Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў заўважыў, што блякіроўка Rutracker не працуе, і пабачыў «пірацкага» Ды Капрыё


Дзьмітрый Мядзьведзеў глядзіць у iPad (ілюстрацыйнае фота)

Дзьмітрый Мядзьведзеў глядзіць у iPad (ілюстрацыйнае фота)

Расейскі прэм’ер зайшоў на гэты заблякаваны паводле рашэньня суду сайт са свайго асабістага iPad.

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў на пасяджэньні ўрадавага савету па кіно пабачыў, што яму даступны сайт Rutracker, нягледзячы на «вечнае» блякаваньне гэтага сайта ў Расеі. Пра гэта расейскаму выданьню «Ведомости» распавялі некалькі ўдзельнікаў нарады.

Вось у нас у Расеі заблякаваны навечна Rutracker, і ўсё роўна сайт даступны

Мядзьведзеў зайшоў на Rutracker пасьля выступу генэральнага дырэктара расейскага «Першага каналу» Канстанціна Эрнста, які заявіў, што цяперашнія мэханізмы барацьбы з інтэрнэт-пірацтвам у Расеі не працуюць. «Вось у нас у Расеі заблякаваны навечна Rutracker, і ўсё роўна сайт даступны,» — сказаў Эрнст.

Мядзьведзеў вырашыў пераканацца ў гэтым сам і зайшоў на Rutracker з асабістага iPad. Ніякіх абмежаваньняў пры гэтым расейскі прэм’ер не пабачыў і знайшоў на першай старонцы сайта нелегальную копію фільма «Зь мёртвых паўсталы» (Revenant, Выживший) зь Леанарда Ды Капрыё ў галоўнай ролі.

Ну і як жа ваш „Роскомнадзор“ гэта блякуе?

«Ну і як жа ваш „Роскомнадзор“ гэта блякуе?» — спытаў Мядзьведзеў у прысутнага на нарадзе міністра сувязі Мікалая Нікіфарава («Роскомнадзор» знаходзіцца ў яго падначаленьні). Як пішуць «Ведомости» са спасылкай на ўдзельнікаў паседжаньня, міністар адказаў, што з уласнага смартфона на Rutracker зайсьці не можа, і спаслаўся на «асаблівасьці сувязі» у прэм’ер-міністра. Але Мядзведзеў парыраваў, паказаўшы, што яго iPad ў гэты момант быў падлучаны да агульнай Wi-Fi-сеткі Ўсерасейскага дзяржаўнага інстытуту кінэматаграфіі (нарада праходзіла ў будынку гэтага інстытуту). Нікіфараў паабяцаў разабрацца ў сытуацыі.

Прадстаўнік «Роскомнадзору» пакуль не пракамэнтаваў сытуацыю.

Торэнт-трэкер Rutracker быў заблякаваны «навечна» рашэньнем Маскоўскага гарадзкога суду па паўторным пазове кнігавыдавецкай кампаніі «Эксмо», якая выявіла на сайце пірацкія копіі кніг сваіх аўтараў. У канцы студзеня «Роскомнадзор» унёс сайт у рэестар забароненых у Расеі і празь дзень паведаміў, што доступ да Rutracker быў заблякаваны 94% правайдэраў краіны.

На мінулым тыдні кіраўнік «Роскомнадзору» Аляксандр Жараў заявіў, што блякіроўка вельмі эфэктыўная, трафік Rurtacker зьнізіўся на 75%, і сайту засталося жыць некалькі месяцаў. Аднак паводле дадзеных статыстычнага рэсурсу LiveInternet, сукупная аўдыторыя сайта з моманту блякавання па ўчорашні дзень зьнізілася толькі на траціну, да 732 000 унікальных карыстальнікаў у суткі.

XS
SM
MD
LG