Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне распалася ўрадавая кааліцыя


Лідэр фракцыі «Самапомачы» Алег Беразюк

Лідэр фракцыі «Самапомачы» Алег Беразюк

Фракцыя «Самапомач» заявіла аб выхадзе з урадавай кааліцыі «Эўрапейская Ўкраіна» ў Вярхоўнай Радзе.

Гэтым самым перастала існаваць парлямэнцкая большасьць, якая падтрымлівала ўрад Арсеня Яцанюка: колькасьць дэпутатаў у кааліцыі стала меншай за неабходных 226.

Тлумачачы прычыны такога кроку лідэр фракцыі «Самапомачы» Алег Беразюк заявіў журналістам:

«У нас створаны ўладны саюз з удзелам часткі „Блёку Пятра Парашэнкі“, „Народнага фронту“ і аскепкаў Партыі Рэгіёнаў, падкантрольнай алігархам. Такія дзеяньні, якія легітымізавалі ўрад Украіны — гэта замах на дзяржаўны лад, і яны канчаткова развалілі парлямэнцкую кааліцыю „Эўрапейская Ўкраіна“. І асабліва цынічным выглядае тое, што такі саюз аформіўся напярэдадні другой гадавіны Майдану і трагічных падзей пад Дэбальцавам».

«Самапомач», якая ў Вярхоўнай Радзе прадстаўлена 33 дэпутатамі, стала трэцяй партыяй, якая пакінула кааліцыю сьледам за Радыкальнай партыяй Алега Ляшка і «Бацькаўшчынай» Юліі Цімашэнкі.

Прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк заявіў, што выхад «Самапомачы» з кааліцыі сьведчыць аб няўменьні яе лідэраў браць на сябе палітычную адказнасьць.

«Цяпер сытуацыя нашмат больш складаная, таму ўсе павінны ўзяцца за рукі, забыцца аб мінулых крыўдах, узяць на сябе ўсю адказнасьць за лёс краіны і ісьці наперад. Мая рука працягнутая прэзыдэнту Парашэнку і яго фракцыі» — заявіў Яцанюк.

16 лютага прадстаўнікі «Блёку Пятра Парашэнкі», «Самадапамогі», «Бацькаўшчыны» і Радыкальнай партыі Алега Ляшка падтрымалі рэзалюцыю аб недаверы ўраду Арсеня Яцанюка, але для адстаўкі ўраду Яцанюка не хапіла 32 галасоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG