Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прадпрымальнікі выйдуць на працу, бо няма куды падзецца», у Магілёве чыноўнікі пагутарылі з дробнымі бізнэсоўцамі


Магілёў. Віленскі рынак
Магілёў. Віленскі рынак

Магілёўскія прадпрымальнікі чарговы раз сустрэліся з чыноўнікамі аблвыканкаму. Мясцовыя афіцыйныя крыніцы такія сустрэчы называюць дыялёгам, пры гэтым адзначаюць, што яго асноўная тэма — абавязковасьць сэртыфікацыі тавару, якім гандлююць дробныя бізнэсоўцы.

Прэзыдэнцкі ўказ № 222, які ўтрымлівае такое патрабаваньне, паралізаваў працу рэчавых рынкаў і гандлёвых цэнтраў. Гандляры не выходзяць на працоўныя месцы, бо, як сьцьвярджаюць, у Расеі, адкуль прывозяць тавар, сэртыфікатаў не даюць. Без суправаджальных дакумэнтаў ім пагражае вялікі штраф і канфіскацыя тавару на радзіме.

Чыноўнікі на першых дзьвюх сустрэчах абяцалі, што «не дадуць бізнэс у крыўду нікому», пры гэтым як тое будуць рабіць — не казалі. Даводзілі, што просьбы прадпрымальнікаў перадалі ў адпаведныя міністэрствы і ведамствы ды прызнавалі: адмяніць прэзыдэнцкі ўказ № 222 ў аблвыканкаму няма паўнамоцтваў

На сёньняшняй сустрэчы, як вынікае з паведамленьняў афіцыйных крыніц, чыноўнікі ўжо настойвалі, што прадпрымальнікам неабходна мець дакумэнты, якія пацьвярджаюць якасьць прывезенага тавару. Асноўны пасыл: «трэба прыстасоўвацца да новых умоваў гандлю». Паводле чыноўнікаў бальшыня прадпрымальнікаў ужо выйшлі на працоўныя месцы.

«На Магілёўшчыне 24 тысячы прадпрымальнікаў, а пад дзеяньне ўказу падпалі крыху болей за тры тысяч. Пры гэтым большая палова зь іх працуе. За паўтара года яны знайшлі нармальнага пастаўшчыка і гуртавіка», — заявіў на сустрэчы прадпрымальнікам начальнік упраўленьня прадпрымальніцтва Магілёўскага аблвыканкаму Віктар Красоўскі.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы, гандляр зь Віленскага рынку Магілёва, пагадзіўся з журналістам, што неўзабаве прадпрымальнікаў на рынках, якія цяпер збольшага пустуюць, пабольшае. Паводле прадпрымальніка, на сустрэчы чыноўнікі давалі абяцаньні, што пазаплянавых праверак на рынках і гандлёвых цэнтрах ня будзе.

«Плянавыя праверкі праводзіцца будуць. Прадстаўнік падатковай інспэкцыі казаў, што першы час будзе адбывацца прыцірка новых правілаў гандлю. Прадпрымальнікі шмат гаварылі пра нюансы, якія ўскладняюць працу. Але ў мяне склалася ўражаньне, што яны выйдуць на працу. На сёньняшняй сустрэчы было мала людзей. Многія ня ведалі, што яна пройдзе», — расказаў прадпрымальнік.

Бізнэсовец не хавае, што расчараваны нерашучасьцю сваіх калегаў. Сам ён езьдзіў на акцыю пратэсту, якая праходзіла на Кастрычніцкай плошчы. «Мы б многага дабіліся, калі б больш разумна выбудоўвалі свой пратэст», — зазначае ён.

«Колькі прадпрымальнікаў кіне свой бізнэс — цяпер казаць цяжка, — дадае ён. — Людзям жа няма куды цяпер падацца. Многія будуць неяк спрабаваць гандляваць. Будуць вынаходзіць нейкія шэрыя схемы працы. Самі ўлады вымушаюць людзей да такіх дзеяньняў. Сам я шакаваны і расчараваны і, калі шчыра, то не хацеў бы нават пра гэта гаварыць».

Згодна з 222-м указам прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў. Указ паралізаваў працу гандлёвых цэнтраў і рэчавых рынкаў. Прыкладна празь месяц пасьля таго, як указ уступіў у сілу, у Магілёве прадпрымальнікі ў гандлёвых цэнтрах паволі пачалі выходзіць на працу.

У прыватных гутарках бізнэсоўцы з гандлёвых цэнтраў тлумачаць, што іх змусілі выйсьці на працу, прыгразіўшы скасаваць дамову на арэнду гандлёвых плошчаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG