Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрт, настольныя гульні, вершы — усё па-беларуску. Як у Менску адзначаюць Дзень роднай мовы?


Сёньня ў Менску «Арт сядзіба» распачала «Дні роднай мовы» з разнастайнай культурнай праграмай. У творчай прасторы «Мёд» адбылася прэзэнтацыя папулярных беларускамоўных настольных гульняў, выступы паэтаў і музычных гуртоў.

ГЛЯДЗЕЦЬ ФОТАГАЛЕРЭЮ

21 лютага адбудзецца паказ спектаклю «Браніслаў. Сцэны з жыцця ды сноў» паводле аднайменнай п’есы Эльдара Бякірава.

Акрамя гэтага, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ладзіць традыцыйную, ужо дзявятую па ліку Агульнанацыянальную дыктоўку. Тэксты дыктовак можна ўзяць на партале ТБМ ці прачытаць у «Нашым слове». 21 лютага дыктоўка будзе па тэкстах Янкі Сіпакова, Максіма Багдановіча і Макара Краўцова. Дыктоўку, як заўжды, праводзяць у тры этапы. Наступны этап будзе 15 сакавіка, потым 25-га.

У межах сьвяткаваньня Дня роднай мовы культурніцкі цэнтар «Грунтоўня» запрашае на монаспэктакль «Билінгвы», тэма якога — дзьвюхмоўе ў Беларусі. Дзе: Берасьце, вул. Дзяржынскага, 14.

Студэнты Інстытуту журналістыкі ладзяць 22 лютага «Хуткія размовы па-беларуску». Студэнты заклікаюць паспрабаваць паразмаўляць па-беларуску ў нядзелю, 21.02, у Міжнародны Дзень роднай мовы, а на наступны дзень прыйсьці на факультэт на «Хуткія размовы па-беларуску» і палепшыць сваё валоданьне мовай.

Моладзь БНФ ладзіла цэлы Тыдзень беларускай мовы, у праграме якога — настольныя гульні, дыскусіі зь вядомымі асобамі, пастаноўка форум-тэатру «Мова», кінапрагляды беларускіх і ўкраінскіх фільмаў, гарадзкі квэст у цэнтры Менску. На 21 лютага заплянаваны сьвяточны канцэрт з удзелам маладога беларускага гурту «Лепшы квас». Пачатак канцэрту а 20.00.

Беларускі Калегіюм і Лятучы Ўніверсітэт запрашаюць у навуковае падарожжа з Ірынай Дубянецкай і Сяргеем Харэўскім з цыклю «Трэцяя беларуская праўда». 21 лютага ладзіцца экскурсія «Радзіма радзімічаў» ад Менску праз Бабруйск, Сьветлагорск і Рэчыцу да Гомеля. Падрабязная інфармацыя пра вандроўку тут.

У Бабруйску з 14 па 21 лютага праходзіць гарадзкая акцыя «Размаўляем, чытаем і сьпяваем па-беларуску». У межах акцыі — імпрэзы ў музэях, школах і бібліятэках. У сам Дзень роднай мовы, 21 лютага на Бабруйскім аўтавакзале пройдуць два канцэрты: «Беларускі край» народнага фальклёрнага калектыву «Бярэзінскі карагод» «Беларусь, мая сонца-краіна!» хору вэтэранаў працы «Бабруйскія зоры». Падрабязная праграма імпрэзаў тут.

XS
SM
MD
LG