Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпрэсіі ў ДНР і ЛНР праводзяцца па палітычных і рэлігійных прыкметах», — Каныгін


Ілютрацыйнае фота

Ілютрацыйнае фота

На тэрыторыях, якія кантралююцца сэпаратыстамі, звычайнай зьявай стаў перасьлед жыхароў Данбасу супрацоўнікамі дзяржбясьпекі.

Пра гэта ў артыкуле для meduza.io піша журналіст расейскай «Новой газеты» Павал Каныгін, які сам неаднаразова бываў на тэрыторыі, падкантрольнай сэпаратыстам.

Павал Каныгін

Павал Каныгін

«Рэпрэсіі ў самаабвешчаных ДНР і ЛНР праводзяцца па палітычных і рэлігійных прыкметах (ганеньні ў розны час зьведалі прадстаўнікі пратэстанцкай і баптысцкай абшчынаў). „На падвалах“ мясцовых сілавікоў таксама сядзяць прадпрымальнікі, якія ня здолелі дамовіцца з новай уладай. Іх бізнэс часьцей за ўсё „нацыяналізуюць“ — гэта значыць, што кантроль над імі, як правіла, атрымліваюць сваякі буйных чыноўнікаў сэпаратысцкіх урадаў або іх набліжаныя. У апошнія два месяцы часта паведамляюць пра арышты паводле ананімных даносаў. Вызваліць рэпрэсаваных хтосьці спрабуе праз знаёмых у кіраўніцтве рэспублік, іншыя спадзяюцца выкупіць тых, хто трапляе за краты, аднак у выпадку з палітычнымі арыштамі звычайна не дапамагае ні тое, ні іншае», — адзначае журналіст.

Паводле Паўла Каныгіна, апошняя і самая масавая хваля рэпрэсіяў накрыла Данецк у канцы студзеня 2016 году — пасьля падрыву невядомымі помніка Леніну (сам Ленін не пацярпеў, адвалілася толькі частка пастамэнту). Лідэр сэпаратыстаў ДНР Аляксандар Захарчанка абвясьціў маштабнае расьсьледаваньне, назваўшы вінаватымі «неўстаноўленую групу ўкраінскіх дывэрсантаў».

«Устанавіць іх было даручана міністэрству дзяржбясьпекі ДНР — ведамству, якое праславілася арыштамі мясцовай апазыцыі, выгнаньнем з рэспублікі журналістаў і міжнародных арганізацыяў (напрыклад, „Лекараў бязь межаў“).

Мясцовыя СМІ заклікалі людзей перадаваць сілавікам інфармацыю аб падазроных асобах і размовах. Стала больш жорсткай камэнданцкая гадзіна. У першую ж ноч мясцовыя чэкісты наведаліся ў кватэры да некалькіх дзясяткаў гараджан.

У наступныя тры дні міністэрства разгарнула кампанію па выяўленьні ўкраінскіх шпіёнаў, дывэрсантаў і ворагаў Данецкай рэспублікі. Мясцовыя СМІ заклікалі людзей неадкладна перадаваць сілавікам інфармацыю аб падазроных асобах і размовах. Стала больш жорсткай камэнданцкая гадзіна; начныя прагулкі і паездкі апынуліся пад забаронай. У першую ж ноч мясцовыя чэкісты наведаліся ў кватэры да некалькіх дзясяткаў гараджан. Паводле прыблізных ацэнак мясцовых журналістаў, затрымалі каля 50 чалавек», — распавядае Каныгін.

Людзі, якія прайшлі праз турмы сэпаратыстаў, сьцьвярджаюць, што наглядчыкі і супрацоўнікі спэцслужбаў практыкуюць у дачыненьні да арыштантаў катаваньні. Найбольш распаўсюджаныя меры ўзьдзеяньня на арыштантаў — катаваньні электрашокам і інсцэніроўка пакараньня; у прыватнасьці, шырока практыкуецца імітацыя расстрэлу. Нярэдка сустракаюцца і больш удасканаленыя катаваньні.

Цікава, што за аснову крымінальнага заканадаўства ў непрызнаных рэспубліках узяты Крымінальны кодэкс СССР 1961 году.

XS
SM
MD
LG