Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактарка «Хартыі-97» распавяла, як МЗС Беларусі патрабуе ад Польшчы спыніць падтрымку сайту


Натальля Радзіна
Натальля Радзіна

Кіраўнікі сайтаў «Хартыя-97» і «Радыё Рацыя» са спасылкай на крыніцы ў МЗС заявілі, што афіцыйны Менск патрабуе ад Эўропы і ў прыватнасьці Польшчы, дзе працуе шэраг беларускіх СМІ, спыніць падтрымку беларускіх сайтаў і тэлеканала «Белсат». Таксама беларускія ўлады зьбіраюцца блякаваць сайт «Хартыі».

Галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Натальля Радзіна распавяла карэспандэнту Свабоды пра магчымасьць уплыву афіцыйнага Менску на ўлады іншых краінаў і пра сваю ўласную працу ў Польшчы.

— Адкуль узялася інфармацыя пра тое, што МЗС Беларусі патрабуе ад польскіх уладаў спыніць падтрымку сайта? Ці надзейная яна?

Улады робяць крокі па спыненьні працы сайта «Хартыя-97», і гэта адна з умоваў супольных эканамічных і гандлёвых праектаў.

— Супрацоўнік беларускага Міністэрства замежных спраў на ўмовах ананімнасьці паведаміў мне, што цяпер беларускія ўлады робяць такія крокі па спыненьні працы сайта «Хартыя-97» і што гэта адна з умоваў супольных эканамічных і гандлёвых праектаў. Гэта ня можа быць асобнае меркаваньне аднаго чалавека, крыніца ў МЗС Беларусі кажа, што гэта робіцца менавіта беларускім зьнешнепалітычным ведамствам. Думаю, відавочна, што робіць яно гэта па ўказцы зьверху, бо мы ведаем, што беларускія дыпляматы цяпер — выканаўцы волі беларускіх уладаў.

— Наколькі залежыць «Хартыя» ад фінансавай падтрымкі з-за мяжы?

— Натуральна, сёньня беларуская незалежная грамадзкая супольнасьць, беларускія незалежныя мэдыі вельмі моцна залежаць ад падтрымкі з боку эўрапейскіх партнэраў, фондаў, бо зарабляць грошы беларускія незалежныя мэдыі ня могуць. Яны працуюць ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў, у надзвычай цяжкіх умовах. Замежная падтрымка проста неабходная, каб яны працягвалі сваю справу.

— «Хартыю» ўжо ня раз часова блякавалі ў Беларусі. Ці так страшнае блякаваньне? Існуе шмат спосабаў абысьці блякаваньні сайтаў, але ці многія змогуць імі скарыстацца?

— Я думаю, што многія змогуць гэта зрабіць, заблякаваць штосьці ў інтэрнэце сёньня практычна немагчыма. Тым больш я ўпэўненая, што гэта выкліча сур’ёзныя санкцыі супраць беларускіх уладаў. Таму я б на месцы беларускіх чыноўнікаў лішні раз падумала і не рабіла крокаў, якія толькі пагоршаць сытуацыю, у якой сёньня знаходзіцца Беларусь.

— Ці мае афіцыйны Менск уплыў на Варшаву, ці могуць эўрапейскія ўрады і фонды проста не паслухаць МЗС Беларусі?

— Я ўпэўненая, што пра нейкую залежнасьць гаворкі не ідзе, што польскі ўрад ня будзе прыслухоўвацца да заклікаў расейскай сатрапіі, дыктатуры па суседзтве. Палякі перажылі часы камуністычнай дыктатуры, яны самі разумеюць, наколькі важная падтрымка незалежных мэдыяў і незалежных арганізацыяў у такіх краінах, як Беларусь.

— Эўразьвяз нядаўна зьняў амаль усе санкцыі з уладаў Беларусі. Ці можа пагроза вяртаньня санкцыяў перашкодзіць уладам у гэтай справе?

Беларускія чыноўнікі думаюць, што цяпер могуць выстаўляць умовы сваім эўрапейскім калегам.

— Я думаю, што тут непакаранасьць нараджае яшчэ большую нахабнасьць. Паколькі зь іх зьнялі санкцыі, беларускія чыноўнікі, напэўна, вырашылі, што ім усё даравалі, адчулі сябе нароўні з эўрапейскімі і думаюць, што цяпер могуць выстаўляць умовы сваім эўрапейскім калегам. Я спадзяюся, што яны свайго не дамогуцца, бо ў той жа Польшчы цудоўна разумеюць, з кім маюць справу.

— Ці адчуваеце вы сябе ў бясьпецы ў Варшаве, ці не пагражаюць вам там?

— Ведаеце, мне было настолькі цяжка працаваць у Беларусі... Мы прайшлі праз шматлікія ператрусы, канфіскацыі тэхнікі, мне давялося пабываць у турме, мяне ня раз зьбівалі, а майго сябра, заснавальніка сайта Алега Бябеніна наогул забілі. Таму сёньня ў параўнаньні з той сытуацыяй я сябе адчуваю ў бясьпецы ў Польшчы. Прынамсі, тут у мяне няма такога страху, як у Беларусі, што ў любы момант у офіс уварвецца ўзброены спэцназ ці КДБ у чорных масках і зьвязе мяне ў турму. А такое было ў Менску.

— А ці мае «Хартыя» карэспандэнтаў у Беларусі? Як працуецца ім?

— Так, у нас ёсьць журналісты, якія працуюць падпольна ў Беларусі, якія пастаўляюць інфармацыю. На жаль, як толькі беларускім уладам становіцца вядома, што чалавек супрацоўнічае з «Хартыяй»... Шмат з кім «гутарылі», пагражалі, патрабавалі спыніць супрацу. Але ўсё роўна шмат людзей паведамляе нам пра тое, што адбываецца ў Беларусі, піша нам, перадае інфармацыю. Гэта дазваляе нам эфэктыўна працаваць.

— Нядаўна ў Беларусь вярнуліся некаторыя людзі, якія зьяжджалі з палітычных прычынаў: актывіст Вячаслаў Сіўчык, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Алесь Міхалевіч... Ці ня думалі вы самі вярнуцца ў Беларусь?

— Я вельмі хачу вярнуцца, ніяк ня бачу свайго жыцьця за мяжой, я ўпэўненая, што павінна жыць у сваёй краіне. Але я бачу, што пакуль, на жаль, гэта немагчыма. Калі я хачу працягваць працу незалежнага журналіста — а я хачу яе працягваць, — я бачу, што гэта немагчыма ў сёньняшняй Беларусі. Сайт «Хартыі» — гэта той сайт, якога напраўду баяцца беларускія ўлады, мы ня зможам стаць меней сьмелымі ці больш мяккімі і пухнатымі. Я ўпэўненая, што праз нашу пазыцыю будуць супраць нас рэпрэсіі. Таму мы вернемся ў Беларусь толькі тады, калі зможам пісаць свабодна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG