Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: Эўрапарлямэнт ня мае ілюзіяў наконт дэмакратычнасьці беларускага рэжыму


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Калі б рашэньне прымала ня Рада Эўразьвязу, а Эўрапарлямэнт, то санкцыі супраць афіцыйнага Менску не былі б скасаваныя.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч, які 17-19 лютага знаходзіўся ў Брусэлі, дзе наведваў Эўрапарлямэнт.

У Брусэлі Статкевіч выступіў з дакладам па сытуацыі ў Беларусі на пасяджэньні сацыял-дэмакратычнай фракцыі Эўрапарлямэнту, а потым і на пасяджэньні групы Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю.

Паводле асабістых адчуваньняў Статкевіча, сярод эўрадэпутатаў па беларускім пытаньні пануе разгубленасьць і ў пэўнай ступені пачуцьцё віны перад беларускім народам.

Эўрадэпутаты ня маюць ілюзіяў наконт дэмакратычнасьці беларускага рэжыму і далёка ня ўсе зь іх падзяляюць рашэньне Рады ЭЗ аб зьняцьці санкцыяў зь беларускіх чыноўнікаў і кіраўніка беларускага рэжыму.

«Эўрадэпутаты ня маюць ілюзіяў наконт дэмакратычнасьці беларускага рэжыму і далёка ня ўсе зь іх падзяляюць рашэньне Рады ЭЗ аб зьняцьці санкцыяў зь беларускіх чыноўнікаў і кіраўніка беларускага рэжыму. Фракцыя „Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў“ (гэта другая паводле колькасьці фракцыя ў Эўрапарлямэнце) прыняла рашэньне, што яна не падтрымлівае зьняцьце санкцыяў.

На жаль, тут рашэньне прымаў не Эўрапарлямэнт, бо там усё ж знаходзяцца не чыноўнікі, а палітыкі — людзі, за якіх галасавалі выбаршчыкі, якія змагаліся за перамогу, людзі мабыць больш схільныя да павагі да ідэалаў. Калі б гэта рашэньне прымаў Эўрапарлямэнт, то, безумоўна, гэтыя санкцыі не былі б зьнятыя», — мяркуе палітык.

Акрамя таго, абмяркоўвалася пытаньне ўдзелу беларускай Палаты прадстаўнікоў у Эўранэсьце — Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства». На сёньняшні момант Беларусь — гэта адзіная краіна «Ўсходняга партнэрства», парлямэнт якой не прадстаўлены ў Эўранэсьце.

Палата прадстаўнікоў у Эўранэсьце прадстаўлена ня будзе. Зь імі будуць размаўляць, але прызнаваць як парлямэнт ня будуць.

«Прынятае рашэньне, што пакуль Палата прадстаўнікоў у Эўранэсьце прадстаўлена ня будзе. Зь імі будуць размаўляць, але прызнаваць як парлямэнт ня будуць.

Выстаўленыя наступныя ўмовы для адмены такога рашэньня: зьмена выбарчага заканадаўства да парлямэнцкіх выбараў, рэабілітацыя палітвязьняў, а таксама самі выбары павінны прайсьці дэмакратычна і па іх выніках у Палаце прадстаўнікоў павінна зьявіцца апазыцыя. Пры выкананьні гэтых ўмоваў Эўрапарлямэнт будзе лічыць Палату прадстаўнікоў за сапраўдны парлямэнт», — кажа палітык.

Між тым эўрадэпутаты зьбіраюцца скарыстацца сытуацыяй, якая склалася пасьля адмены санкцыяў. У прыватнасьці некаторыя эўрадэпутаты, якім быў забароны ўезд у Беларусь, маюць намер усё ж наведаць краіну. «Напрыклад, польскія дэпутаты зьбіраюцца заняцца праблемамі Саюзу палякаў у Беларусі», — паведаміў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG