Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыцкі «русіч» любіць нацысцкія салюты, «Наваросію» і вучыць дзяцей


Марозаў праводзіць «ваенна-патрыятычныя» заняткі зь дзецьмі ў 10-й Рэчыцкай школе.

Марозаў праводзіць «ваенна-патрыятычныя» заняткі зь дзецьмі ў 10-й Рэчыцкай школе.

У рэдакцыю газэты «Наша Ніва» прыйшоў ліст ад жыхара Рэчыцы, які паведаміў, што нядаўна мясцовыя ўлады зарэгістравалі страйкбольны клюб «Русіч», кіраўнік якога, Дзьмітры Марозаў, не хавае сваёй прыхільнасьці да ідэй гэтак званага «рускага сьвету».

Са старонкі Марозава «УКантакце» вынікае, што той сапраўды захапляецца дзеяньнямі баявікоў так званай «Наваросіі». Ён нават піша, што ягоны брат ваюе на Данбасе.

Таксама кіраўнік страйкбольнага клюбу «Русіч» выкладае ў інтэрнэт свае фотаздымкі з нацысцкім салютам.

Марозаў праводзіць «ваенна-патрыятычныя» заняткі зь дзецьмі, у прыватнасьці ў 10-й Рэчыцкай школе, пра што ўхвальна напісала раённая дзяржаўная газэта.

Як такі клюб, з такім камандзірам, мог атрымаць афіцыйную дзяржаўную рэгістрацыю? З такім пытаньнем карэспандэнт «Нашай Нівы» зьвярнуўся да намесьніка кіраўніка аддзелу спорту і турызму Рэчыцкага райвыканкаму Аляксандра Горбача.

«У дадзены момант мы адсочваем клюб, вядзецца пэўная работа і ўсё гэта будзе спынена. Ідэя патрыятычнага выхаваньня ня ў гэтым», — цытуе Горбача газэта.

Чыноўнік сказаў, што ўжо некаторы час адсочвае старонку гэтага клюбу ў інтэрнэце: «У такіх пытаньнях трэба працаваць на апярэджваньне, мы гэтым цяпер займаемся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG