Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аплата за экзамэн у ДАІ вырасла ў 10 разоў


Новыя тарыфы будуць дзейнічаць у Беларусі з 19 лютага. Такая інфармацыя разьмешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе агенцтва БелТА.

За прыём тэарэтычнага кваліфікацыйнага экзамэну на права кіраваньня мэханічным транспартным сродкам плата складзе 0,3 базавай велічыні (раней 0,05), практычнага кваліфікацыйнага экзамэну на права кіраваньня матацыклам — 0,7 базавай велічыні (раней 0,05), іншым мэханічным транспартным сродкам, за выключэньнем мапэда, — 1 базавая велічыня (раней 0,1). Выдача новага талёна да вадзіцельскага пасьведчаньня абыдзецца ў 0,5 базавай велічыні (раней 0,05).
Памер базавай велічыні ў Рэспубліцы Беларусь ад 1 студзеня сёлета — 210 тысяч рублёў.

Акрамя таго, павялічаны памер дзяржаўнай пошліны, якая спаганяецца за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.

Цяпер 6 базавых велічынь давядзецца заплаціць за легкавы аўтамабіль з дазволенай максымальнай масай больш за 1,5 т, але ня больш за 2 т, 8 базавых — за легкавы аўтамабіль з дазволенай максымальнай масай больш за 2 т, але ня больш за 3 т, грузавы аўтамабіль, аўтамабіль-цягач і грузапасажырскі аўтамабіль з дазволенай максымальнай вагой ня больш за 2,5 т.

Плата памерам 11 базавых будзе брацца за легкавы аўтамабіль з дазволенай максымальнай масай больш за 3 т, прычэп з дазволенай максымальнай масай больш за 0,75 т, а 12 базавых — за аўтобус з колькасьцю пасадачных месцаў да 20 ўключна.

Дзяржаўная пошліна за выдачу дазволу на допуск выплачваецца па стаўцы, паніжанай на каэфіцыент 0,5, для транспартнага сродку, уласьнікам якога зьяўляецца вэтэран Вялікай Айчыннай вайны, інвалід I або II групы, пры наяўнасьці мэдычнай даведкі аб стане здароўя, якая пацьвярджае яго прыдатнасьць да кіраваньня.

Адпаведны ўказ Аляксандра Лукашэнкі ад 15 лютага 2016 году № 53 уступае ў сілу 19 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG