Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 43. Мова як музэйны экспанат


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Беларусу добра вядома: мову лепей трымаць у музэйнай вітрыне. На ганаровым месцы, але за шклом. Можна нават не папярэджваць «Рукамі не датыкацца!»

На беларускай, зьдзіўляюцца замежнікі, у Беларусі, як правіла, не размаўляюць. Хаця яна нібы існуе, ніхто сёньня не адмаўляе. Але дзе тады яна? Яе трымаюць дзесьці ў глыбіні душы. Як старую ашчадную кніжку на дне шуфляды.

Беларусы доўгі час ганарыліся, што гавораць па-руску. Папросту як усе астатнія масквічы. Для іх было ня важна, што гэта нейкі «pidgin russian», а-ля рускі. Галоўнае, што ўдалося пазбыцца роднай, на якой не гавораць з трыбунаў і ня пішуць, напрыклад, падручнікі па ідэалёгіі.

Калі Мікіта Сяргеевіч пахваліў беларусаў, што хутчэй за іншых нацменаў пачалі забываць сваю мову, а таму першымі апынуцца ў камунізьме, яны адчувалі сябе рыхтык шчасьлівымі. Пры камунізьме, як ім абяцалі, родная мова не спатрэбіцца, паколькі ўсе мовы зямлі конча зьліюцца ў адну – рускую. Куды сёньня беларусы прагнуць трапіць, калі ня стала камунізму? Невядома.

Некалі роднай мовай карысталіся пісьменьнікі, нядобранадзейныя для ўлады людзі. У наш час яна стала мовай апазыцыі. У любога міліцыянта вуха чулае на беларускамоўных. Хто ў натоўпе, ці на якой акцыі размаўляе ня так, як нармальныя людзі — тых трэба будзе першымі браць. Ніколі не памылісься.

Родная мова сапраўды зрабілася нечым накшталт музэйнага экспанату з этнаграфічнай экспазыцыі. Дзе саламяныя капелюшы, цацкі, лапці. У лепшым разе яна можа быць даволі шыкоўнай рэччу з вітрыны ювэлірнай крамы, якая нікому не па кішэні. Пра якую рэдка згадваюць. Якая ў штодзённым жыцьці рэальна нічога ня значыць. Толькі ў рэдкія пампэзныя нагоды яе выносяць, каб паказаць публіцы, і хаваюць назад.

У душы шмат хто знаходзіць для сябе апраўданьне, каб не карыстацца роднай мовай. Яны гавораць самі сабе: няма чаго выпендрывацца, трэба быць як усе. Беларус наважваецца загаварыць па-беларуску толькі калі побач няма начальства альбо калі нападпітку. У застоліцы яго цягне засьпяваць «Касіў Ясь канюшыну» або «А я лягу-прылягу край гасьцінца старога», чаго без кілішка ніколі ня зробіць.

Звычайны беларус, калі ён усё ж любіць сваю мову, то робіць гэта моўчкі, не паказваючы выгляду. На падсьвядомым узроўні ён ніколі не забываецца, што за яе саджалі за краты і расстрэльвалі. Што мова — гэта заўжды палітыка. Так атрымалася, што нават носьбіты беларускай часам размаўляюць на розных мовах. Увогуле тыя, хто карыстаецца роднай мовай, зьяўляюцца своеасаблівай нацыянальнай меншасьцю ўнутры большасьці, якая любіць мову пасіўна альбо па-ранейшаму грэбуе ёю. Родная мова — не штодзённы інструмэнт. Мова — сьвятарная карова, да якой баяцца дакрануцца, ня кажучы пра магчымасьць узяць ад яе малака. Такой думкі да галавы не прыходзіць.

Калі ў музэі з часам мова сапсуецца, не бяда, можна будзе замяніць муляжом. У нас іх поўна ў экспазыцыях, арыгіналы заўсёды чамусьці за мяжой.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG