Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы знайшлі дакумэнты пра меркаванае супрацоўніцтва Валэнсы з камуністычнымі спэцслужбамі


Лех Валэнса і Чэслаў Кішчак

Лех Валэнса і Чэслаў Кішчак

Інстытут нацыянальнай памяці ў Польшчы заявіў, што знайшліся невядомыя дагэтуль дакумэнты, якія датычаць тайнага супрацоўніка камуністычнай службы бясьпекі па мянушцы «Болек».

Лукаш Камінскі, старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці, паведаміў журналістам, што ўдава генэрала Чэслава Кішчака, міністра ўнутраных справаў у Польшчы ў 1980-1990 гг., прапанавала Інстытуту продаж гэтых дакумэнтаў.

Некаторыя былыя паплечнікі Леха Валэнсы лічаць, што «Болек» быў якраз псэўданімам Леха Валэнсы, які, паводле іх, быў агентам камуністычнай службай бясьпекі у першай палове 1970-х гадоў.

Да гэтай пары меркавалася, што пэрсанальная тэчка «Болека» была хутчэй за ўсё зьнішчаная пасьля зьмены палітычнай сыстэмы ў Польшчы, якая наступіла ў 1989 годзе. Паведамленьне Інстытуту нацыянальнай памяці аб знаходцы дакумэнтаў датычных «Болека» ажывіла надзею, што пэрсанальная справа гэтага тайнага супрацоўніка была ўсё ж захаваная генэралам Чэславам Кішчакам, які памёр у 2015 годзе. Лукаш Камінскі ў сваім паведамленьні не ўдакладніў, якія менавіта дакумэнты сталі цяпер даступнымі дасьледнікам з Інстытуту нацыянальнай памяці.

Лех Валэнса, які паводле ягонай жонкі цяпер знаходзіцца ў ЗША, пракамэнтаваў у сацыяльных сетках паведамленьне аб знаходцы дакумэнтаў, якія датычаць нібыта ягонай агентурнай дзейнасьці ў камуністычную эпоху, наступным чынам:

«Яны змагаюцца, нават трупам Кішчака. Дробныя людзі, пераможцаў ня судзяць. Хлусьнёй і падробкамі вам ня ўдасца зьмяніць рэальныя факты».

У 2000 годзе люстрацыйны суд у Варшаве пацьвердзіў правамоцным рашэньнем, што Лех Валэнса склаў праўдзівую люстрацыйную дэклярацыю, у якой адмовіў факт супрацоўніцтва з камуністычнымі спэцслужбамі. Тым ня менш абвінавачаньні былога лідэра «Салідарнасьці» і прэзыдэнта Польшчы ў супрацоўніцтве з тайнымі камуністычнымі службамі неаднаразова ўсплывалі ў публічным жыцьці Польшчы і пасьля гэтага судовага рашэньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG