Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найперш трэба пазбавіцца ад шматлікіх прыпісак.

Пра гэта гаворыцца ў спэцыяльнай заяве грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якая агучана 17 лютага. У ёй ў прыватнасьці адзначаецца:

«Дзяржкантроль Рэспублікі Беларусь ня раз паведамляў, што сабекошт камунальных паслуг многімі прадпрыемствамі ЖКГ штучна завышаецца: толькі ў мінулым годзе кантралёры зафіксавалі 1,5 трыльёна рублёў прыпісак!

Паводле афіцыйных дадзеных, марнатраўства ў сыстэме ЖКГ можа займаць да паловы сабекошту яе паслуг. І калі неабгрунтаваныя марнаваньні прыбраць, то ўжо сёньня (гаворка ідзе пра жыроўкі да студзеньскага павышэньня) атрымаецца: грамадзяне плацяць ня чвэрць ад таго, што трэба плаціць, а як мінімум палову».

«Гавары праўду» выступае за справядлівае рашэньне праблем у галіне ЖКГ:

«Па-першае, неабходна зрабіць так, каб усе разьлікі па жыллёва-камунальных паслугах былі празрыстымі для грамадзян. Пачынаючы ад фармаваньня тарыфаў і заканчваючы дыфэрэнцыяваным падыходам да аплаты камунальных паслуг, зыходзячы з стану кожнага дома.

Па-другое, аказаньне паслуг у жыллёва-камунальнай сфэры неабходна перавесьці на канкурэнтную аснову, каб грамадзяне маглі выбіраць, каму яны гатовыя плаціць: дзяржаўнай установе або прыватнай фірме. Гэта дазволіць зьнізіць цэны тых паслуг, якія сёньня аказваюцца дзяржавай па завышанай цане.

Па-трэцяе, патрэбна распрацаваць эфэктыўную сыстэму адраснай дапамогі маламаёмным і грамадзянам, якія страцілі працу».

Акрамя таго, грамадзянская кампанія лічыць няправільным крокам, калі павышэньне паслуг ЖКГ адбываецца на тле зьніжэньня рэальнай заработнай платы і пэнсій. Таму «Гавары праўду» заклікае ўлады спыніць эканамічна неабгрунтаваны, несправядлівы рост тарыфаў. Павышаць тарыфы можна толькі тады, калі будзе адчувальны рост даходаў у насельніцтва.

Уладзімер Глод, Менск

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG