Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хачу фінансаваць рэжым». Актывісты і прадпрымальнікі пратэстуюць, улады даюць штрафы за тое, за што раней саджалі


Акцыя салідарнасьці з прадпрымальнікамі 18 студзеня

Акцыя салідарнасьці з прадпрымальнікамі 18 студзеня

У Маскоўскім судзе Менску адбыліся працэсы над прадпрымальніцай Ірынай Яскевіч зь Віцебску і старшынём АГП Анатолем Лябедзькам за акцыю 18 студзеня на плошчы Незалежнасьці. Завочна таксама асуджаныя да штрафаў актывісты Артур Адамян і Ніна Багінская.

Прадпрымальніцу зь Віцебску судзілі ўпершыню ў жыцьці. «Цяпер я ведаю, як праходзяць такія працэсы за вулічныя акцыі», — сказала пасьля суду Ірына Яскевіч. Што ўбачыў і пачуў на судзе над Ірынай Яскевіч карэспандэнт Свабоды?

Паводле міліцэйскага пратаколу, Ірына Яскевіч 18 студзеня 2016 году ўдзельнічала ў несанкцыянаванай акцыі, што выявілася ў дэманстрацыі ёю плякату «Я — ІП» і выкрыкваньні лёзунгу «Жыве Беларусь!».

«Гэта хлусьня!», — пачала абараняцца Ірына Яскевіч і цалкам не прызнала сваёй віны.

«Так, я знаходзілася на плошчы, але была там, каб перадаць зварот памочніку Лукашэнкі. Аднесла зварот у аддзел падачы дакумэнтаў па адрасе — вуліца Савецкая, 9. Мяне для гэтага ўпаўнаважыў сход прадпрымальнікаў Віцебску», — тлумачыла прадпрымальніца.

Суду яна даводзіла, што лёзунг «Жыве Беларусь!» на плошчы не выкрыквала, маўляў, гэта ёй не ўласьціва, хоць прызнавала, што «часам вельмі хочацца выкрыкнуць такія словы».

Тры сьведкі-міліцыянты, аднак, паказалі, што прадпрымальніца выкрыквала «Жыве Беларусь!», ды яшчэ і трымала ў руках аркуш паперы са словамі «Я — ІП». Маўляў, вось і прыкмета ўдзелу ў акцыі.

Ад прыналежнасьці да ІП Ірына Яскевіч не адмаўлялася. «Так, трымала такі аркуш, але што тут такога? А калі б я са сваім прозьвішчам стаяла ў аэрапорце, гэта таксама было б парушэньне? А каб аднесьці зварот, трэба штраф адразу заплаціць?» — абуралася жанчына.

Ірына Яскевіч

Ірына Яскевіч

Асобныя спрэчкі паміж ёй і сьведкамі-міліцыянтамі ўзьніклі наконт пратаколу. Ірына Яскевіч даказвала, што пры ёй пратакол аб яе парушэньні не складалі, ёй на подпіс не прапаноўвалі, і таму яна не магла адмовіцца ад подпісу, як напісана ў міліцэйскім дакумэнце. Участковы інспэктар міліцыі Віталь Рабека даводзіў адваротнае. Ягоныя калегі сьведкі Сьмірноў і Данчанка таксама настойвалі на тым, што пратакол адпавядаў рэчаіснасьці.

«Як вам ня сорамна! Хай гэта застанецца на вашым сумленьні», — скончыла спрэчку зь міліцыянтамі Ірына Яскевіч.

Таксама прадпрымальніца абурылася тым, што ў сьведках падзеяў на плошчы, паводле пратаколу, аказаліся не звычайныя мінакі, а толькі міліцыянты.

«Я супроць такога суду», — спрабавала спыніць працэс Ірына Яскевіч.

Судзьдзя Тацяна Матыль выслухала прадпрымальніцу, задаволіла два яе хадайніцтвы, але ў выніку пакарала штрафам у 25 базавых велічынь.

«Чакала 20, як усім навічкам. За што яшчэ 5?» — дзівілася пасьля суду Ірына Яскевіч.

Анатоль Лябедзька на акцыі салідарнасьці з прадпрымальнікамі

Анатоль Лябедзька на акцыі салідарнасьці з прадпрымальнікамі

У той жа час у Маскоўскім судзе за тую ж акцыю 18 студзеня прысудзілі штраф старшыні АГП Анатолю Лябедзьку. Працэс праходзіў паводле сталага сцэнара: адвод суду — тлумачэньні — сьведкі-міліцыянты — штраф 50 базавых велічынь. Падобных пакараньняў старшыня АГП атрымаў ужо некалькі з пачатку году.

Праўда, сёньня палітык дазволіў сабе невялікую імправізацыю. Папрасіў суд даць яму ня штраф, а адміністрацыйны арышт. «Не хачу фінансаваць рэжым», — заявіў судзьдзі Аляксандру Петрашу Анатоль Лябедзька. Не атрымалася.

«Гэта яшчэ адна праверка самастойнасьці судзьдзяў», — сказаў спадар Лябедзька па выхадзе з працэсу.

Актывісты Артур Адамян і Ніна Багінская ў суд не зьявіліся, іх судзілі завочна. Актывіст Артур Адамян, які 18 студзеня быў на плошчы Незалежнасьці з плякатам у падтрымку прадпрымальнікаў, атрымаў штраф 20 базавых велічынь. Пэнсіянэрка Ніна Багінская, якая прыйшла на акцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам, аштрафаваная на 35 базавых велічынь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG