Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Расея пазытыўна прарэагавала на скасаваньне Эўразьвязам санкцыяў адносна Беларусі?


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Пасьля скасаваньня санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі ўпершыню ў гісторыі адносіны Беларусі з ЭЗ сталі лепшыя, чым дачыненьні Расеі з ЭЗ. Супраць Расеі санкцыі ёсьць, а адносна Беларусі — няма. І лягічна ўзьнікала пытаньне, як прарэагуе на гэта Масква. Высьвятляецца, што даволі спакойна і нават пазытыўна.

Фэдэральныя расейскія мэдыі, хутчэй, станоўча ацанілі гэты крок ЭЗ. І, мусіць, такі тон вызначаецца тэзай, якая гучала ў мэдыях. Маўляў, вось Лукашэнка праявіў цьвёрдасьць і непахіснасьць у адносінах з Захадам, нічога не саступіў, а прымусіў іх ісьці на саступкі. У выніку перамог. Сэнс такі, што, маўляў, і Расеі трэба таксама праявіць цьвёрдасьць, і тады будзе перамога. Такія высновы робяць зь беларускага досьведу.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што «мы вельмі пазытыўна гэта ўспрымаем». «Гэты крок лішні раз паказвае абсалютную бессэнсоўнасьць санкцыяў, беспэрспэктыўнасьць працягу санкцыйнага дыялёгу... санкцыйнага мысьленьня», — сказаў Пяскоў

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Сапраўды, цягам усяго часу існаваньня санкцыяў адносна Беларусі Расея выступала супраць гэтага. Часам яна нават прызнавала, што ў Беларусі ёсьць праблемы з дэмакратыяй, але цьвердзіла, што нельга іх вырашаць мэтадам санкцыяў. Таму цяпер, калі санкцыі адмененыя, з боку афіцыйнай Масквы было б нелягічна на гэта рэагаваць адмоўна. Бо тады выразна была б відаць непасьлядоўнасьць.

Яшчэ цікавы момант. Розныя афіцыйныя асобы Расеі раней, і вось цяпер Пяскоў, акцэнтуюць увагу на бессэнсоўнасьці санкцыяў, на заганах санкцыйнага мысьленьня ў палітыцы Захаду. Але сама Расея актыўна выкарыстоўвае санкцыі і супраць ЭЗ, і Турэччыны, і вось цяпер Украіны. Відавочная непасьлядоўнасьць.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Хачу прыгадаць, што ў кастрычніку, калі санкцыі былі толькі прыпыненыя на 4 месяцы, была заява міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, які тады выразна казаў: мы вітаем гэтую меру, мы заўсёды на міжнародных форумах абаранялі Беларусь і выступалі супраць санкцыяў. Таму пазыцыя Расеі дастаткова пасьлядоўная. Тады расейскі дэпутат, кіраўнік думскай камісіі Аляксей Пушкоў пісаў, што гэта кепска для Расеі. Але пакуль такія галасы не гучаць, гучыць стрымана станоўчая ацэнка. Вось калі прааналізаваць словы Пяскова, то ён сам па сабе гэты факт не ахарактарызаваў, а толькі прывёў як прыклад бессэнсоўнасьці санкцыйнага падыходу. Галоднай куме ўсё хлеб наўме. Расея думае пра сябе, разглядае гэта як прэцэдэнт саступак. Нібыта Беларусь атрымала гэта, не асабліва саступіўшы, вось і нас гэта павінна натхняць. А збліжэньне Беларусі з Захадам пакуль выносіцца за дужкі.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Нэгатыўна адрэагаваць Масква і дзяржаўныя СМІ не маглі. Гэта было б занадта недыпляматычна. Магчыма, такія заявы прагучаць з вуснаў дзеячаў шавіністычна-радыкальнай плыні. Падкрэсьліваю, што цяпер мы маем гістарычны момант. Афіцыйная Масква пад санкцыямі, Менск — не. Як казаў Лукашэнка на адной сустрэчы з Пуціным, я ўжо даўно не апошні дыктатар у Эўропе, вы ўжо мяне, Уладзімер Уладзімеравіч, «перадыктатарылі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG