьцейшчыны, пра гіпатэтычную нацыянальна-культурную аўтаномію — яны гавораць ад імя тых людзей, якіх ужо няма, ад сваіх дзядоў і бабуль, і ад тых людзей, якіх яшчэ няма. Ёсьць жыхары Берасьцейшчыны, якія, з пункту гледжаньня Бабінай і яе аднадумцаў, гавораць па-ўкраінску, але не ўсьведамляюць сябе ўкраінцамі, і трэба накінуць ці вярнуць ім украінскую нацыянальную сьвядомасьць. Я правільна вас зразумеў?

Андрэй Дынько

Андрэй Дынько

Дынько: Рэальнасьць Піншчыны, Берасьцейшчыны такая, што жыхары гэтага рэгіёну адчуваюць сябе беларусамі. І ў той жа час рэальнасьць, што гаворкі, якімі гэтыя людзі гаварылі і якімі часта дагэтуль гавораць — гэта ўкраінскія гаворкі.

Як прымірыць гэтыя рэальнасьці? — ставяць пытаньне Бабіна, Наварыч і іншыя. І другое пытаньне, якое яны задаюць — якім чынам спыніць русыфікацыю гэтага рэгіёну, як ня даць утварыцца ў Берасьцейшчыне новаму Прыднястроўю?

Бабіна, Наварыч, іншыя актывісты, якія выдаюць часопіс «​Справа»​ — беларускія патрыёты. Некаторыя зь іх сталі ўжо клясыкамі беларускай літаратуры. За раман «Літоўскі воўк» Наварыч атрымаў прэмію з рук Аляксандра Лукашэнкі. Можна прыгадаць і раман Бабінай «Рыбін горад». Яны ж па-беларуску напісаныя.

Калі вы няздольны адрозьніць беларускую мову ад украінскай, то вам трэба спачатку палепшыць сваю адукацыю

Наконт гаворак — не магу не зрабіць заўвагу спадару Чарнякевічу. Калі вы няздольны адрозьніць беларускую мову ад украінскай, беларускага дыялекту ад украінскага, то вам трэба спачатку палепшыць сваю адукацыю, перш чым пісаць на гэтую тэму.

Гаворкі Берасьцейшчыны і Піншчыны дасьледаваныя. Ёсьць клясычная праца Фёдара Клімчука, дзе паказана, да якой мовы належаць тамтэйшыя гаворкі.

Спадар Чарнякевіч сказаў, што гэта зона моўнай дыфузіі. Я некалі ў адным са сваіх артыкулаў напісаў пра пераходныя гаворкі паміж беларускай і ўкраінскай мовамі. Клімчук мне патэлефанаваў, каб сказаць, што няма ніякіх пераходных гаворак. Гэтая мяжа вельмі дакладная. Па той бок ёсьць дыялекты беларускай мовы, па гэты — ўкраінскай.

Ня трэба перадзёргіваць гэтыя пытаньні, каб не пакрыўдзіць меншасьці.

Чарнякевіч: Калі зараз Клімчук лічыць, што гэта — гаворкі ўкраінскай мовы, то шкада, што ў яго клясычных працах нідзе пра гэта не згадваецца. Тая праца, якую ўзгадвае спадар Дынько — гэта праца па фанэтыцы. Гэтая праца не зьяўляецца дастатковым аргумэнтам у гэтай міжмоўнай дыскусіі. Гэта пачатковы ўзровень мовы, спасылкі на яго не зьяўляюцца вычарпальнымі.

Дракахруст: Андрэй, мне здаецца, што пытаньне ня ў тым, ці блытае спадар Чарнякевіч беларускую і ўкраінскую мовы, а ў тым, як ўспрымаюць, трактуюць сваю гаворку самі жыхары Берасьцейшчыны. Я нагадаю — 97% зь іх падчас перапісу сказалі, што ў хатнім ужытку карыстаюцца беларускай ці расейскай мовамі.

Ваш закід наконт моўнай блытаніны — спадару Чарнякевічу ці 97% жыхароў Берасьцейшчыны?

Дынько: Трэба вельмі дакладна разьвесьці два паняцьці. Жыхары Берасьцейшчыны і Піншчыны — беларусы, яны лічаць сябе беларусамі і заўсёды застануцца беларусамі. І іншае пытаньне — іх мовы, культуры ўнутры беларускага цэлага.

Дракахруст: Я паказьнікі перапісу пра іх мову вам і прывёў — якую мову яны называюць сваёй.

Дынько: У блогу журналіста Андрэя Пачобута стаіць дэвіз: «Толькі праўда ёсьць цікавай». Гэта дасканалы дэвіз для любога інтэлектуала.
Нацыянальная сьвядомасьць, моўная сьвядомасьць людзей у Беларусі, і на Берасьцейшчыне ў тым ліку, нізкая.

У перапісу мяне больш цікавіць ня тое, колькі людзей лічаць сваёй роднай мовай украінскую. Мяне цікавіць тое, што на Берасьцейшчыне адсотак людзей, якія лічаць роднай мовай беларускую ніжэйшы, чым на Баранавіччыне, Гарадзеншчыне ці Меншчыне. Вось гэта праблема і палітычная і культурная.

І дзейнасьць інтэлектуалаў кола часопісу «Справа» — адказ на гэтую праблему. Мне падаецца справядлівым, каб беларуская інтэлігенцыя падтрымала такую дзейнасьць, а не шукала ў ёй нейкіх падкопаў.

У тонкія пытаньні нацыянальных пачуцьцяў лезуць ў мядзьвежых рукавіцах дактрынэра.

Мне крытыка артыкулу Бабінай нагадала крытыку дзейнасьці журналіста Радыё Свабода Яна Максімюка, які імкнецца разьвіваць пісьмовую традыцыю, літаратуру на гаворках роднага яму Падляшша. Яго таксама крытыкавалі за тое, што ён нібыта хоча нешта адарваць ці падарваць. Прычым, крытыкавалі ў трошкі абсурдным, дактрынэрскім стылі, маўляў, журналіст беларускай службы Радыё Свабода хоча аслабіць беларускую мову. Людзі самі не разумеюць, які нонсэнс тое, што яны кажуць.

Два гэтыя выпадкі для мяне — прыклады таго, як у тонкія пытаньні нацыянальных пачуцьцяў нехта лезе ў мядзьвежых рукавіцах дактрынэра.

Дракахруст: Ціхан, ў мяне да вас пытаньне як раз наконт «мядзьвежых рукавіцаў». Ці не нагадваюць аргумэнты супраць Бабінай аргумэнты расейскіх шавіністаў ХІХ стагодзьдзя адносна беларусаў і ўкраінцаў: маўляў, няма ніякіх такіх асобных моваў, ёсьць руская мова, а гэта гаворкі, «наречия», няма ніякіх беларусаў і ўкраінцаў, тамтэйшыя мужыкі сябе такімі не ўсьведамляюць, гэта тамтэйшыя інтэлігенты прыдумалі і спрабуюць штучна накінуць. Пад тэзай з вашага блогу «гаворка — гэта ня мова» з задавальненьнем падпісаўся б Міхаіл Каткоў адносна ўкраінскага «наречия». Ці Ягор Прасьвірын зараз. Вас не засмучае падабенства вашых аргумэнтаў і аргумэнтаў расейскіх «обрусителей»?

Маё разуменьне Берасьцейшчыны як пераходнай зоны больш дэмакратычнае за ўсё шавіністычныя і нацыяналістычныя падыходы.

Чарнякевіч: Мне здаецца, што мая аргумэнтацыя абсалютна супрацьлеглая. Мне падаецца, што маё разуменьне Берасьцейшчыны як пераходнай зоны больш дэмакратычнае за ўсё шавіністычныя і нацыяналістычныя падыходы. Той жа Ян Максімюк нямала напісаў артыкулаў, у якіх адказваў украінскім нацыяналістам, якія залічваюць падляскую мову да ўкраінскай. Там была сапраўдная вайна.

Ну ня хочуць людзі зразумець гэтай пераходнасьці — для іх альбо беларуская альбо ўкраінская. Насамрэч свая краёвая ідэнтычнасьць там прысутнічае і заўсёды была. Калі пагартаць падшыўку беластоцкай газэты «Ніва» за апошнія паўгода, то можна знайсьці там кнігу Ганны Кандрацюк пра Палесьсе з украінскага боку мяжы. Яна піша, што аўтахтоны Палесься на ўкраінскім баку ўспрымаюць сваімі цэнтрамі Пінск і Лунінец, і сябе ад украінцаў аддзяляюць дастаткова ўпэўнена.

Дракахруст: Андрэй, я прапаную разгледзець гэтую беларускую спрэчку ў больш шырокім гістарычным параўнальным кантэксьце. Перад францускай рэвалюцыяй 1789-1793 гадоў каралеўская ўлада мясцовым гаворкам не спрыяла, але і не перашкаджала — проста не чапала. Ад жыхароў краіны патрабавалася ведаць нарматыўную францускую на мінімальным узроўні — каб разумець падаткавікоў і камандзіраў у войску. Але прыйшла рэвалюцыя, «свабода, роўнасьць, братэрства», пачалося нацыябудаўніцтва, і новая ўлада, дойліды нацыі, пачалі мэтанакіравана і жорстка, як каток, зьнішчаць усе рэгіянальныя асаблівасьці, уніфікаваць французаў у культурным сэнсе, перарабляючы ўсіх на адзін капыл. Тое самае рабілі многія іншыя нацыі пры сваім ўтварэньні — немцы і італьянцы, напрыклад. Дык можа тое, што частка беларускіх інтэлектуалаў у штыхі ўспрыняла прапановы Бабінай — гэта натуральная рэакцыя маладой нацыі, якая паўстае?

Аналёгія з украінамоўнымі беларусамі — нямецкамоўныя французы Эльзасу.

Дынько: Францыя — гэта цікавы прыклад. Калі шукаць аналёгію з украінамоўнымі беларусамі Берасьцейшчыны, то менавіта ўва Францыі ёсьць прыклад нямецкамоўных французаў Эльзасу, яны адчуваюць сябе французамі, але гавораць на сваіх нямецкіх дыялектах. Гэта самая дакладная навуковая аналёгія.

Калі гаварыць, ці ёсьць праявай беларускага нацыяналізму такое стаўленьне — безумоўна, гэта ёсьць праявай беларускага нацыяналізму. У гэтым ёсьць свая радасьць, што беларускі нацыяналізм настолькі моцны, што як Ніл Гілевіч у 70-я гады, гэтак і Ціхан Чарнякевіч праз 30 гадоў, гэтак нэгатыўна ставяцца да берасьцейска-пінскага рэгіяналізму.
Але мне падаецца, што ў ХХІ стагодзьдзі, калі ў Эўразьвязе паўстае новая Эўропа рэгіёнаў, гэта не зусім правільны падыход. Я бачу сілу Беларусі ў разнастайнасьці, ў культурнай стракатасьці я бачу патэнцыял. Гэтыя берасьцейска-пінскія гаворкі вельмі прыгожыя, для Беларусі было б важна захаваць гэтую разнастайнасьць, каб мы не былі ўсе калгасна-аднолькавыя.

Дракахруст: Разнастайнасьць у выглядзе нацыянальна-культурнай аўтаноміі, пра якую напісала спадарыня Бабіна?

Дынько: Ніякіх нацыянальных аўтаноміяў ня будзе, бо няма розных нацыянальнасьцяў. Можа быць гаворка толькі пра захаваньне культурных асаблівасьцяў.

Што мне найбольш не спадабалася ў артыкуле спадара Чарнякевіча — гэта назва. Чый Пінск — так нельга ставіць пытаньне. Так яго насамрэч ніхто ня ставіць — ні ў Беларусі, ні ва Ўкраіне. Украінская дыпляматыя вельмі асьцярожная ў гэтым пытаньні.

Пінск — беларускі, мяжа ніколі ня будзе зьмененая. Сама пастаноўка пытаньня ў загалоўку — вельмі правакацыйная для гэтай вельмі тонкай тэмы нацыянальных адносінаў.

У 2006 годзе, калі кіраўніцы Саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс падкінулі наркотыкі ў машыну і перасьледавалі яе, «Наша ніва» адгукнулася на гэта рэдакцыйным артыкулам, у якім напісала — «сёньня мы ўсе — палякі». Гэты наш артыкул працытавала тады «Газэта Выборча», я ведаю, наколькі цёпла ўспрынялі яго палякі, наколькі важны ён быў для выбудовы беларуска-польскіх адносінаў.

Дзейнасьць Борыс і Пачобута, Бабінай і Наварыча ўмацоўвае Беларусь, робячы яе больш разнастайнай.

Мне падаецца, што беларуская інтэлігенцыя павінная вось так ставіцца да любых меншасьцяў — моўных, нацыянальных, да любых праяваў нацыянальнай і культурнай адметнасьці ў межах нашай вялікай Беларусі.

Як Анжаліка Борыс і Андрэй Пачобут — вялікія патрыёты Беларусі, гэтаксама Бабіна і Наварыч — найвялікшыя патрыёты Беларусі. Іх дзейнасьць умацоўвае Беларусь, робячы яе больш разнастайнай.

Дракахруст: Ціхан, апошняя тэза Андрэя «іх дзейнасьць умацоўвае Беларусь, робячы яе больш разнастайнай» перагукаецца з тэзай Бабінай — «варта вызнаць украінскі характар Берасьцейшчыны, інакш яна будзе савецкай».

Вы кажаце, што там пераходныя гаворкі. А вось уявім сабе, што дзяцей носьбітаў гэтых гаворак пачалі б вучыць не па-беларуску і не па-расейску, як зараз, а па-ўкраінску. І праз колькі гадоў не 0.1%, а, скажам, 30-40% тамтэйшых людзей казалі б — нашая родная мова ўкраінская. Гэта было б лепш, чым цяперашні стан?

Калі паставіць пытаньне ў завостранай форме: што лепш — савецкі беларус на Берасьцейшчыне ці беларус з украінскай роднай мовай? Які ваш адказ?

Чарнякевіч: Я не разумею, чаму гэтую справу трэба абмяжоўваць Берасьцейшчынай. Няўжо гэта такі ўжо выключна савецкі рэгіён у складзе Рэспублікі Беларусь?

Дракахруст: Наколькі я зразумеў Бабіну, паводле яе там ёсьць альтэрнатыва — там можна супрацьпаставіць Беларусі савецкай Беларусь «з украінскім характарам». На ваш погляд, Беларусь «з украінскім характарам» на Берасьцейшчыне была б лепш за цяперашні стан?

Пакуль голасу Берасьцейшчыны няма, то зьменаў і ня будзе.

Чарнякевіч: Для гэтага павінен быць голас Берасьцейшчыны. Так называлася цудоўная газэта, якая выходзіла ў Берасьцейскай вобласьці на ўкраінскай мове і фінансавалася Ўкраінай. З пэўных прычынаў пазьней мінкульт Украіны спыніў фінансаваньне. Пакуль голасу няма, то зьменаў і ня будзе. Калі б голас быў, гэта б, прынамсі, разглядалася.

На мой погляд, супрацьпастаўляць савецкую і ўкраінскую Берасьцейшчыну — гэта нешта з разраду навуковай фантастыкі.

Дракахруст: А голасу Наталкі Бабінай вам мала? Што значыць «голас Берасьцейшчыны» ў практычным пляне — 100 тысячаў тамтэйшых жыхароў павінныя падпісацца пад адпаведным патрабаваньнем? Як яго пачуць?

Чарнякевіч: Пачуць яго вельмі проста. Вось ёсьць прыклады рэгіёнаў, якія Ўкраіне трэба было пачуць на поўдні і на ўсходзе. Я, па шчырасьці, не магу зразумець, нашто Ўкраіне яшчэ напружанасьць і на поўначы.

Дракахруст: Андрэй, Наталка Бабіна рашуча адпрэчвае абвінавачваньні і падазрэньні на адрас ўкраінскага руху ў Беларусі ў схаваным сэпаратызме, ў спробе зладзіць у Беларусі своеасаблівы Данбас. Магчыма, такіх мэтаў у руху сапраўды няма. Але дзе гарантыя, што яны ня зьявяцца з посьпехамі руху? Гэта ж натуральны шлях — спачатку культурна-нацыянальная аўтаномія, потым самавызначэньне, далучэньне да «нэнькі-Ўкраіны».

Тым больш, што і цяпер гучаць фармулёўкі даволі двухсэнсоўныя — пра тое, што «Берасьцейшчына мела повязь з Украінай, але ў 1939 годзе была перададзеная Сталіным Беларусі», пра «ўкраінскі характар Берасьцейшчыны». Гэта гучыць вельмі падобна на развагі пра Крым — «хрушчоўскі дар» і пра «рускі сьвет», які прасьціраецца далёка за межы РФ.

Тут няма небясьпекі, на якую, магчыма, і рэагуюць апанэнты спадарыні Бабінай?

Калі мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай прайшла там, дзе прайшла, яна і будзе беларуска-ўкраінскай мяжою.

Дынько: Не, такой небясьпекі няма. Існыя межы будуць нязьменныя. Раз Вільня апынулася ў Літве, то яна і будзе літоўскай сталіцай. Калі мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай прайшла там, дзе прайшла, яна і будзе беларуска-ўкраінскай мяжою. Зарука таму — нацыянальная сьвядомасьць. Яна ў нашым рэгіёне сфармавалася ў тых межах, якія ёсьць, і ніхто тут больш ня будзе нічога дзяліць.

Дракахруст: Андрэй, а вось Наталка Бабіна кажа, што Берасьцейшчына зараз савецкая. Дык не сфармавалася, значыць, нацыянальная сьвядомасьць пакуль. А вы кажаце, што ўжо сфармавалася.

Дынько: Тут адзінае, што ёсьць небясьпека перадзелу Эўропы, ініцыяваная Расеяй. Расея абгрунтоўвае гэта тым, што недзе ёсьць расейская мова і людзі, якія лічаць сябе расейцамі. А ніякіх іншых небясьпекаў у нас у рэгіёне няма.

Дракахруст: Ціхан, а давайце падыдзем зь іншага боку. Можа менавіта таму, што пакуль асабліва гучных патрабаваньняў няма, мэтазгодна даць тое, чаго потым, цягам разьвіцьця, ужо будзе недастаткова, каб задаволіць жыхароў Берасьцейшчыны? Часам у гісторыі менавіта ігнараваньне патрэбаў этнічных меншасьцяў, якія цэнтральны ўрад, тытульны этнас не жадалі задаволіць, і прыводзілі да сэпарацыі, да распаду дзяржаваў.

Можа, пайсьці насустрач адпаведным пажаданьням — гэта ня толькі высакародна, пра што казаў Андрэй, але і па-дзяржаўніцку прадбачліва?

У пэрыяд палітычнага міжсэзоньня краёвая карта Берасьцейшчыны магла б ізноў згуляць.

Чарнякевіч: Перш за ўсё, справа «даць» ці «не даць» знаходзіцца па-за межамі маёй кампэтэнцыі. Я за тое, каб мы адкінулі нацыяналістычныя штукі львавянаў і гаварылі пра берасьцейскае Палесьсе, пра Мазыршчыну, пра Магілёўшчыну, поўнач Віцебшчыны, як пра цікавыя моўныя рэгіёны, і ведалі іх моўную мапу.

А мы зараз чуем з другога боку — мы заўсёды гаварылі па-ўкраінску. І гэта людзі зь Бярозаўскага ці Івацэвіцкага раёнаў. Ну ясна ж, што людзі ні ў зуб нагой у гэтым усім.

Гэтак тады аўтаномію трэба даваць усім рэгіёнам Беларусі, бо мова ў нас вельмі розная і цікавая па ўсёй тэрыторыі краіны. Так, на Палесьсі яна асабліва цікавая, бо гэта пераходная зона.

Не выключана, што ў пэрыяд палітычнага міжсэзоньня, якога мы ўсе хто з надзеяй, хто з насьцярогай чакаем, краёвая карта Берасьцейшчыны магла б ізноў згуляць. Але не цяпер. Цяпер беларуская ўлада будзе глядзець на настроі, патрабаваньні нізоў. Калі ніякіх патрабаваньняў ня будзе, акрамя як ад пяці аўтараў часопісу «Справа», наўрад ці будуць нейкія прэфэрэнцыі.

У адрозьненьні ад больш заможнай Польшчы, якая можа дазволіць сабе даваць грошы на беларусаў, на кашубаў, на выданьне часопісу на падляскай мове і гэтак далей.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG