Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін выкарыстоўвае крызіс ва Ўкраіне, каб дэстабілізаваць Эўразьвяз», — экспэрт


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін

Гісторык, спэцыяліст па міжнародных адносінах у ХХ стагодзьдзі, прафэсар Бостанскага ўнівэрсытэту (ЗША) Ігар Лукеш лічыць, што ЗША толькі пасьля Майдану ўбачылі агрэсіўную палітыку Крамля на постсавецкай прасторы.

Ігар Лукеш

Ігар Лукеш

«Пасьля заканчэньня халоднай вайны ЗША і Захад у цэлым паводзілі сябе так, нібыта ніякай Украіны няма. Яна ўспрымалася толькі як адна з постсавецкіх дзяржаваў, ды яшчэ і якая ляжыць у непасрэднай блізкасьці ад Расеі, так што ў падтэксьце многіх слоў і дзеяньняў заходніх палітыкаў гучала: ну, украінскія справы нас наагул не вельмі тычацца.

І толькі пасьля Майдану, калі казаць пра ЗША (Эўропа ўсё ж такі ў большай ступені была ўцягнутая ва ўкраінскія працэсы), мы нібы прачнуліся, убачыўшы агрэсіўнасьць расейскай палітыкі. З тых часоў, як мне здаецца, амэрыканская палітыка на гэтым кірунку выглядае нядрэнна: ніхто больш ня робіць выгляд, што нас гэта не датычыцца, што гэта ўсё робіцца на заднім двары Расеі, вось хай яна і разьбіраецца, і г.д. Усе зразумелі, што Ўкраіна — ключавая краіна з пункту гледжаньня міжнароднай палітыкі і эўрапейскай стабільнасьці. І зразумелі, што канчатковай мэтай Пуціна не зьяўляецца акупацыя Ўкраіны: калі б хацеў, ён даўно мог бы быць у Кіеве. Пуцін выкарыстоўвае крызіс ва Ўкраіне, каб дэстабілізаваць Эўразьвяз і эўраатлянтычнае супрацоўніцтва ў рамках НАТО. Гэта і ёсьць яго сапраўдныя мэты», — кажа экспэрт.

Сцэнар гіпатэтычнай зьдзелкі Расеі з Захадам (барацьба супраць «Ісламскай дзяржавы» ў абмен на прымальныя для Крамля ўмовы вырашэньня ўкраінскага крызісу) Лукеш назваў небясьпечным і непрымальным.

«Атрымліваецца, што мы даем Пуціну магчымасьць разбамбіць у Сырыі ўсё, што рухаецца, назваўшы гэта дапамогай у барацьбе зь міжнародным тэрарызмам, а ў адказ дазваляем яму так ці інакш замацаваць за сабой Данбас, стварыць сабе пляцдарм ва Ўкраіне, надоўга яе аслабіўшы. Такая зьдзелка была б праявай палітычнай сьлепаты, таму што ёсьць прымаўка: сядаеш абедаць з д’яблам (у дадзеным выпадку з Пуціным) — бяры доўгую лыжку. Па-першае, Пуцін ня здольны вырашыць сытуацыю ў Сырыі толькі ваенным шляхам. Такое рашэньне ў прынцыпе нерэальна, у сырыйскай сытуацыі ёсьць і палітычны, і рэлігійны складнік. Бамбёжкі самі па сабе нічога ня вырашаць», — падкрэсьлівае ён.

Цалкам інтэрвію з Ігарам Лукешом можна прачытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG