Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі маці-адзіночку асудзілі за рэпост і лайкі інфармацыі пра Ўкраіну


Чыгуначны суд Екацерынбурга прысудзіў 47-гадовую Кацярыну Валагжэнінаву да 320 гадзінаў абавязковых прац.

Таксама суд пастанавіў зьнішчыць ноўтбук і кампутарную мыш падсуднай, піша Ura.ru.

Крымінальную справу ў дачыненьні да Валагжэнінавай распачалі ў канцы 2015 году паводле артыкулу 282 Крымінальнага кодэксу «Узбуджэньне нянавісьці альбо варожасьці, а роўна прыніжэньне чалавечай годнасьці».

Пасты, якія сталі падставай для разглядаў, былі зробленыя ўлетку 2014 году. Адзін з запісаў — карыкатура на мужчыну, які візуальна быў падобны да Ўладзімера Пуціна. Таксама была разьмешчаная карцінка з выявай дзяўчыны-бандэраўкі, былі пасты пра расейскіх добраахвотнікаў на Данбасе. Усе яны, на думку сьледзтва, абражалі і прыніжалі грамадзян Расеі. Таксама ў судзе адзначылі, што пасьля таго, як ва Ўкраіне пачаліся хваляваньні, падсудная стала вывучаць украінскую мову і спрабавала завязаць кантакты з забароненай у Расеі арганізацыяй «Правы сэктар».

Сьведкі з боку абвінавачаньня ў ходзе судовага пасяджэньня заявілі, што падсудная асуджала палітыку ўладаў Расеі ва Ўкраіне. Сама Валагжэнінава гэта адмаўляла і настойвала на тым, што не хацела распальваць нянавісьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG