Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла амэрыканская пісьменьніца Харпэр Лі


Сёньня на 90-тым годзе жыцьця памерла Харпэр Лі, аўтарка раману «Забіць перасьмешніка» («To Kill a Mockingbird») з 1960 году, які даў ёй статус клясыка амэрыканскай літаратуры і прынёс любоў чытачоў як у ЗША, так і па ўсім сьвеце.

За гэты раман Харпэр Лі атрымала Пуліцэраўскую прэмію ў 1961 годзе, а экранізацыя раману ў 1962 годзе (з памятнай роляй Грэгары Пэка) прынесла ёй сусьветную вядомасьць. Як сам раман, так і фільм на яго аснове рэгулярна ўключаюцца ў рэйтынгі найлепшых кніг і фільмаў у гісторыі літаратуры і кінэматографу ў ЗША.

Кніга «Забіць перасьмешніка» закранае праблемы расавай няроўнасьці ў ЗША, а яе сюжэт — абарона белым адвакатам чарнаскурага, абвінавачанага ў згвалтаваньні — абапіраецца на аўтэнтычнае здарэньне з часоў дзяцінства пісьменьніцы ў яе родным горадзе ў штаце Алабама. Адзін зь дзіцячых пэрсанажаў раману зьяўляецца партрэтам амэрыканскага пісьменьніка Трумэна Капотэ, зь якім аўтарка сябравала ўсё жыцьцё і дапамагала яму зьбіраць матэрыял для ягонай славутай кнігі нонфікшн «З халоднай крывёю» («In Cold Blood»).

У 2015 годзе выйшла кніга Харпэр Лі «Ідзі, пастаў вартаўніка» (Go Set a Watchman), якая была напісаная раней за раман «Забіць перасьмешніка», але не была ў свой час апублікаваная. Некаторыя крытыкі лічаць гэтую кнігу першым (чарнавым) варыянтам раману «Забіць перасьмешніка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG