Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спутник» абвінавацілі ў русафобіі і беларускім нацыяналізьме


Расейскае інфармацыйнае агенцтва Eurasia Daily (EADaily) абвінаваціла сайт Sputnik.by у русафобіі і прапагандзе беларускага нацыяналізму.

У артыкуле «„Спутник“ на чужой орбите, или Что происходит с российским иновещанием в СНГ» EADaily піша пра тое, што расейскія СМІ, якія працуюць за мяжой, недастаткова эфэктыўна дзейнічаюць ва ўмовах інфармацыйнай вайны.

«Беларускамоўная вэрсія сайта «Спутник» стварае ўражаньне, што яе задачай зьяўляецца арганічнае дапаўненьне такіх вядомых мясцовых русафобскіх выданьняў, як «Наша Ніва» (за посьпехамі якой традыцыйна сочаць зацікаўленыя асобы ў ЗША) ці «Беларускі партызан»... Зь мясцовымі нацыяналістычнымі інтэрнэт-рэсурсамі ў «Спутника» поўнае супадзеньне поглядаў, трактовак гісторыі і культурнага кантэксту. Вядзецца такая ж раскрутка местачковых дзеячаў — русафобствуючых публіцыстаў, музыкаў і іншых прадстаўнікоў «свабодных прафэсій», — гаворыцца ў артыкуле.

У прыватнасьці, «Спутник» папракаюць у тым, што ён піша пра «русафобскую групу» «Дзецюкі», «прыхільніка ўкраінскага Майдану» Сяргея Міхалка, «русафоба і нацыяналіста» Лявона Вольскага, «заўзятага нацыяналіста» Зьмітра Вайцюшкевіча, аўтаркі «трэцягатунковай русафобскай публіцыстыкі» Сьвятлану Алексіевіч і г.д.

«Тэматыка беларускага нацыяналізму, які цалкам выбудаваны на нянавісьці да Расеі, прыхавана ці яўна прасочваецца ў большасьці публікацыяў „Спутника“, ствараючы лжывае ўражаньне, што менавіта русафобскімі і нацыяналістычнымі фантазіямі заклапочана большая частка беларускага грамадзтва. Махровы нацыяналізм прапагандуецца „Спутником“ у такіх формах, якія нават на русафобскіх сайтах звычайна адрасаваныя самым вузкалобым фанатыкам „тысячагадовай“ беларускай гісторыі, ВКЛ і „вышыванак“», — піша EADaily.

Выданьне абвінавачвае «Спутник» у тым, што ён не цікавіцца «праблемамі рускіх у Беларусі» і не крытыкуе русафобію і «беларусізацыю», якую праводзяць беларускія ўлады.

«Праведзена вялікая і адкрыта антырасейская праца, вынікам якой могуць пазайздросьціць многія СМІ, якія існуюць на заходнія гранты і вядуць інфармацыйную вайну супраць Расеі», — гаворыцца ў артыкуле.

Кіраўнік сайта Sputnik.by Андрэй Качура сказаў Свабодзе, што не чытаў гэтай публікацыі і ня ведае пра сайт, які яе зьмясьціў, таму камэнтаваць нічога ня будзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG