Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС цалкам перайшоў на беларускую мову. Пакуль на адзін дзень


Будынак Міністэрства замежных спраў
Будынак Міністэрства замежных спраў

Сёньняшні брыфінг для журналістаў у Міністэрстве замежных спраў Беларусі меў выразную адметнасьць.

Прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Дзьмітры Мірончык прапанаваў правесьці яго выключна на беларускай мове. Гэтую ініцыятыву ён абгрунтаваў так:

Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

«Прэсавая служба МЗС у сваёй дзейнасьці кіруецца канстытуцыйным прынцыпам дзяржаўнай роўнасьці дзьвюх моў. (Звычайна спадар Мірончык частку паведамленьняў зачытвае на беларускай мове, частку — на расейскай.) Але мы зараз напярэдадні абвешчанага ЮНЭСКО Дня роднай мовы. Таму прапаную сёньня карыстацца беларускай. Тым болей што адно з паведамленьняў, якое мы сёньня зробім, тычыцца гэтай важнай міжнароднай даты».

Афіцыйны прадстаўнік МЗС паведаміў, што 19 лютага ў міністэрстве адбудзецца сьвяткаваньне міжнароднага Дня роднай мовы. Мерапрыемства праводзіцца ў рамках праекту дыялёгу культур, арганізавана яно сумесна зь Дзяржаўным літаратурным музэем Янкі Купалы.

Падчас імпрэзы прагучаць вершы народнага паэта Беларусі, будзе адкрыта выстава графічных працаў «Яна і я», прымеркаваная да 100-годзьдзя вянчаньня песьняра з Уладзіславай Станкевіч. У мерапрыемстве будзе ўдзельнічаць кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў, свой удзел у ім таксама пацьвердзілі кіраўнікі шэрагу замежных дыпляматычных місіяў, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.

Карэспандэнт Свабоды папрасіў спадара Мірончыка распавесьці пра сьвяткаваньне больш падрабязна. Прэсавы сакратар адказаў, што прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі будуць запрошаныя для асьвятленьня падзеі. І дадаў: «Я спадзяюся, што мы здолеем вас крышачку зьдзівіць».

Журналісты задалі спадару Мірончыку тры пытаньні. І хоць два зь іх прагучалі на расейскай мове, прэсавы сакратар на ўсе тры адказаў па-беларуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG