Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакумэнты сьведчаць пра супрацоўніцтва Леха Валэнсы са спэцслужбамі. Валэнса гэта абвяргае


Лех Валэнса

Лех Валэнса

Лукаш Каміньскі, кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы, заявіў журналістам, што адшуканыя нядаўна дакумэнты пацьвярджаюць факт тайнага супрацоўніцтва Леха Валэнсы з камуністычнымі спэцслужбамі ў 1970-1976 г.г.

Згаданыя дакумэнты, якія знаходзіліся ў доме ўдавы генэрала Чэслава Кішчака, міністра ўнутраных справаў у Польшчы ў 1980-1990 гг., уключаюць дзьве тэчкі: пэрсанальную тэчку тайнага агента па мянушцы «Болек» і гэтак званую «тэчку працы».

Лех Валэнса 18 лютага абвергнуў наяўнасць дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць яго супрацоўніцтва са спэцслужбамі камуністычнай Польшчы.«Не існуе ніякіх дакумэнтаў з маім подпісам. Калі б былі, то не было б неабходнасьці іх падрабляць. У судзе я гэта дакажу», — напісаў у сваім мікраблогу Лех Валэнса.​

Лукаш Каміньскі заявіў, што, паводле ацэнкі экспэрта-архівіста, выяўленыя дакумэнты — аўтэнтычныя. Сярод гэтых дакумэнтаў знаходзіцца падпісаная Лехам Валэнсам-«Болекам» згода на супрацоўніцтва са службай бясьпекі Польскай Народнай Рэспублікі і квітанцыя на атрыманьне грошай. «Тэчка працы» агента «Болек», удакладніў Лукаш Каміньскі, налічвае 297 старонак, сярод якіх знаходзяцца «шматлікія даносы тайнага супрацоўніка з псэўданімам „Болек“ ды занатоўкі функцыянэраў службы бясьпекі пра сустрэчы з тайным супрацоўнікам „Болекам“».

Да дакумэнтаў далучаны ліст, напісаны рукою Чэслава Кішчака і датаваны красавіком 1996 году, у якім генэрал паведамляе, што дакумэнты датычаць сакрэтнага супрацоўніка па мянушцы «Болек», пад якой працаваў Лех Валэнса. Паводле шэфа Інстытуту нацыянальнай памяці, гэтыя дакумэнты Чэслаў Кішчак хацеў перадаць у архіў, але чамусьці так не зрабіў.

Паводле вэрсіі Інстытуту нацыянальнай памяці, Марыя Кішчак, удава генэрала Чэслава Кішчака, запрапанавала інстытуту продаж гэтых дакумэнтаў за 90 тысяч злотых (23 тысячы даляраў). Марыя Кішчак цьвердзіць, што гэта інстытут запрапанаваў ёй грошы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG