Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка 16 лютага чарговым разам выказаўся пра крызіс і рэформы. На адмысловай нарадзе абмяркоўваліся пакет рашэньняў, якія прапаноўваў урад. «Пры гэтым хачу падкрэсьліць: усялякія размовы, якія, прабачце мяне, ператварыліся ў балбатню, наконт нейкага крызісу непрымальныя! Ніякага крызісу няма, крызіс у нас у галаве!»

«Зьмяніліся ўмовы, па асобных напрамках зьмяніліся істотна. Ну і што? Гэта што, упершыню ў нашай гісторыі?! І ня толькі нашай. Мы ведаем, як працаваць у гэтых умовах, як на іх рэагаваць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра рэформы, Лукашэнка выказаўся таксама вельмі канкрэтна і выразна. «І мне вашы рэформы зусім не патрэбныя, тыя, якія вы прапануеце! Мы павінны стварыць нармальнае жыцьцё для людзей, функцыянаваньня дзяржавы і нашага грамадзтва — вось што трэба. А то замест хлеба хочаце людзям даць нейкую рэформу!» — сказаў Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да ўраду.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Ці будуць хаця б не радыкальныя, але прыкметныя, істотныя эканамічныя рэформы — пра гэта шмат разважалі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Але вось ужо амаль шэсьць месяцаў запар Аляксандар Лукашэнка адказвае і крытыкам, і аналітыкам — рэформаў ня будзе. І мне, напрыклад, даволі дзіўна, што многія людзі яму дагэтуль ня вераць.

Кіраўнік Беларусі сапраўды максымальна прыхільны да той эканамічнай мадэлі, якую сам і пабудаваў і якая з тымі ці іншымі нязначнымі зьменамі існуе вось ужо 20 гадоў. Прыхільны як з палітычных прычын, гэтак і з індывідуальных, эмацыйных — відавочна, што менавіта гэтая мадэль здаецца яму больш правільнай і справядлівай. І нават тое, што цяпер гэтая мадэль відавочна адмірае, ужо ня можа задаволіць ранейшыя патрэбы грамадзянаў, Лукашэнку не прымушае павярнуць у іншы бок. Бо там, «у іншым баку» — невядомасьць, небясьпека і рызыка, а тут усё больш-менш зразумела і звыкла. Можна працягваць раздаваць заданьні, кіраваць адміністрацыйнымі мэтадамі.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Я цалкам нязгодны ў тым, што гэта сапраўдная пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі. Справа ў тым, што ён казаў пра тое, што крызісу няма, заўсёды — і калі рубель быў у свабодным падзеньні, і цяпер, калі проста паводле азначэньня крызіс ёсьць. Зьніжаецца ВУП, рэальныя заробкі, расьце беспрацоўе. Але ён не прафэсар. Ён палітык, ён працуе са сваім выбаршчыкам, ён працуе ў эмацыйным ключы. Ён нібыта заклінальнік зьмеяў — супакойвае людзей, спрабуе ўсяліць у іх упэўненасьць, што, дарэчы, фактар і эканамічны. Як мы памятаем знакамітую фразу Рузвэльта, мы не павінны нічога баяцца, акрамя нашага страху. Аляксандар Лукашэнка, вядома, ня Рузвэльт. Але ён працуе так: няма і няма. Была два тыдні таму такая самая нарада, і Лукашэнка казаў тое самае: што вы мне падкідаеце гэтыя паганыя рэформы? Перад ім сядзелі ўрадоўцы, прызначаныя ім. Гэта не сытуацыя Францыі, Украіны, дзе парлямэнт павінен гэта вырашаць. Гэтыя людзі сядзяць і ківаюць яму, як кітайскія балванчыкі. А потым зноў прыносяць тыя самыя прапановы аб рэформах. Гэта нейкі абсурд, спэктакль.

Цыганкоў: За 6 месяцаў пасьля выбараў ці можна назваць якоесьці эканамічнае рашэньне, якое было б падобнае да рэформаў? Багданкевіч, Чубрык казалі яшчэ ў канцы кастрычніка, што Лукашэнка пойдзе на рэформы, будзе вымушаны. А цяпер даюць расчараваныя інтэрвію і кажуць, што нічога ня зроблена.

Дракахруст: Цяперашнія заявы Лукашэнкі не азначаюць, што нічога зроблена ня будзе.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Дасюль Лукашэнка казаў, што крызіс ня наш — гэта крызіс вонкавы. Цяпер ён кажа «крызісу няма», але сэнс гэтай заявы ў тым, калі глядзець на кантэкст, што дырэктарат, спасылаючыся на крызіс, нічога ня хоча рабіць. Падштурхоўваючы яго, ён кажа, што забудзьцеся пра крызіс і больш актыўна праяўляйце ініцыятыву.

Элемэнт таннага папулізму тут прысутнічае. Вось заяўляе, што не дазволю адбіраць грошы ў людзей, а людзям ужо прыйшлі жыроўкі з значна павышанымі камунальнымі тарыфамі. Не магу адступіць ад перадвыбарчых абяцаньняў, кажа Лукашэнка. Але ягоная перадвыбарчая праграма пустая, там у асноўным агульныя фразы, якіх ніхто ня памятае і якія можна трактаваць як заўгодна.

І зноў каторы раз спрачаецца з чыноўнікамі, з урадам, які, як можна зразумець, прапануе яму рэформы. Ствараецца ўражаньне, што гэтая спрэчка бясконцая, цягнецца ўжо пяць месяцаў і канца ёй няма. Можа, так уголас Лукашэнка спрачаецца сам з сабой?

Галоўны спосаб вырашэньня эканамічных праблемаў не мяняецца 20 гадоў. Яго можна выразіць фразай зь вядомага анэкдоту: што тут думаць, трэсьці трэба. Маўляў, трэба проста загрузіць дырэктарат і вэртыкаль задачамі, зьнізіць сабекошт прадукцыі на 25%, расьпісаць заданьне стварыць 50 тыс. працоўных месцаў — і трэсьці. І няважна, што гэта не дае эфэкту.

Лукашэнка адзначыў, што калі яны не гатовыя нас слухаць, то мы можам пачакаць. З рэплік Лукашэнкі вынікае, што ў перамовах з МВФ ёсьць праблемы.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG