Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІП: «Трэба зьяжджаць з гэтай краіны — тут працаваць немагчыма»


«Чэрвеньскі рынак» у Менску
«Чэрвеньскі рынак» у Менску

Ад 1 студзеня 2016 году тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў краіны змушана пакінулі працоўныя месцы на рынках. Амаль два месяцы празь перамовы, сходы, страйкі і мітынгі яны дамагаюцца адмены прэзыдэнцкага ўказу № 222, які забараняе дробным гандлярам працаваць без сэртыфікацыі тавараў. Індывідуальныя прадпрымальнікі заяўляюць, што патрабаваньні прэзыдэнцкага ўказу невыканальныя і адмыслова скіраваныя на разбурэньне дробнага прадпрымальніцтва. Рынкі і гандлёвыя цэнтры дагэтуль застаюцца паўпустымі, а рэдкія гандляры працуюць паводле ранейшых правілаў «на свой страх і рызыку», бо ўжо ня маюць сродкаў да існаваньня. Пра гэта карэспандэнту Свабоды распавялі прыватныя прадпрымальнікі на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Менску.

«Чэрвеньскі рынак»
«Чэрвеньскі рынак»

Чэрвеньскі рынак у Менску — адзін з найстарэйшых і найбольш папулярных у менчукоў, «самы танны» — як сьцьвярджаюць самі гандляры. Але размаітасьць спажывецкіх тавараў, прадуктаў харчаваньня і шматлюднасьць — у мінулым. Чэрвеньскі сустракае рэдкімі прадаўцамі, зачыненымі ралетамі і радамі, дзе пакупнікоў амаль няма. Некалькі чалавек стаяць групай. Гаворка — пра надзённую праблему беспрацоўя. Сярэдніх гадоў кабета не хавае, што працуе з парушэньнем правілаў, уведзеных прэзыдэнцкім дэкрэтам № 222.

Пойдзем на біржу — няхай плацяць

«У мяне спартовае адзеньне, сукенкі, байкі. На частку тавараў ёсьць сэртыфікаты, на частку — не. Выйшла на працу, бо ўжо няма за што жыць, а ў мяне сям’я і двое дзяцей-школьнікаў. Але атрымліваецца — выйшла, каб пастаяць, гэта працай не назавеш. Мы, наш рынак і прадпрымальнікі ўвогуле, заўсёды абслугоўвалі тыя катэгорыі насельніцтва, якія стаяць найніжэй на сацыяльнай лесьвіцы: пэнсіянэраў, дэкрэтніцаў, школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў, мэдыкаў. Пакупніцкая здольнасьць людзей увогуле зьнізілася, а гэтая катэгорыя — найбяднейшая, і для іх наш тавар — з улікам афармленьня накладных дакумэнтаў, сэртыфікатаў — стаў проста недаступны. І калі гэтая сытуацыя, якая ёсьць, захаваецца і надалей, то не спатрэбяцца нам ні сэртыфікаты, ні іншыя дакумэнты — мы проста закрыемся. Пойдзем на біржу працы: мы плацілі падаткі, рабілі пералічэньні ў фонд сацыяльнай абароны — няхай зараз нам плацяць. Уладам трэба не „сацыяльна-арыентаваную“ эканоміку будаваць, а праводзіць рэформы і даць разьвівацца прыватнай ініцыятыве, бізнэсу, прыватнай уласнасьці. А ў нас выходзіць, што ўлады бяруць крэдыты, выплочваюць заробкі, а мадэрнізацыі прамысловасьці няма»...

«Чэрвеньскі рынак»
«Чэрвеньскі рынак»

Паплечніцы маёй суразмоўцы па бізнэсе дадаюць, што баяцца за заўтрашні дзень: ня ведаюць, як далей аплочваць павялічаныя камунальныя рахункі, як вучыць дзяцей. Аднак імпэту, каб пратэставаць і выстаўляць патрабаваньні, не выказваюць.

«У 90-я гады было нашмат лепш»

На «памяркоўнасьць» беларускага грамадзтва скардзіцца яшчэ адзін суразмоўца — гандляр аўтазапчасткамі, хоць пратэставаць і сам баіцца:

«Мяне ўказ № 222 ня тычыцца, але я таксама на мяжы закрыцьця. Няма большай часткі гандляроў — няма і ў мяне пакупнікоў, бо рынак пусты — самі бачыце. Дапрацоўваем апошнія дні і закрываемся. Куды ісьці — невядома. Вакансія вартаўніка — мільён дзьвесьце. Як жыць, калі камуналка падаражэла, усё даражэе? У прамысловасьці тое ж самае, і ўсе разумеюць, што лепш ня будзе. Я такога, як цяпер, у сваім жыцьці яшчэ ня бачыў: здавалася, што ў 90-я было цяжка жыць, але ж не — выявілася, што тады нашмат лепш было. Усё таму, што „памяркоўны беларус“: зь вёскі нешта прывезьлі, на кухнях паабураліся, сабраліся паразмаўлялі — і ўсё. Бо ўсе баяцца — 37 год на двары. Так адкрыта ня кажуць, але так ёсьць».

«Чэрвеньскі рынак»
«Чэрвеньскі рынак»

У цэнтры Менску на гандлёвых пляцоўках больш і наведнікаў, і адчыненых павільёнаў. Так і ў гандлёвым цэнтры «Імпульс» на вуліцы Веры Харужай. Але і тут гандляры скардзяцца на адсутнасьць попыту і прызнаюцца, што вымушаныя працаваць без сэртыфікатаў, бо ня маюць сродкаў да існаваньня. Адстойваць свае правы тут настроеныя больш рашуча. У адрозьненьне ад мінулых гадоў, гандляркі ахвотна выказваюцца пра набалелае.

«Частка людзей ужо гатовыя змагацца, а частку яшчэ не даціснулі, каб цалкам былі гатовыя»

Гандлёвы цэнтар «Імпульс»
Гандлёвы цэнтар «Імпульс»

«У мяне няма дакумэнтаў, працую „на ўласны страх і рызыку“. А што рабіць, калі застаесься бяз сродкаў да існаваньня? У нас шмат моладзі працуе, у сем’ях дзеці, а дзеці — гэта дарагая прыемнасьць. Як іх апранаць, карміць? А яшчэ кажуць — дрэнная дэмаграфічная сытуацыя, нараджайце дзяцей. А як іх гадаваць, дзяржаву ўжо не хвалюе. Таму — з дакумэнтамі, без дакумэнтаў — людзі выходзяць і працуюць. Вядома, баяцца кантрольных органаў, бо калі зловяць, то мала не падасца. І гэта вельмі дрэнна, што людзей змушаюць працаваць з парушэньнямі, бо ў іх няма іншага выйсьця. І паглядзіце: цэнтар гораду, а пакупнікоў — нікога, нікога. Калі за дзень адзінку якую прадасі, то гэта заробак на хлеб-соль. І пры гэтым улады кажуць, што мы „жыруем“! Адна рэч — уверсе размовы размаўляць, а іншая — спусьціцца ўніз і паглядзець, як тут людзі жывуць. Каб плаціць камуналку, якую прапаноўваюць — можа, і трэба яе плаціць, але і заробкі ў людзей тады павінны быць адпаведныя.

Гандлёвы цэнтар «Імпульс»
Гандлёвы цэнтар «Імпульс»

Можна шмат казаць пра карупцыю, якую ўвесь час душаць, а яна ніяк не задушаная. То, пэўна, ня так моцна яе душаць? Паглядзіце, якія катэджы каля Менску ў слугаў народу — за якія грошы яны іх збудавалі? Так нельга, і трэба змагацца, калі кіраўніцтва краіны гэтага не разумее і ня чуе. Мала ўжо засталося да таго, каб людзі былі гатовыя нешта рабіць. Бо частка насельніцтва ўжо гатовая, а частку яшчэ не даціснулі, каб цалкам была ўжо гатовая».

Некаторыя гандляры прадаюць тавары лёгкай прамысловасьці айчыннай вытворчасьці. Але попытам у пакупнікоў яны не карыстаюцца, кажа яшчэ адна прадавачка.

«Калі б нават па адным прадпрыемстве за год мадэрнізавалі, то за гэтыя гады ўжо можна было б і эканоміку рэфармаваць»

Гандлёвы цэнтар «Імпульс»
Гандлёвы цэнтар «Імпульс»

«Я прадаю джынсы, якія шые індывідуальная прадпрымальніца тут, у Беларусі, сукенкі набываю на дзяржаўным прадпрыемстве ў Маладэчне. Але людзі лепш набывалі расейскія тавары — паліто, швэдры, сукенкі. І вельмі абураюцца. Кажуць — аддзяліце ім паўбокса, і няхай прадаюць свае сэртыфікаваныя тавары, а мы будзем набываць у вас без сэртыфікатаў. Бо ў людзей няма грошай набываць нашы дарагія тавары — расейскія таньнейшыя былі нашмат. Колькі год мы працавалі, і ніхто не памёр і не захварэў ад таго, што тавар наш няякасны. А нашы тавары нашмат даражэйшыя, і якасьць у іх ніяк ня лепшая. Але ўрад наш нічога зьмяняць ня хоча: калі б нават па адным прадпрыемстве за год мадэрнізавалі, то за гэтыя гады ўжо можна было б і эканоміку рэфармаваць. І куды яны ўбухваюць грошы, незразумела. А змагацца за гэта заўсёды трэба — а як па-іншаму жыць? У цывілізаваных краінах усе людзі на плошчы выходзяць».

Сталыя індывідуальныя прадпрымальнікі, якія працуюць у сваёй галіне не адзін дзясятак гадоў, кажуць, што дробны бізнэс у Беларусі на мяжы зьнікненьня. У прыватнасьці, мая наступная суразмоўніца заяўляе, што дапрацоўвае апошнія месяцы:

«Да нас ходзяць, як у музэй — паглядзець сабе, бо штосьці набыць людзі ня ў стане»

«Чэрвеньскі рынак»
«Чэрвеньскі рынак»

«Усе стаяць да красавіка, калі нічога ня зьменіцца — мы закрыемся самі. Арэнду, электрычнасьць, камунальныя паслугі, падаткі — мы ўжо аплочваем з уласных кішэняў, бо пакупнікоў няма і нічога не зьмяняецца. Пасьля таго як людзі аплочваюць камунальныя паслугі і іншыя патрэбы — на адзеньне ў іх грошай не застаецца. Да нас ходзяць, як у музэй — паглядзець сабе, бо штосьці набыць яны ня ў стане. Таму да красавіка працуем, а далей — хто куды. Я асабіста зьеду з краіны — тут працаваць нельга ні для кога. А змагацца — трэба, толькі ў нашай краіне гэта невядома чым скончыцца. Бо ў нас правы той, хто мае больш правоў».

Як паведаміў лідэр прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў, на сёньня ў Менску не працуюць такія рынкі, як «Ракаўскі», «Свелта» і некаторыя іншыя. На 80% працуе рынак «Ждановічы», але ў пераважнай бальшыні гандляры ня маюць запатрабаваных сэртыфікатаў. Аляксандар Макаеў мяркуе, што ўлады ня хочуць падштурхоўваць людзей, каб тыя выйшлі на плошчу, і не праводзяць праверак, бо гэта азначае штрафы і канфіскацыю тавараў. Мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў абвешчаны на 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы Менску, ён мае пачацца ў 12.00.

«Чэрвеньскі рынак»
«Чэрвеньскі рынак»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG