Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьня, які рабіў суіцыд у Жодзінскай калёніі, суд вызваліў ад турмы «па стане здароўя»


Ягор Пратасеня, архіўнае фота з сацсетак

Ягор Пратасеня, архіўнае фота з сацсетак

19 лютага Менскі абласны суд разглядзеў скаргу адваката жыхара Салігорску Ягора Пратасені, які быў асуджаны за распаўсюд наркотыкаў на 14 гадоў зьняволеньня, і пакінуў прысуд у сіле, адначасова вызваліўшы асуджанага ад адбыцьця пакараньня «па стане здароўя».

На пачатку году Ягор Пратасеня ў калёніі зрабіў спробу суіцыду, пасьля чаго трапіў у шпіталь у стане непрытомнасьці. Цяпер вязень у турэмным шпіталі менскага ізалятара на Валадарскага. Лекары вызначаюць ягоны стан як стабільна цяжкі, блізкі да комы.

«Буду звальняцца, аформлю апякунства, забяру сына дамоў і буду даглядаць», — сказала пра свае пляны маці Ягора Пратасені Сьвятлана пасьля суду.

Жанчына зьбіраецца на спатканьне з сынам у другой палове дня. «Лекары кажуць, што зь ім усё па-ранейшаму, у прытомнасьць не прыйшоў, хоць вочы расплюшчвае і крыху паціскае руку», — сказала Сьвятлана Пратасеня.

Ягор Пратасеня спрабаваў павесіцца ў адзіночцы жодзінскай калёніі, пратэстуючы супроць дзеяньняў супрацоўнікаў наркакантролю Салігорску, якія, паводле вязьня, выбівалі зь яго прызнаньне ў распаўсюджваньні наркотыкаў. Пра гэтыя дзеяньні міліцыянтаў, а таксама пра свой намер адпомсьціць ім шляхам самагубства, малады чалавек паведамляў у лістах дамоў. Сьледчы камітэт Беларусі правярае інцыдэнт у жодзінскай калёніі, а таксама дзеяньні супрацоўнікаў наркакантролю Салігорску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG